НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

30 верасня ў Столінскім гарадскім доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей. У зале сабраліся тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ветэраны працы, старшыні ветэранскіх арганізацый раёна, жыхары райцэнтра.

Са словамі віншаванняў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч.
– Стала добрай традыцыяй адзначаць Дзень пажылых лю-дзей, які мне хочацца назваць святам мудрасці. Тут прысутнічаюць людзі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё краіны. Вашай працай створана ўсё, што ёсць у нашым раёне. Толькі мудрыя людзі могуць дарыць цяпло і дабрыню іншым. Ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў пажадаю моцнага здароўя, весялосці і бадзёрасці. Будзьце натхняльнікамі і прыкладам для маладога пакалення.
Віншаванні гучалі ад намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальніка аддзела пенсій і дапамог Дзмітрыя Кулінчанкі: “Сённяшняе свята гаворыць не аб узросце. Гэта дзень, калі можна выказаць падзяку за працу, вопыт, уменні і дабрыню. У Столінскім раёне пражывае 21 тысяча пенсіянераў. Дзякуй вам за актыўную жыццёвую пазіцыю”.
Выступіла старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Мірановіч: “Згадваецца першае свята да Дня пажылых людзей. Тады раёнам кіраваў Валерый Піцуха. У гэтую залу запрасілі людзей, каб адзначыць свята. Зала не змяшчала ўсіх прысутных. Людзі зразумелі, што іх паважаюць, шануюць. Часта матэрыяльныя рэчы выходзяць на першы план. Але гэта не зусім правільна: душа павінна быць на першым месцы. Тыя, хто зараз прысутнічае ў зале, заклалі аснову таго, чым зараз мы жывем. Нас выхоўвалі ў духу патрыятызму і мы стараемся перадаць гэта маладым”.
У час святочнага мерапрыемства гледачоў пазнаёмілі з трыма простымі жанчынамі, якія ўсё жыццё аддана працавалі.
Надзея Сапон з Беражнога. Нарадзілася ў 1943 годзе ў простай сялянскай сям’і. Дзяўчынка была самай малодшай. З ранняга дзяцінства прывучалася да работы, дапамагала маці і дома, і на ферме, і ў полі. Пасля заканчэння школы паступіла ў Ляхавіцкі тэхнікум на заатэхніка. У калгасе працавала паляводам. Старанную работніцу заўважыла кіраўніцтва. Маладой жанчыне прапанавалі стаць даяркай. Яна згадзілася. Даілі кароў тады тры разы на дзень. Уставала ў 4 гадзіны раніцы, а з апошняй дойкі вярталася а 8 гадзіне вечара. Што й гаварыць, праца даяркі цяжкая. Надзея Юльянаўна больш за 20 гадоў аддала гэтай справе. І нават на пенсіі працягвала даіць кароў. Жанчыне прысвоена званне “Ганаровы калгаснік”. Надзея Сапон і зараз у працы і клопатах. Умелыя рукі не ведаюць стомы. Зімой займаецца вязаннем. Сям’я Надзеі Юльянаўны – дзеці, 4 унукі, 4 праўнукі.
Любоў Яхнавец з Атвержыч. Яе бацька – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Бацькі працавалі ў калгасе. У Любы былі брат і сястра. Дзеці выхоўваліся ў працы. Пачынаючы з 6 класа, дзяўчынка дапамагала маці на ферме. Калі скончыла 8 класаў, пайшла ў вячэрнюю школу, каб самастойна працаваць жывёлаводам. Калегамі Любові Пятроўны былі маладыя, актыўныя, энергічныя людзі. Стварыўся калектыў мастацкай самадзейнасці. Любоў Пятроўна станавілася ініцыятарам канцэртаў, святочных праграм. Хадзіла да старшыні, прасіла машыну для паездак у суседнія вёскі. І кіраўніцтва не адмаўляла. Любоў Яхнавец узнагародзілі ордэнам “Знак Пашаны”. Работа ў сельскай гаспадарцы была ёй па душы. Але жыццё зрабіла круты паварот. Пайшла ў дэкрэтны водпуск сельскі бібліятэкар. Хто яе падменіць? Канешне, Люба! Яна ў клубе кожны вечар і добра знаёма са справамі. Калі сельскі клуб застаўся без загадчыка, Любоў Яхнавец заняла гэтае месца. Актыўная жанчына стварыла фальклорны калектыў “Журавушка”. Іх рэпертуар – песні матуль і бабуль, якія калісьці спявалі ў кожным доме. У 1996 годзе “Журавушка” атрымала званне “Народны”. Любоў Пятроўна і зараз кіруе творчай суполкай. А спявае жанчына не толькі са сцэны, а і дома. Упэўнена, з песняй лягчэй ісці па жыцці.
Для ўдзельнікаў свята Любоў Яхнавец разам з акампаніятарам Васілём Дзенісовічам выканала кампазіцыю.
Галіна Бабарыка працавала ў Мачульскай базавай школе. Галіна Сідараўна – таленавітая асоба, творчасць якой добра знаёма жыхарам Століншчыны. Яна член Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможца многіх паэтычных конкурсаў. Бацькі перадалі дзяўчынцы сваю любоў да кнігі. Пасля заканчэння школы паступіла ў педагагічнае вучылішча, а потым у педагагічны інстытут у Магілёве. Працавала ў Клімавіцкім раёне, потым вярнулася на радзіму. За добрасумленную працу Галіна Сідараўна ўзнагароджана шматлікімі граматамі. Першы верш “Раніца” яна напісала ў 4 класе. У паэткі выйшлі два зборнікі паэзіі.
Для гасцей яна прадэкламавала верш, прысвечаны настаўнікам.
Жанчын павіншавалі і ўручылі кветкі старшыня прафкама КСУП “Беражное” Вікторыя Кузаўка, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Цупа. Валянціна Мірановіч падарыла кнігі пра Столінскі раён.
На сцэне выступілі падрыхтоўчыя групы дзіцячых ансамбляў танца “Рэха” і “Карагод”, Мікіта Жук.
Канцэртную праграму прадставіў народны хор ветэранаў “Факел” Столінскага ГДК. Яны падарылі гледачам прыемныя хвіліны адпачынку. Артысты выканалі любімыя і знаёмыя кампазіцыі.
У фае былі прадстаўлены выстаўкі раённай бібліятэкі, майстрых з розных куточкаў раёна.
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости