НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Заўсёды ў невялікіх вёсках ролю ўрача выконваў загадчык фельчарска-акушэрскага пункта. Менавіта да яго спяшаліся хворыя па дапамогу ці, калі не атрымлівалася, выклікалі дахаты. Такіх выклікаў у жыцці Наталлі Клімовіч – фельчара ФАПа вёскі Талмачава – было дзясяткі. Бо амаль 40 гадоў яна аддала служэнню людзям і працягвае рабіць гэта зараз.
Наталля Сцяпанаўна і па сёння яскрава помніць, як прыехала сюды працаваць. Сама родам з Альшан. Скончыўшы Рыжскае медыцынскае вучылішча, спачатку трапіла па размеркаванні ў Беражное, дзе будавалася бальніца. А пакуль ішла будоўля, маладую дзяўчыну адпраўляюць набірацца вопыту ў Талмачава, дзе Наталля стала і першым медыцынскім работнікам, і ўзначаліла фельчарска-акушэрскі пункт, які толькі адчыніўся. Ды так тут і засталася. А дапамагаць трэба было не толькі мясцовым, а і жыхарам з суседніх Лутак – разам амаль 800 чалавек.
– Я прыехала сюды якраз першага верасня. Маладая, нікога не ведаю, да таго ж трэба ўзначальваць новы ФАП, – прыгадвае жанчына. – Я нават крыху разгубілася, бо вопыту не было, а тут такая адказнасць. Дапамог Мікалай Мікалаевіч Ярмалюк, які быў галоўным урачом у Альгомельскай бальніцы. “Зможаш”, – сказаў ён і нібы адрэзаў. І ўсе мае сумненні як рукой зняло. Урач ад Бога, ён быў маім настаўнікам і дарадчыкам, прыкладам служэння людзям. Я магла разлічваць на яго ў любым выпадку – хоць днём, хоць уначы.
А такіх выпадкаў было многа. У тыя гады дарогі былі такія, што ў вёску ні заехаць, ні выехаць з яе. Вясной, калі разлівалася вада, Талмачава было востравам, адарваным ад вялікай зямлі. Да бальніцы дабрацца немагчыма, нават гусенічныя трактары грузлі ў бездарожжы. Таму малады фельчар была і хірургам, і педыятрам, і тэрапеўтам, і гінеколагам. Рабіла прышчэпкі дзецям, ін’екцыі для цяжкахворых, мерала ціск. Давялося прымаць роды не толькі на даму, але і на трактарным прычэпе і нават на возе пад адкрытым небам.
– Марудзіць няма часу. Ты разумееш: калі не я, то хто гэта зробіць? І ты адказваеш за жыццё ўжо двух чалавек. У гэты момант адчуванне, быццам табе божая рука дапамагае. На свет нараджаецца здаровае дзіця, маці плача ад радасці. І я адчуваю сябе шчаслівай. Такіх экстрэмальных родаў было восем. І ўсе тыя немаўляткі зараз дарослыя, сем’і маюць. І ўжо сваіх дзяцей прыводзяць да мяне на медыцынскія агляды.
Наталля Сцяпанаўна ўсміхнулася. Здаецца, столькі гадоў прайшло, а яна быццам вярнулася ў той час. Праўда, не толькі шчаслівыя моманты ўзгадваюцца. Даводзілася ёй і смерць бачыць.
– Да смерці нельга звыкнуць і не важна – малады чалавек ці стары, – прызнаецца Наталля Сцяпанаўна. – А яшчэ цяжэй, калі ты не можаш дапамагчы. Памятаю, мы якраз рабілі рамонт у нашым ФАПе. Заходзіць мужчына. Кажа: жонцы вельмі дрэнна. Бягу з усіх ног. Але не паспяваю. У жанчыны кровазліццё ў мозг, яна ўжо ў коме. Позна мяне паклікалі. Стаю разгубленая і нічога зрабіць не магу. Казаць трэба родным, а язык быццам анямеў. Маладая зусім, крыху больш за 40 гадоў нябожчыцы…
Вярнулася на ФАП, а санітарка адразу ўсё зразумела: такі белы ў мяне быў твар. Ведаеце, я тры дні ні есці, ні піць не магла. Усё думала, ці змагла б я паспець? І нават зараз, бывае, думаю. Нічога не магу з сабой зрабіць.
Наталля Сцяпанаўна ўздыхнула. Яна заўсёды вельмі перажывала, не магла па-іншаму. Як і не магла адмовіць у дапамозе сярод ночы, калі прыходзілі і стукалі ў акно. І калі трэба было па некалькі кіламетраў брысці ў гумавых ботах, каб дабрацца да хворага. Пакуль чалавек не паправіцца, тэлефануе ў бальніцу, цікавіцца. Гэта яе прызначэнне, якое выбрала сама.
– Будучаму мужу Андрэю адразу сказала: хочаш ты ці не хочаш, але мая работа будзе на першым месцы, – расказвае жанчына. – Разумела, калі ён не змірыцца з гэтым, то нічога ў нас не атрымаецца. А адмовіцца ад сваёй прафесіі я не магла. Ён пагадзіўся. І за ўсё наша жыццё ні аднаго разу не папракнуў, што я затрымліваюся ці няма мяне доўга. Калі з’явіліся дзеці, моцна дапамагаў мне. Ніколі не будзіў, калі, стаміўшыся за дзень, прылегла адпачыць. Ды і ўся гаспадарка была на ім. Удзячна яму вельмі моцна.
На жаль, 16 гадоў таму муж Наталлі Сцяпанаўны памёр ад цяжкой хваробы, якая за лічаныя месяцы забрала яго. Але падтрымалі дзеці, якія з маленства ганарыліся сваёй любімай і такой патрэбнай маці. Дачка Таццяна – настаўнік у Кароціцкай сярэдняй школе, а сын Сяргей працуе ў мясцовай гаспадарцы механізатарам. Падарылі ўнукаў Андрэя і Яўгена, у якіх бабуля душы не чуе. Вяскоўцы паважаюць свайго фельчара, бо ведаюць, колькі яна для іх зрабіла, колькі дапамагла. А сама Наталля Сцяпанаўна па-ранейшаму спяшаецца на работу, якой яна дагэтуль жыве.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости