Пра чалавека добра можа расказаць прафесія, якую ён выбраў для сябе. Бо для кожнай сферы дзейнасці патрэбны тыя ці іншыя рысы характару. Для прафесіі выратавальніка, напрыклад, патрэбны мужнасць, стойкасць, смеласць і адказнасць. Менавіта гэтымі якасцямі валодае Васіль Міхлюк – камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 18, які знаходзіцца ў вёсцы Аздамічы.
Пасля заканчэння Аздаміцкай сярэдняй школы Васіль паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. У дыпломе значыцца кваліфікацыя – настаўнік геаграфіі і біялогіі. Васіль упэўнены, што ведаць гэтыя прадметы павінен кожны вучань. Бо ведаючы геаграфію, можна смела адпраўляцца ў падарожжа. У Васіля такая магчымасць выпала ў студэнцкія гады. Разам з сябрамі ён накіраваўся ў тур па Еўропе. Сустракаў Новы год у горадзе кахання – Парыжы. У Амстэрдаме здзівіла колькасць веласіпедаў. Але больш за ўсё ўразіла сталіца Чэхіі – Прага.
– Здавалася, што ты быццам здзейсніў вандроўку ў мінулае і вось зараз перад табой з’явіцца рыцар у даспехах, – дзеліцца ўражаннямі Васіль. – Вельмі аўтэнтычны горад са сваёй цікавай гісторыяй. А ў навагоднюю пару вельмі прыгожы і вясёлы. Будзе магчымасць – абавязкова наведаю яго зноў.
Да арміі хлопец паспеў год панастаўнічаць у аграгарадку Ратамка, што пад Мінскам.
– Гэта быў цікавы і вельмі патрэбны мне вопыт. Я змог праверыць свае ўяўленні пра прафесію настаўніка, бо, як гаворыцца, лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць, – разважае Васіль.
Службу Васіль пачынаў праходзіць у пагранічных вой-сках. Потым высокага і статнага хлопца перавялі ў элітнае падраздзяленне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – роту ганаровай варты. Служыць у ёй мараць многія, але трапляе туды толькі адзін з некалькіх сотняў прызыўнікоў. Паколькі рота ганаровай варты – візітная картка краіны, крытэрыі вельмі жорсткія. Спецыяльная камісія адбірае хлопцаў толькі з першай групай здароўя, высокім ростам (185-192 см), славянскай знешнасці, без шрамаў, татуіровак і сумніўнага мінулага.
Пра сваю службу Васіль можа расказваць гадзінамі. Як сустракаў прэзідэнтаў Туркменістана, Азербайджана, Сербіі, прэм’ер-міністра Індыі і іншых важных асоб. У роце ганаровай варты насіў сцяг часці, а таксама ўскладаў вянок на Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дзень пагранічніка.
Менавіта пасля службы Васіль цвёрда рашыў, што хоча стаць выратавальнікам.
Прыехаў у Столінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, каб уладкавацца на работу. Месца прапанавалі ў роднай вёсцы Аздамічы, дзе знаходзіцца пажарны аварыйна-выратавальны пост № 18. І са студзеня 2017 года Васіль Міхлюк – камандзір аддзялення.
– Толькі тут я адчуў сябе на сваім месцы, – кажа ён. – Мне заўсёды хацелася быць патрэбным людзям, дапамагаць, ратаваць. Даводзіцца рызыкаваць, бо розныя сітуацыі бываюць. Але гэта, на мой погляд, самая мужчынская прафесія. Мне даводзілася тушыць пажар, калі гарэлі жылыя збудаванні – дамы, хлявы. І бачыць, як гараць гектары лесу. Агонь – гэта стыхія, якую цяжка ўтаймаваць. Самае старашнае, калі гінуць людзі. Таму, карыстаючыся выпадкам, хочацца нагадаць: будзьце асцярожнымі.
– Васіль, як ты лічыш, чаго не павінна быць на зямлі?
– Не павінна быць раўнадушша. Мяне вельмі кранулі словы чэхаславацкага журналіста і публіцыста, аўтара кнігі «Репортаж с петлёй на шее» Юліуса Фучыка: «Не бойтесь врагов — они могут только убить; не бойтесь друзей — они могут только предать; бойтесь людей равнодушных — именно с их молчаливого согласия происходят все самые ужасные преступления на свете». У гэтым выказванні схавана вялікая мудрасць. Я вельмі цаню людзей, які гатовыя прыйсці на дапамогу, бо я сам такі. На маёй памяці быў выпадак, калі давялося ратаваць бусла. Ён зачапіўся ў шпагаце і вісеў уніз галавой. Нераўнадушныя жыхары не маглі глядзець, як пакутуе птушка, і выклікалі нас. Мы выратавалі гэтага бусла, за што потым доўга нам дзякавалі жанчыны. А я быў рады за іх, бо ў іх добрае сэрца. А гэта сапраўдны падарунак.
– Васіль, а якога чалавека ты лічыш па-сапраўднаму шчаслівым?
– Чалавека, які задаволены тым, што мае. Колькі бывае такіх людзей, якія маюць вялікія грошы і няшчасную душу. Калі чалавек шчаслівы, то ўсе, хто будзе побач з ім, таксама будуць шчаслівыя. Гэты закон працуе на сто працэнтаў.
– А якія ў цябе планы на будучыню?
– Планаў вельмі многа. У мінулым годзе здзейсніў важны крок у сваім жыцці – ажаніўся са сваёй каханай Ірынай. Вось распачалі будаўніцтва дома. Таму клопатаў у мяне хапае. Але самае галоўнае, каб былі жывыя і здаровыя мае блізкія, а ўсё астатняе – гэта справа нажыўная, – кажа Васіль.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара