НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Менавіта гэты трапны народны выраз як ніякі іншы раскрывае сутнасць чалавека, размова пра якога пойдзе далей. Сёння наша суразмоўца – Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец, больш вядомая як у нашым раёне, так і далёка па-за яго межамі як баба Ліпа.
Цікавы і яскравы лёс гэтай незвычайнай жанчыны. Нарадзілася яна ў далёкім 1947 годзе ў вёсцы Дзераўная ў шматдзетнай сям’і.
– Нас было пяцёра дзяцей, – расказвае Аліміпіяда Дзмітрыеўна, – чатыры дзяўчынкі і хлопчык. Я была другой па ўзросце. Жылі бедна, але дружна. З маленства ўсе працавалі на полі, сенажацях. А землі вакол былі бедныя, малаўрадлівыя, таму рады былі кожнай бульбіне, зернейку з хлебнай нівы. Добрым памочнікам быў лес, які шчыра дзяліўся грыбамі і ягадамі.
З дзяцінства праз усё сваё жыццё яна пранесла любоў да лесу, у якім Алімпіяда Дзмітрыеўна сёння ведае кожную грыбную і ягадную палянку. Тут яна адпачывае, набіраецца духоўнай і фізічнай моцы. Лес і вясковае наваколле спрыялі фарміраванню яе шматграннага таленту. Тут яна рабіла першыя спробы па развіцці сваіх вакальных здольнасцяў. А ў сям’і Леанаўцоў спявалі ўсе. І дагэтуль вяскоўцы цяпер ужо ў Гарадной, калі сёстры збіраюцца разам, заслухоўваюцца іх спевамі. А сама Алімпіяда Дзмітрыеўна – адна з тых нямногіх у нашым раёне, хто валодае аўтэнтычнай манерай выканання народнай песні.
Першапачатковую адукацыю Алімпіяда Дзмітрыеўна атрымала ў Дзераўнянскай сямігодцы. Восьмы клас закончыла ў Століне. І на гэтым вучоба на некаторы час была спынена, бо трэба было жыць у інтэрнаце і за пражыванне неабходна было плаціць. Папрацавала ў калгасе, а з адкрыццём сярэдняй школы ў Гарадной вучоба была працягнута. З роднай школай на цэлыя 36 гадоў і быў звязаны яе далейшы лёс спачатку на пасадзе старшай піянерважатай, а потым настаўніцы роднай мовы і літаратуры. Ужо са школьных гадоў яна пастаянна была ў віхуры грамадскага жыцця. Канцэрты, пастаноўка спектакляў, развучванне з вучнямі песень і народных танцаў – гэта толькі невялікі пералік яе грамадскай дзейнасці.
У 2003 годзе Алімпіяда Дзмітрыеўна пачынае працаваць у аддзеле культуры, дзе ўзначаліла работу па фарміраванні ў Гарадной цэнтра ганчарства. І тут праявілася яшчэ адна рыса яе таленту як збіральніцы і захавальніцы мясцовай традыцыі аўтэнтычнага ганчарства. Да работы ў цэнтры яна змагла прыцягнуць такіх сталых майстроў-ганчароў, як Арсень Шэлест, Аўрам Басавец, Рыгор Кавалька, Адам Шэлест. Запрацаваў і гурток з ліку вясковых дзяцей для навучання нялёгкай працы ганчара.
З 2008 года, дзякуючы актыўнай рабоце цэнтра ганчарства, у Гарадной пачалі ладзіцца міжнародныя пленэры ганчароў, а душой і гасціннай гаспадыняй творчых сустрэч з’яўлялася Алімпіяда Леанавец.
Сёння на абласных і рэспубліканскіх выставах дэманструюцца работы былых яе гурткоўцаў Аляксандра Аўчыннікава, братоў Сяргея і Івана Шэлестаў.
На працягу апошніх пяці гадоў яна кіруе філіялам «Музей-сядзіба ганчара вёскі Гарадная» раённага краязнаўчага музея. І тут таксама праявілася яшчэ адна рыса яе таленту – этнографа і музейшчыка. Алімпіяда Дзмітрыеўна змагла сабраць шмат каштоўных рэчаў з далёкага мінулага вяскоўцаў. Багаты музейны матэрыял, глыбокае веданне мясцовага фальклору і традыцый, а таксама непаўторныя экскурсіі вабяць да яе самых розных наведвальнікаў. Асабліва цэняць яе экскурсіі дзеці, з якімі баба Ліпа не толькі гутарыць пра мінуўшчыну, але і гуляе ў розныя народныя гараднянскія гульні.
На пытанне, як яна бавіць вольны час, адказвае, што яго амаль няма, бо ёсць яшчэ два захапленні – кнігі і вязанне. З аўтараў перавагу аддае беларускім пісьменнікам і асабліва Уладзіміру Караткевічу.
Вось такая яна, Алімпіяда Леанавец – чалавек з добрым сэрцам і шырокім кругаглядам, этнограф, фалькларыст, песенніца, сапраўдны захавальнік традыцый і культуры сваёй малой радзімы.
У першы дзень вясны гэтая жанчына адзначае свой чарговы дзень нараджэння. Хочацца пажадаць ёй і надалей заставацца такой жа няўрымслівай, добрага здароўя, а таксама і новых творчых поспехаў, і знаходак.
Святлана Вярэніч,
дырэктар Столінскага раённага
краязнаўчага музея

Оставить комментарий

Похожие новости