У мінулую пятніцу, 20 лістапада, у грамадскай прыёмнай працаваў начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама Аляксандр Вячорка.
На якія тэмы выказваліся наведвальнікі?
Са спісам з чатырох пунктаў прыйшла намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ірына Кавальская. Педагогі ўстановы прапануюць унесці змяненні ў шэраг артыкулаў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У прыватнасці, аднавіць функцыянаванне гімназіі з пятага класа, вярнуць уступныя экзамены, а напаўняльнасць класаў устанавіць не больш за 20 вучняў.
Яшчэ адна прапанова – замацаваць заканадаўча палажэнне аб фінансаванні адукацыі ў памеры не менш за 10 працэнтаў унутранага валавога прадукту.
Што да ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, то тут пажаданне, каб Рэспубліка Беларусь з’яўлялася пазаблокавай краінай, а дзяржава – нейтральнай.
Свае заўвагі накіравала старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Мірановіч. Яна закранула тэму культуры. У прыватнасці, не толькі захоўваць гісторыка-культурную спадчыну, але і ўсямерна развіваць. І павышаць культуру паводзін, узаемаадносін. Акрамя таго прапанавала паўсюдна абсталяваць веласіпедныя стаянкі ля ўстаноў адукацыі.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара