НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

 Так гавораць пра гэтую прывабную дзяўчыну. Наталля Клімавец працуе афіцыянтам кафэ «Купецкае» ў Давыд-Гарадку. Але ў яе абавязкі ўваходзіць і многа іншых спраў. Разам з кліентамі яна складае меню на розныя мерапрыемствы, дамаўляецца з пастаўшчыкамі,  вядзе дакументацыю, кантралюе работу на кухні. Пра такіх кажуць: чалавек на сваім месцы. Пацвярджаюць гэта запісы ў кнізе водгукаў і прапаноў. Падзяк толькі за верасень ужо тры.  Вылучыла Наталлю і кіраўніцтва Давыд-Гарадоцкага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства як выдатнага спецыяліста. Таму напісаць пра яе падстаў многа. 
Жыве Наталля ў Хорску і штодня ездзіць на работу на машыне. Але гэта зусім не перашкода для апантанай сваёй работай дзяўчыны. Нават тое, што даводзіцца працаваць амаль без выхадных, не хвалюе яе. А хвалюе, каб усё было даведзена да толку, каб не даводзілася чырванець перад людзьмі, каб у наступны раз яны зноў захацелі наведаць менавіта «Купецкае».
– Усе ж людзі розныя і ў кожнага свае густы і перавагі. Як вам удаецца знаходзіць падыход?
– Усё проста: цярпенне і ўменне слухаць. Безумоўна, чалавек мае права хацець, каб усё было па яго жаданні. Урэшце, ён за гэта плаціць грошы. Я ніколі не пераконваю, толькі раю. А ёсць такія, якія цалкам спадзяюцца на мой вопыт. Асабліва пастаянныя кліенты. Гэта вельмі прыемна, калі давяраюць. Давер увогуле ў гандлі рэч вельмі важная. Яго трэба заслужыць. Мы зацікаўлены ў кожным чалавеку.
– А адкуль найчасцей да вас прыязджаюць людзі?
– Ужо колькі вяселляў ладзілі для жыхароў Альгомля, Кароціч, Церабліч. І з Давыд-Гарадка многа арганізацый аддаюць нам перавагу: гаргаз, хлебазавод, ДГЭМЗ, гарвыканкам і іншыя. Прыходзяць як паабедаць, так і на карпаратывы. У нас ёсць комплексныя абеды прыклада па пяць рублёў.  Вялікім гонарам для нас быў візіт Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна і архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана з духавенствам. Калі яны наведваюць наш раён, абавязкова трапезнічаюць у нас. Вось чацвёртага лістапада павінны зноў прыехаць, бо ў гарадку ў гэты дзень прастольнае свята. Канечне, як і іншыя ўстановы грамадскага харчавання, нас вельмі закранула пандэмія. І зараз мы захоўваем усе неабходныя прафілактычныя меры. Я таксама вакцыніравалася, што лічу абавязковым і для іншых. Вельмі хочацца, каб урэшце мы перамаглі гэтую заразу, – кажа дзяўчына.
– У любым кафэ візітнай картачкай з’яўляецца кухня. Як вы распрацоўваеце меню і якая страва з’яўляецца кароннай?
– Сапраўды, кухня – гэта галоўнае ў кафэ. І мы гэта разумеем. Наш повар Надзея Кунай і кухонныя работнікі Любоў Жалянгоўская і Настасся Вільгоцкая гатуюць з душой. Нават калі вялікія мерапрыемствы, накшталт вяселля, мы падаём на стол усё гарачым і духмяным. Імкнёмся рабіць так, каб чалавек захацеў паспрабаваць кожную страву. Асаблівым попытам карыстаюцца катлеты з ананасам, каўбаскі па-мінску, блінчыкі з яблыкамі. Ёсць у нас і свае каронныя стравы – салат «Купецкі» і свініна, запечаная па-купецку. Дарэчы, апошняя з’явілася ў меню нядаўна, але адразу прыйшлася даспадобы наведвальнікам. А яшчэ мы, параіўшыся з кіраўніцтвам, пачалі пячы піцы. Няхай і пакрысе, але яны знайшлі свайго аматара. Нават калі ў нас спецабслугоўванне, мы гатуем іх на вынас. Абавязкова бярэм піцы на выязны гандаль. У гэтым годзе на дзень горада 110 штук прадалі.  Людзям спадабаўся як смак, так і кошт. Дарэчы, я заўсёды з ахвотай еду гандляваць, так мовіць, і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Абавязкова пры поўным парадзе, бо ад знешняга выгляду таксама многае залежыць. Для мяне гэта важны пункт. Сачу за кулінарнымі шоу, якіх зараз вельмі многа. Сёе-тое там падгледжу.
Мы пастаянна знаходзімся ў развіцці, разумеем: канкурэнты не дрэмлюць.
Абнавілі ўнутраны інтэр’ер, і да нас стала прыязджаць моладзь. Гэта радуе, паколькі мы залежым ад наведвальнікаў. Хачу дадаць, што кіраўніцтва заўсёды з энтузіязмам успрымае прапановы і згаджаецца на эксперыменты. У нас яшчэ многа ідэй, але гэта прафесійная таямніца, – усміхаецца дзяўчына.
Слухаючы, з якім задавальненнем Наталля расказвае пра кафэ, відавочна, што яна з душой ставіцца да работы. У вольны час, калі ён нарэшце з’яўляецца, любіць пабыць у цішыні. А ў кар’еры яна ўжо адбылася.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости