• ru
  • by
  • 9 мая

    USD

    EUR

    Столин

    5C

    І боль, і памяць

    14.02.2023

    593

    0

    5/5 - (1 голос)

    Больш за 9 000 вёсак Беларусі былі знішчаны фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

    627 з іх – спалены разам з жыхарамі. У гэтым спісе і нашы Варані. Сёння, 14 лютага, споўнілася 80 гадоў з таго дня, калі ў адным з хлявоў былі варварскі забітыя і спаленыя жывымі мірныя жыхары. Аб трагічным лёсе сёння нам нагадвае помнік, які быў усталяваны і адкрыты больш за 40 гадоў таму – у гонар Дня Перамогі – 9 мая 1981 года.
    Непасрэдных відавочцаў таго генацыду варанёўцаў не засталося, але ёсць тыя, каму гэтую жахлівую гісторыю пераказалі іх бацькі, якія ўцяклі ў лес і тым самым выратавалі сабе жыццё. Адны з іх – бацькі Віктара Буйніча, які зараз з’яўляецца старастай Варанёў, і з якім мы сустрэліся напярэдадні трагічный даты.
    – Аб жахах таго дня мне расказвала маці, якой было тады 18 гадоў, – з болем расказвае Віктар Аляксеевіч. – 14 лютага 1943 года назаўжды застанецца ў нашай памяці. У той чорны дзень частцы жыхароў удалося выратавацца. Ноччу, рызыкуючы жыццём, у вёску дабраліся два партызанскія сувязныя Антон Мельнік і Піліп Бабіч, будзілі людзей і расказалі ім пра небяспеку. Хто паслухаў – застаўся жыць. А хто застаўся дома – аб іх сумным лёсе мы цяпер ведаем.
    Антон Данілавіч Мельнік пазней узгадваў, што падслухаў размову гітлераўцаў аб плане знішчэння Варанёў. Размова ішла аб тым, што ноччу карніцкія падраздзяленні павінны былі акружыць вёску і ў чатыры гадзіны раніцы спаліць цалкам усё разам з жыхарамі…
    Многім удалося ўцячы ў лес. Казалі, што немцы прыходзілі ў шаленства, калі заходзілі ў пустыя дамы. А каго знаходзілі – выганялі на вуліцу на мароз без адзення. Збіралі ў адзін натоўп і вялі да ўскрайку вёскі, сагналі людзей у хлеў, зачынілі дзверы і падпалілі.
    І сёння, аналізуючы ўсе выпадкі, можна прыйсці да высновы, што Вялікая Айчынная вайна не была проста вайной з нейкімі акрэсленымі канвенцыямі, якія ахоўваюць мірнае насельніцтва. Гэта быў сапраўдны ГЕНАЦЫД беларускага народа! І тое, што рабілі фашысты – гэта форма масавага гвалту, які здзяйсняўся з намерам знішчыць, цалкам ці часткова, нацыянальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу.
    Дакладная колькасць ахвяр да гэтага часу невядома. Удзячныя нашчадкі на месцах трагедыі ўсталявалі абеліск і гранітную стэлу, а каля школы – помнік загінуўшым у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі аднавяскоўцам. Памяць аб трагедыі Варанёў жывая!
    – Маё пакаленне не ведае, што такое вайна, – гаворыць Віктар Буйніч. – На шчасце, не ведаюць, што такое вайна, нашы дзеці, унукі… Ад нашых бацькоў і блізкіх, а таксама з літаратурных крыніц мы ўсвядомілі, што вайна – гэта страх, боль, горыч, смерць, слёзы. На вялікі жаль, сярод нас сёння ўжо практычна няма ветэранаў – апошніх сведак вайны. Хто раскажа нашым дзецям аб вайне так, як казалі пра гэта яны? Успаміналі кожнае імгненне і дрыготкімі рукамі трымалі кветкі Перамогі. Але мы павінны памятаць, не маем права забыць, а яшчэ расказаць дзецям так, каб яны зразумелі, адчулі.
    Аляксандр НІКІФАРЭНКА
    Фото аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика