Свае думкі, прапановы, бачанне праблем агучвалі прадстаўнікі маладога пакалення раёна падчас сустрэчы са старшынёю Столінскага райвыканкама Рыгорам Пратасавіцкім.
Юнакі і дзяўчаты, што сабраліся на гутарку з кіраўніцтвам раёна, у сваёй большасці маладыя спецыялісты арганізацый і прадпрыемстваў Століншчыны. Але за пару-тройку гадоў у прафесіі яны набылі не толькі першы вопыт непасрэднай дзейнасці. Ім уласцівы і адкрыты, сучасны погляд на штодзённыя праблемы свайго населенага пункта.
Дык што ж на слуху ў цяперашняй моладзі? Ці толькі жаданне добра бавіць час у прыярытэтах? Як высветлілася, гэта не так.
Прадстаўнікі маладога пакалення выказалі думкі пра тое, што нядрэнна было б мець зручныя дарожкі для аматараў заняткаў бегам, а таксама для веласіпедыстаў. Не лішняй будзе і пляцоўка для варкаўтэраў, а таксама з наяўнасцю трэнажораў. Праблема навядзення парадку – таксама ў цэнтры ўвагі. Гэта і вываз смецця ад шматкватэрных дамоў, і догляд за высаджанымі дрэўцамі. Сапраўдны ажыятаж – гэта дзіцячыя пляцоўкі. Гэта таксама праблема, не толькі ў дваравых тэрыторыях шматпавярховак, а і ў грамадскіх месцах адпачынку.
Жадае моладзь стаць удзельнікамі больш маштабных, яскравых мерапрыемстваў, напрыклад, спартыўнага кірунку. Канешне, не адмаўляюцца яны і ад дыскатэк. Ды і адпачынак каля вады ў спякотнае надвор’е на цяперашні час — праблема.
Усё агучанае мае пад сабой рацыю. Ды, як заўважыў старшыня райвыканкама, частку праблем можна вырашыць менавіта тады, калі хтосьці праявіць ініцыятыву, арганізуе вакол сябе такі х жа неабыякавых людзей. Канешне, у першых радах павінна быць моладзь. Відавочна, калі штосьці стварыць уласнымі рукамі, то, адназначна, мера адказнасці значна вышэй. Ужо не пройдзеш міма дзіцячай пляцоўкі, дзе дарослыя “бавяць” час з бутэлькай гарэлкі, не дазволіш падлеткам зламаць дрэўца, што пасаджана табой ці тваім знаёмым. Таму, да моладзі толькі адна просьба – быць ініцыятыўнымі!
Тэкст і фота Алены КЛІМУШКА