НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Амерыканскі вынаходнік і прадпрымальнік Сців Джобс сказаў: «Ёсць толькі адзін спосаб добра выканаць работу – палюбіць яе».
І менавіта гэта выказванне лічыць сваім дэвізам Ірына Піваварэвіч – настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 2 аг. Альшаны.
Расказаць пра гэтага спецыяліста папрасілі дырэктар і калегі. Адданая сваёй рабоце, Ірына Аляксандраўна многа зрабіла для аўтарытэта навучальнай установы.
Дзяўчына з дзяцінства марыла стаць педагогам, нягле-дзячы на тое, што ў сям’і большасць – медыцынскія работнікі. Маці працуе ў Беражноўскай бальніцы, сястра скончыла медыцынскі ўніверсітэт і засталася працаваць у Гродне. Дваюрадныя сёстры таксама ўрачы.
А Ірына паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт замежных моваў – англійскай і нямецкай. Пасля яго заканчэння ў 2009 годзе па размеркаванні прыехала працаваць у Альшанскую сярэднюю школу. Тады гэта была самая большая навучальная ўстанова ў раёне, у якой вучылася больш за паўтары тысячы дзяцей. Настаўніца адразу знайшла агульную мову з калектывам. Дапамагала парадамі і не пакідала без увагі маладога спецыяліста тагачасны дырэктар Ганна Мазоль.
І літаральна з першага года сваёй дзейнасці Ірына Аляксандраўна пачала лік узнагарод. У 2009 годзе стала пераможцай раённага конкурса «Малады настаўнік года» ў намінацыі «Творчы пошук».
Праз два гады атрымала Ганаровую грамату Столінскага раённага выканаўчага камітэта за эфектыўную работу ў падрыхтоўцы пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове.
Але Ірына Аляксандраўна не толькі выдатны спецыяліст-прадметнік. З ахвотай і энтузіязмам настаўніца і вучні займаюцца даследчымі праектамі і ўдзельнічаюць у конкурсах.
У 2015 годзе школа дзякуючы намаганням Ірыны Піваварэвіч стала лаўрэатам дыплома ІІ ступені абласнога конкурсу па англійскай мове ў намінацыі «Тэатральнае майстэрства, сцэнічны вобраз».
А сярод апошніх узнагарод – дыплом пераможцы раённай навукова-практычнай канферэнцыі «Праз якасць навучання – да развіцця патэнцыялу вучняў».
Зразумела, гэта не толькі заслуга настаўніка. У яе заўсёды былі і ёсць здольныя вучні, якія імкнуцца дасягаць вышынь. Адна з іх – Ірына Сімановіч, якая прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Нататкі юнага вандроўніка» ў рамках акцыі «Я гэты край Радзімаю заву».
Для таго, каб падрыхтаваць даследчую работу, патрэбна было наведаць славутыя месцы краіны, пасля напісаць свае водгукі і запоўніць дзённік вандроўніка. Вучаніца была ў Нясвіжскім і Мірскім замках, у Брэсцкай крэпасці, нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Белавежскай пушчы, музеі Вялікай Айчыннай вайны, у сталічным тэатры і іншых. Таксама падрыхтавалі даведнік адукацыйных маршрутаў па цікавых месцах нашага раёна.
Работы зроблена многа, але ў Ірыны Аляксандраўны ў запасе яшчэ безліч задумак.
– Я проста люблю тое, чым займаюся. Да таго ж удзел у такога кшталту конкурсах і праектах дае магчымасць развівацца, глыбей даведвацца пра гісторыю роднага краю, – кажа настаўніца.
– Часта можна пачуць меркаванне, што сучасныя дзеці лепш «павандруюць» па інтэрнэту. Вы згодны з гэтым?
– Не зусім згодна, але зерне праўды ў гэтым ёсць. Вядома, прасцей за ўсё скласці віну на сусветную павуціну, маўляў, гэта яна ўкрала маладое пакаленне. І што будзе далей? Задача настаўніка – зацікавіць, зрабіць усё, каб вучань захапіўся ідэяй.
Зараз я з’яўляюся класным кіраўніком 11 «А» класа і ўжо ведаю, што буду сумаваць па сваіх вучнях. Хвалююся за іх, як за сваіх родных. І вельмі хачу, каб яны знайшлі той занятак, які ім будзе па душы.
Пашанцавала Ірыне Аляксандраўне не толькі з выбранай прафесіяй. У Альшанах яна сустрэла свайго мужа – Максіма Піваварэвіча. Ён настаўнік гісторыі, і таксама апантаны сваёй работай. Усё жыццё настаўніцкай дзейнасці аддала свякроў – Марыя Максімаўна, якая выкладала ў пачатковых класах.
Так што ў дзяцей маёй суразмоўцы – Марыі і Яўгена – ёсць усе падставы працягнуць настаўніцкую дынастыю.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Ничего сверхординарного
Приоритет безопасности
Вместе веселее

Вместе веселее

31 октября, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости