НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У малодшую групу ясляў-садка № 2 “Жар-птушка” Давыд-Гарадка трапіла адразу пасля ціхага часу, калі дзеці толькі што прачнуліся і апраналіся. Дзяўчынкам трэба было паправіць сукенкі, прывесці ў парадак прычоскі, а каго і супакоіць, бо засумаваў па маме. Выхавальнік Кацярына Разановіч толькі і паспявала пераходзіць ад адной табурэткі да другой і дапамагаць малым.
Нягледзячы на тое, што працуе яна толькі другі год, кіраўніцтва і бацькі цудоўныя словы адрасуюць маладому спецыялісту. Але самае галоўнае – да яе цягнуцца дзеці, якія бачаць у Кацярыне Сяргееўне сапраўдную фею.
– Дзеці – гэта асобы народ, якога ніколі не падманеш. Яны бачаць цябе наскрозь, толькі паспрабуй што ад іх схавай – адразу выведуць на чыстую ваду, – усміхаецца дзяўчына. – Гэта памылкова, калі дарослыя думаюць, што дзеці нічога не разумеюць. Яны настолькі ўсё заўважаюць, убіраюць у сябе, нібы губка, што нават здзіўляешся. І вельмі часта паўтараюць за бацькамі.
– Кацярына, бывае і са сваімі дзецьмі нельга ладу знайсці, а тут чужыя, са сваімі характарамі. Як ты знаходзіш з імі агульную мову?
– Усё проста, дзяцей трэба любіць. Да мяне ў групу прыйшлі зусім маленькія выхаванцы, некаторым і двух гадоў не было. Канешне, усе розныя, хтосьці хутка адаптуецца да новай абстаноўкі, а другі і праз месяц з поўнымі вачыма слёз застаецца ў садку. У ход ідуць розныя спосабы. То танец арганізоўваеш, то гульню якую, то спяваць з імі пачынаеш. Шчыра кажучы, ніколі не была асабліва здольная да творчасці, а тут навучылася. А самае галоўнае – гэта пяшчота. Абдымеш – і дзіця адразу цягнецца да цябе. Важна знайсці псіхалагічны кантакт.
Я не буду хлусіць і гаварыць, што мая работа – лёгкая. Але я яе лічу вельмі высакароднай, бо працую з самым дарагім – дзецьмі. Яшчэ ва ўніверсітэце мы вучылі, што чалавек праз усё жыццё праносіць сваё дзяцінства. А шчаслівае дзяцінства – гэта залог шчаслівай будучыні. І я разумею сваю адказнасць.
– Дашкольнае выхаванне – гэта твой усвядомлены выбар?
– Я скончыла Кароціцкую сярэднюю школу і спачатку хацела стаць лагапедам, але потым мая сяброўка прапанавала паступаць у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова на факультэт дашкольнага выхавання. Падтрымала маці, якая працуе настаўніцай матэматыкі ў Кароціцкай сярэдняй школе. Тым больш паралельна я атрымала спецыяльнасць «Дзелавое адміністраванне”. Пасля заканчэння ўстановы ў мяне было некалькі варыянтаў, дзе пачаць сваю прафесійную дзейнасць. Магла застацца ў Магілёве, які я вельмі палюбіла за гады вучобы, ці накіравацца ў Гомель. Але я выбрала сваю малую радзіму і вярнулася на Століншчыну. Разумела, што ў чужым горадзе, калі ты адзін і няма родных, вельмі цяжка будзе. А дома і сцены дапамагаюць. Цудоўна прыняў калектыў, за што вельмі ўдзячна. Першы год я падмяняла, а ў жніўні мінулага ўзяла сваю групу. Шчыра прызнаюся, толькі і паспявала спачатку адказваць на пытанні “а што?”, “а чаму?”, “а навошта?”, якімі мяне літаральна засыпалі дапытлівыя выхаванцы.
– А як адпачываеш пасля працоўнага дня?
– Проста абажаю чытаць. Мая цётка Наталля працуе ў бібліятэцы ў Століне, і пасля візіту да яе заўсёды вяртаюся з кнігамі. Мае сябры здзіўляюцца, маўляў, зараз можна чытаць з дапамогай сучасных тэхналогій, загрузіў сабе праграму і ўсё. А мне даспадобы ўзяць у рукі, адчуць пах старонак. Раней магла да світання чытаць. Мяне цікавіць творчасць замежных аўтараў. Сцівена Кінга перачытала ўсяго, у яго творах многа філасофіі. А яшчэ мяне супакойвае вязанне і вышыванне. Я па сваёй сутнасці інтраверт, люблю спакойны адпачынак. Праўда, калі выйшла замуж, то часу на заняткі засталося менш (смяецца). Пакуль вячэру прыгатуеш, прыбярэш, то ўжо і ноч надыходзіць. Дарэчы, сваё каханне я таксама ў дзіцячым садку сустрэла. Здавалася, сюды прыходзяць забіраць дзяцей жанатыя мужчыны. А мой муж прыйшоў па хрэсніка, так і пазнаёміліся. Так што, як гаворыцца, ад лёсу не ўцячэш.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости