НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Сустракаю сваю суразмоўцу каля калодзежа, з якога яна загарнула вядро вады. Крыху адпіла і задаволена сказала:
– Бадай, няма смачнейшай вады, чым на роднай зямлі. Быццам у дзяцінства вярнулася.
Тамара Штанько (у дзявоцтве Савічава) 53 гады таму паехала з роднай вёскі Сямігосцічы, але дагэтуль лічыць яе сваім домам.
– Калі мае знаёмыя пытаюць, куды я еду, адказваю ім: «Дадому». Я ж не скажу, што ў Беларусь ці ў госці. Дадому і кропка. На жаль, няма бацькоўскай хаты. Тады зняслі, бо старая была, а зараз шкадую, хай бы была… Родныя, канечне, дадуць прытулак, але ж так хочацца прайсціся па каморы, у якой дзялілася першымі сакрэтамі з сяброўкай. Альбо выйсці на ганак, з якога рушыла ў дарослае жыццё. А гэтага няма. Таму ўсім раю — не прадавайце бацькоўскія хаты. Паверце, чым сталей будзеце, тым часцей захочацца там пабываць.
– А ці не страшна было пакідаць родныя сцены, вёску і ехаць далёка?
– Добра ведаю, што тады вада была паўсюль і мяне на лодцы везлі ў Мікашэвічы, каб там сесці на цягнік. Брат Васіль, які кіраваў лодкай, прасіў мяне быць пільнай па дарозе. На беразе мне махала рукой на развітанне сяброўка і аднакласніца Марыя Траццякевіч. А я думала пра сябе, што хутка абавязкова вярнуся.
Тамара трымала шлях да другога брата Аляксандра, які жыў у Паўлавым Пасадзе і працаваў геолагам. Калі існаваў СССР, моладзь з вёсак спакойна раз’язджалася па ўсіх краінах саюза. Тамара спачатку хацела ўладкавацца ў родным раёне, але яе, як непаўналетнюю, не хацелі браць. А дома сядзець яна не магла, таму рушыла ў далёкую дарогу.
– Гэта зараз ёсць сродкі сувязі розныя, навігатры, а тады толькі праз пісьмы сувязь падтрымлівалі. Тэлефонаў не было, 1971 год на двары. Але мы не баяліся, усе самастойныя былі, смелыя.
Дзяўчына з Палесся хутка знайшла работу – уладкавалася працаваць на шоўкаткацкую фабрыку імя Свярдлова, адну з буйнешых ва ўсім СССР. На ёй вырабляліся шторы для Дзяржаўнага Крамлёўскага Палаца, таму кантроль якасці быў вялікі. Тамара закончыла курсы ў Маскве і стала працаваць аператарам снавальнага абсталявання. Там жа сустрэла і свайго будучага мужа Генадзя, які быў электраманцёрам. Настойлівы юнак не-не ды і падыйдзе да станка Тамары. Хутка дзяўчына здалася пад націскам, і маладыя пачалі дамаўляцца пра вяселле. На радзіму да нявесты паехалі знаёміцца ўлетку, калі не было павадку.
– Маці доўга разглядала майго жаніха, шукала заганы, – расказвае жанчына. – Хутчэй за ўсё, думаю, адпускаць не хацела. Я ж адна дачка, а перада мной тры браты. А вось бацьку спадабаўся Генадзь, толькі наказаў, каб абараняў мяне і не крыўдзіў.
Мой бацька таксама рускі быў, з Пермскага краю. Ваяваў на Вялікай Айчыннай вайне з жыхаром з Сямігосціч, які і прапанаваў прыехаць у госці. Бацька прыехаў і застаўся, пазнаёміўся з маці і пабудаваў сям’ю. Хоць і беднае, але шчаслівае дзяцінства прыгадваю. Дагэтуль памятаю, як ён нас клікаў, каб беглі спаць.
А мы хаваліся, бо зусім не хацелі. Як даўно гэта было, – жанчына усміхнулася, а потым сумна ўздыхнула.
Праз некаторы час Тамара і Генадзь ажаніліся. Маладым спачатку далі пакой, а праз некаторы час – кватэру. Шчасцю не было межаў. Нарадзіліся два сыны і дачка. Зарплаты былі годныя, таму людзі былі задаволены.
Крызіс на фабрыцы, як і ва ўсёй краіне, пачаўся тады, калі перастаў існаваць СССР. Усё, што вырабляў завод і што пастаўлялася ў замежжа, стала раптам непатрэбным. Заработная плата не плацілася па некалькі месяцаў. Тут прапанавалі іншую работу, пакаёўкай у гасцініцы «Залатое кальцо», якая знаходзіцца там і зараз.
– Лічу, што мне вельмі пашанцавала, паколькі большасць маіх калег засталася, доўгі час не працавалі, – узгадвае Тамара Пятроўна. – На работу мне патрэбна было дабірацца за 55 кіламетраў, але хутка звыкла. Пакуль рабіла ў гасцініцы, бачыла многіх зорак, якія там спыняліся – Алу Пугачову, Філіпа Кіркорава, Леаніда Агуціна, Ігара Мікалаева і іншых. У жыцці зусім простыя і сціплыя людзі.
Адпрацаваўшы дзевяць гадоў, Тамара Штанько перайшла працаваць на адзін з самых старэйшых заводаў Цэнтральнай Расіі — металургічны завод «Серп і Молат». Па стану здароўя была вымушана пакінуць яго. Потым некаторы час была вартаўніком у гістарычным музеіі Паўлавага Пасада. І зараз, нягледзячы, што знаходзіцца на заслужаным адпачынку, працуе кансьержкай у адным з новых шматпавярховых дамоў.
– Мне падабаецца быць сярод людзей, я з імі ў добрых адносінах. Беларусы і рускія, насамрэч, адзін народ, таму яны адносяцца да нас, як да сваіх далёкіх родных. А яшчэ захапляюцца кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Кажуць, каб мы бераглі ўладу. Кожны раз са смуткам пакідаю родную вёску. Але радуюся, калі бачу, як яна мяняецца ў лепшы бок: будуюцца дарогі, дамы, на вуліцы часта відаць маладыя сем’і. І гэта самае галоўнае. Таму пакідаю сваю вёску і краіну ў надзеных руках.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Маленькие интересные факты про сон
Гороскоп на 23 октября
Гороскоп на 22 октября 

Оставить комментарий

Похожие новости