НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (10 голосов)

Пра сустрэчу з гэтым чалавекам можна сказаць, што работа сама знайшла мяне, паколькі гасцяваў ён у сваёй пляменніцы літаральна па-суседству. Васіль Пятровіч Кардаш прыехаў у родную вёску з г. Несцерава Калінінградскай вобласці.

– Чатыры гады не быў на сваім родным Палессі, засумаваў вельмі, – прызнаўся ён. – То пандэмія, то праз мяжу з Літвой было складана праехаць, каб трапіць у Беларусь. Але ў думках я часта падарожнічаў на сваю малую радзіму. Ужо 40 гадоў, як пераехаў у суседнюю краіну, якая мяне сардэчна сустрэла і ў якой я зарабіў сабе аўтарытэт і матэрыяльныя даброты. Але дагэтуль быццам ў працяглай камандзіроўцы жыву. Што тут казаць, радзіма ёсць радзіма.
Сямігосцічы
Тут ён яшчэ хлапчуком ганяў мяч з сябрамі ў Дуброўцы (урочышча так ў вёсцы называецца). Добра памятае, як разам з Мішай Карняйчуком і Валодзей Карняйчуком з энтузіязмам, узброіўшыся рыдлёўкамі, раз-бівалі тое поле. Вельмі ж хацелася сваю каманду! Тады на вялікім пад’ёме быў футбол пасля Чэмпіянату свету 1966 года ў Лондане, на якой зборная СССР прайграла Партугаліі ў матчы за трэцяе месца.
– Мы ўслухоўваліся ў кожнае слова легендарнага каментатара Мікалая Озерава, бо тэлевізараў тады не было. Таму ад радасці скакалі каля радыёпрёмнікаў, калі нашы «бралі» вароты.
Любоў да спорту і прымусіла задумацца Васіля Кардаша пры выбары сваёй прафесіі. Пасля заканчэння школы ў 1969 годзе юнак паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры.
Студэнцтва
– Я быў вельмі шчаслівы, калі паступіў, бо конкурс быў аж дзевяць чалавек на месца! – узнаўляе ў памяці той момант Васіль Пятровіч. – Перавагу аддавалі тым, хто меў спартыўны разрад у пэўным відзе спорту ці ўжо служыў у арміі. Я ж вясковы юнак, без «блатаў» і пэўных дасягненняў. Але добра здаў усе іспыты ды і з фізічнай падрыхтоўкай у мяне праблем не было. Трапіў у группу лёгкай атлетыкі.
У той час адтэрміноўку на перыяд вучобы ад арміі не давалі, і я адправіўся выконваць свой воінскі абавязак у Германію. У сваім інжынерна-сапёрным батальёне мяне абавязалі адказваць за спартыўны дух вайскоўцаў. З чым я, не без гонару скажу, справіўся паспяхова, і мы нават занялі першае месца на чэмпіянаце сярод некалькіх дывізій. Неўзабаве паступіла прапанова працягнуць вучобу ў цяперашнім Нацыянальным дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, спорту і здароўя імя П. Ф. Лесгафта, што ў Санкт-Пецярбурзе. Не схацеў, на радзіму цягнула.
Каханне і першае
месца работы
У тэхнікуме ён не толькі прафесію атрымаў, але і каханне сустрэў. Як у тым фільме, студэнтка, спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня Ніна Раменкова, ураджэнка Калінінградскай вобласці пакарыла сэрцы юнака. Пазнаёміліся на знакамітай «бульбе» 5 верасня 1972 года, а ўжо ў лютым наступнага зладзілі невялікае студэнцкае вяселле. І пасля заканчэння тэхнікума маладыя паехалі на Палессе. Жылі ў бацькоў Васіля, які часу не губляў і пачаў свой прафесійны шлях у Столінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Калі Васіль Кардаш стаў старшым трэнерам зборнай па лёгкай атлетыцы раёна, то пад яго кіраўніцтвам праводзіліся маштабныя спаборніцтвы. Трэба было не проста спартсменаў сабраць, але і праграму для 42 відаў лёгкай атлетыкі распісаць. А як гарэлі вочы ў выхаванцаў спартыўных школ і вучняў. У час нашай размовы згадвае іх імёны, не задумваючыся Васіль Пятровіч: бягун-спрынтар Аляксандр Лукша, кап’якідальнік Іван Тарасевіч, лёгкаатлеты браты Сяргей і Віктар Валанцэвічы, Ігар Вярэніч, Пётр Баркавец, Мікалай Зельманчук, Вячаслаў Грышко, Мікалай Ільін, Мікалай Карповіч, Віктар Зінавец, Святлана Шыкунец.
