У кожнага чалавека свае каштоўнасці. Хтосьці імкнецца зрабіць паспяховую кар’еру, хтосьці здзейсніць кругасветнае падарожжа і пабываць у іншых краінах.
А для Ірыны Кажаноўскай з аграгарадка Альшаны заўсёды ў прыярытэце была сям’я. У мінулым годзе яна атрымала галоўную ўзнагароду для жанчыны – ордэн Маці.
З мужам Аляксандрам ужо 20 гадоў крочаць разам. Ён родам з Веляміч, дзе маладая сям’я жыла два гады. А потым усё ж вырашылі вярнуцца на радзіму жонкі. Узялі крэдыт і пачалі будаваць свой дом. Самі таксама працавалі, трымалі гаспадарку і ўчасткі. І вось ужо восем гадоў прайшло з таго моманту, як адзначылі наваселле.
Першай у сям’і Кажаноўскіх нарадзілася дачка Яніна. Зараз яна навучэнка Бабруйскага дзяржаўнага каледжа, атрымлівае педагагічную спецыяльнасць – настаўніка пачатковых класаў. Вернецца ў родны аграгарадок альбо будзе ўладкоўвацца ў іншым месцы – пакуль не ведае. У 8-ы клас ходзіць другая дачка Вераніка. Таксама будзе спрабаваць паступаць пасля атрымання базавай адукацыі, але яшчэ канчаткова не вызначылася з прафесіяй.
Далей нарадзіліся два хлопцы Мікіта і Дзмітрый, якім зараз 10 і 9 гадоў адпаведна. Калі старэйшы – галоўны бацькаў памочнік, сур’ёзны і адказны, то другі – весялун, любіць пажартаваць.
А самая малодшая ў сям’і – двухгадовая Эмілія, агульная любіміца. Гаваркая дзяўчынка ладзіць як са старэйшымі сёстрамі, так і з братамі, умее дамаўляцца, асабліва што тычыцца розных прысмакаў.
Ірына разам з мужам выхоўваюць у сваіх дзецях такія якасці, як дабрыня, спагадлівасць і чэснасць. Але ўпэнены: што б ні казалі дзецям, галоўны прыклад яны паказваюць самі. Таму ніколі не чуваць у доме дрэнных слоў, толькі любоў і павага пануе.
– Вось ужо 20 гадоў мы разам. Але зусім не верыцца, здаецца, як адно імгненне праляцела. Бывае, сядзем з мужам на кухні і абмяркоўваем планы на будучыню. Вось неўзабаве трэба ўжо думаць пра пасаг для старэйшай дачкі (смяецца). Мы заўсёды імкнёмся слухаць адзін аднаго. Дзесьці я ўступлю, дзесьці муж. На мой погляд, так і трэба.
Ірына зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але спраў хапае. Толькі прыбраць, нагатаваць, павучыць урокі колькі часу трэба. Галоўным здабытчыкам з’яўляецца Аляксандр, які займаецца будаўніцтвам і рамонтам.
– Мне з мужам пашанцавала, бо не трэба яго прасіць, як у тым анекдоце, каб лямпачку ўкруціў ці паліцу прыбіў. Усё сам бачыць, – усміхаецца Ірына.
Галоўнымі святамі ў сям’і з’яўляюцца дні нараджэння. Асабліва багаты на іх верасень: адразу чатыры! Але падарункі дораць не толькі бацькі, а і наадварот. Асабліва запомнілася Ірыне, як старэйшыя дзяўчынкі падарылі ёй анёльчыка, якія зараз з’яўляецца яе талісманам.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара