Крылы даюцца таму, хто імкнецца ўзляцець таленавіты паэт, публіцыст, дзяржаўны дзеяч Анатоль Ільіч Вярцінскі пачынаў свой шлях у мастацта ў давыд-гарадоцкай газеце «Сцяг Леніна».
18 лістапада 1931 года нарадзіўся Анатоль Вярцінскі. Вёска Дзямешкава Лепельскага раёна гадавала свайго будучага выдатнага мастака. У яго душы загараліся агенчыкі замілавання жыццём, якія напаўнялі дзяцінства задавальненнем і радасцю. Ідылію жыцця зруйнавала вайна. Фашысты захапілі Беларусь і ўчынілі на нашай зямлі смяротны канцлагер. Дзяцей вывозілі ў прыгон у Германію і гвалтоўна сганялі ў «кіндэрлагі» для збору крыві гансам вермахта. Уражлівая душа падлетка, напоўненасць істоты жыццялюбствам, гартавала яго характар і свядомасць пратэстам супраць зла.
Безумоўна, трагізм вайны абвастрыў паэтычны дар Вярцінскага. З вайны вырастаў паэт Вярцінскі. Перамога прынесла жыццё без стрэлаў, «зялёных варожых салдат» на вуліцах. Цяжка да слёз, што не прыйшоў з фронту бацька, і жылі ў зямлянцы каля згарэлай хаты… Але як промень сонца – адкрылася школа і вучні сабраліся, як на свята ў сваім класе. Вярцінскі добра вучыўся, захапіўся кнігамі, у старэйшых класах пісаў вершы, і чытаў іх на школьных урачыстасцях і пісаў заметкі ў раённую газету. Настаўнікі ўхвалялі выдатнага вучня і раілі развіваць творчыя здольнасці. Пасля школы ў 1951 годзе юнак паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Пасля ўніверсітэта яму давялося пяць гадоў стажыравацца ў «народным ўніверсітэце», як ён гаварыў, працаваць у раённых газетах. У Давыд-Гарадку, у газеце «Сцяг Леніна» малады журналіст пісаў пра жыццё людзей цудоўнага Палесся. Публіцыстычна-паэтычнае падарожжа па рэспубліцы закончылася ў 1962 годзе. Паэт вяртаецца на працу ў Мінск.
Песні паэта грэюць як лета
Паэт бачыць і паказвае беларуса, які стварае сваё, як цяпр кажуць, камфортнае жыццё напружанай і каштоўнай працай. Беларусы ў Вярцінскага «залечваюць раны вайны» і ствараюць сваю цывілізацыю. Бацька паэта Ілья Арцёмавіч перамог тры вайны: вызваляў Заходнюю Беларусь, ваяваў на фінскай і дайшоў да Берліна ў 1945. А маці Аляксандра Рыгораўна перажывала за ваенны лёс мужа і сагравала, берагла ад холаду, голаду, смерці сваіх дзяцей. Вось і спелася ў яе сына-паэта паэма «Песня пра хлеб», якая выйшла з друку ў 1962 годзе. Спеў працы і маці паэт прадоўжыць у паэме «Новы бераг», якую прысвяціў сваёй роднай любай матулі. У Мінску Вярцінскі ўпэўнена ўступіў ў асяроддзе вядомых беларускіх літаратараў. Паэт пленна працуе, друкуе вершы і паэмы, выпускае паэтычныя зборнікі.
У сваёй творчасці Вярцінскі паказаў супярэчлівы і велічны вобраз сучаснасці, чалавека-стваральніка гэтай рэальнасці. Яго вершы і паэмы ў новым часе засвяціліся шчаслівымі краскамі сучаснай культуры і навукова-тэхнічнымі здабыткамі. Беларус, як чалавек і грамадзянін, сацыяльна выпраміўся ад гістарычнай нядолі і нястачы і перат-варыў сваю рэспубліку ў індустрыяльную краіну. Ён не наглядальнік за жыццём збоку, не дарадчык для слова, а выступае ў сваіх кнігах як даследчык, як стваральнік гуманістычнай аўры ў грамадстве, якая благародзіць жыцце чалавека, стварае добры настрой і ўладкоўвае душэўны спакой.
Да высокага ідэала
адной перамогі мала
Вярцінскі – дзейсная, зацікаўленая грамадская асоба. У творчасці і жыцці ён быў «на людзях». Паэт лічыў, што кожны дзеяч мастацтва па прызванню мае права і павінен ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны. Глыбокае разуменне заканамернасцей развіцця грамадства ўключыла Вярцінскага ў актыўнае творчае і сацыяльна-палітычнае жыццё. У 1969 годзе яго прымаюць у члены Саюза пісьменнікаў СССР. У нацыянальнай паэзіі Вярцінскі вызначыўся як таленавітая творчая індывідуальнасць, адкрыўшая свой арыгінальны паэтычны стыль і здольнасць «таленавіта маляваць разнакаляровае жыццё». У 1967 годзе яго вылучаюць на пасаду Сакратара Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986 годзе яго прызначаюць рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У гэты час у грамадстве выспела неабходнасць сацыяльна-эканамічных змен. Рэдактару дастала прафесійнай і палітычнай празарлівасці папярэдзіць паспешлівыя ацэнкі падзей і спробы скажэння гістарычных фактаў і з’яў, якія імкнуліся на старонкі газеты. Абсяг грамадска-палітычнай дзейнасці А. Вярцінскага ў 1987 годзе выйшаў на міжнародны ўзровень.
У складзе беларускай дэлегацыі ён удзельнічаў у працы ХХХ!! Сесііі Генеральнай Асамблеі ААН. Вярцінскі – адзіны сярод дыпламатаў усіх часоў напісаў кнігу «Нью-Йоркская сірэна» аб дзейнасці міжнароднай арганізацыі. Высокія мастацкія здабыткі паэта ў 1988 годзе былі адзначаны ганаровым званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР. Урад рэспублікі ў 1991 годзе прысвоіў Вярцінскаму званне Заслужаны работнік культуры Беларусі. Анатоль Ільіч Вярцінскі пайшоў на неба 21 красавіка 2022 года. Там, у далёкай касмічнай вышыні зіхацяць, свецяць людзям сотні, тысячы яго вершаў-зорачак… Адна, самая яркая, гарыць над старажытным Давыд-Гарадком…
Алег Слука, прафесар