Карацей кажучы, спартыўныя справы раёна былі на вышыні, і ў гэтым даволі вялікая заслуга героя майго аповяду.
Жонка тым часам нарадзіла сына Эдуарда, уладкавалася ў Сямігосціцкую сярэднюю школу настаўніцай хіміі і біялогіі, давялося вучыць беларускую мову. Але ж Ніна таксама сумавала па родным краі і аднойчы прапанавала мужу паспрабаваць распачаць прафесійную дзейнасць на яе радзіме. Тым больш, што там была перспектыва атрымаць сваё жыллё, якога тут не было. Васіль Пятровіч вырашыў паслухаць і паспрабаваць, маўляў, вярнуцца заўсёды можна. І ў 1983 годзе сям’я, у якой ужо была і двухгадовая дачка Валя, паехала ў г. Несцераў Калініградскай вобласці.
Выдатнік фізічнай культуры і спорту Расійскай Федэрацыі
– Са спортам там справы былі намнога горшыя, чым у Столінскім раёне, – рассказвае мой суразмоўца. – На мяне, як на чалавека прыезджага, была вялікая надзея. Я са сваім сумленнем ніколі не сварыўся і на халяву не разлічваў, таму ўзяўся за работу, закасаўшы рукавы. Перш-наперш арганізаваў лёгкаатлетычны крос, удзел у якім прынялі 1 100 чалавек. Мне ішлі насустрач чыноўнікі, хутка я пачаў сумяшчаць абавязкі старшыні спартыўнага камітэта і многа гадоў быў начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і па справах моладзі. За што на заслужаным адпачынку атрымаў званне выдатніка фізічнай культуры і спорту Расійскай Федэрацыі і значную надбаўку да пенсіі.
Вайна ў гісторыі
нашых народаў
Васіль Пятровіч сваё захапленне гісторыяй ніколі не пакідаў. Ён узначаліў сумеснае з Германіяй аб’яднанне па догляду за магіламі загінушых у гады Першай сустветнай вайны.
– Я таксама многа часу праводзіў у архівах, даваў запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расій-скай Федэрацыі. Цікавіўся лёсамі сваіх загінуўшых землякоў, шукаў месцы іх захавання. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе, многа мужчын з Сямігосціч, у тым ліку сямейныя, пайшлі на фронт. На жаль, большасць з іх не вярнулася. І вось, праз столькі гадоў, на брацкіх магілах пад Калінінградам знайшоў імёны двух сваіх аднавяскоўцаў. Першы з іх Іосіф Раманавіч Андрайчук, 1917 года нараджэння, загінуў пры ўзяцці Кёнігсберга за месяц да перамогі. Знайшоў апошні прытулак тут і Аляксандр Паўлавіч Андрайчук, 1904 года нараджэння.
Увогуле, тэма вайны ва ўсёй Расіі заўсёды вострым болем адклікаецца ў сэрцах людзей. Дзякуй Богу, што Беларусь захоўвае памяць свайго народу і гістарычную справядлівасць. Я вельмі хваляваўся ў 2020 годзе, каб не здарылася бяды ў маёй любай дзяржаве. І калі што кажуць дрэннае пра нашу ўладу, ніколі не падтрымаю размову, адразу прыпыняю. Магу са свайго вопыту сказаць, што нас, беларусаў, паважаюць, бо мы – нацыя добрых, міралюбівых людзей.
К табе я ў думках
залятаю…
– Васіль Пятровіч, буду пісаць на беларускай мове…
– Абавязкова пішыце, – пэўна, здагадаўшыся пра маё пытанне, спыніў мяне ён. – Як па дубровах і Прыпяці роднай, так і па беларускай мове сумую. Калі агорне туга, перачытваю сваю любімую паэму «Новая зямля» Якуба Коласа. Асабліва кранае другая частка «Раніца ў нядзельку»:
Дзень быў святы.
Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці…
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения
Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости