НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Каб зранку хлеб з’явіўся на прылаўках у магазіне, работнікі хлебазаводаў пякуць яго ўначы. І адпачыць ні на хвіліну нельга, паколькі гэты працэс няспынны. Пра гэта і пра многае іншае мне расказала майстар-пекар філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Давыд-Гарадоцкага хлебазавода Таццяна Шэпка.
Дамовіліся пра сустрэчу, калі яна прыйшла працаваць у начную змену, якая пачынаецца якраз у поўнач і працягваецца да 8 гадзін раніцы. І так тры ночы запар, потым адзін дзень адпачынку, і пачынаюцца дзённыя змены, якія доўжацца з 8 да 16 гадзін. Але Таццяне Уладзіміраўне не звыкаць да такога графіку, паколькі працуе яна на хлебазаводзе без малога 30 гадоў.
Сваю прафесію выбрала яшчэ ў юнацтве і вельмі задаволена, бо яна стала і яе прызваннем. Скончыўшы 8 класаў Сямігосціцкай сярэдняй школы, паступіла ў Жыткавіцкае прафесійнае вучылішча і атрымала спецыяльнасць лабаранта хіміка-бактэрыялагічных аналізаў. Пасля заканчэння ўстановы год працавала на Столінскім масласырзаводзе.
Неяк сяброўка Наталля прачытала ў раённай газеце аб’яву, што на Давыд-Гарадоцкі хлебазавод патрэбны рабочыя, і прапанавала Таццяне прыехаць працаваць сюды – усё ж бліжэй дадому. Таццяна згадзілася і прыкіпела да гэтага месца сэрцам. Спачатку была проста пекарам, цеставодам, дражджаводам, а потым стала майстарам-пекарам і зараз свой вопыт перадае маладым спецыялістам.
Нельга нават палічыць, колькі за гэты час булачак, батонаў, боханаў чорнага хлеба, пячэння і іншых мучных прысмакаў спякла Таццяна Уладзіміраўна. Але відаць толькі адно: чалавек любіць сваю работу. У час экскурсіі, якую ветліва правяла для мяне мая суразмоўца, я ўпершыню пабачыла, колькі трэба работы перад тым, як хлеб духмяны і гарачы вывезуць з печы. Спачатку патрэбна прыгатаваць рошчыну – вадкую закваску для цеста, якая складаецца з дражджэй і мукі. Гатовую рошчыну зліваюць у дзяжу – вялікую перасовачную чашу. Па рэцэпце спецыялісты дадаюць у рошчыну неабходныя інгрэдыенты, вага якіх правяраецца на электронных вагах з дакладнасцю да аднаго грама. Далей дзяжу падвозяць пад цестамясілку. Правільны замес і перапрацоўка кампанентаў з’яўляецца залогам прыгожага знешняга выгляду хлеба пасля яго выпякання. Атрыманае цеста, у залежнасці ад гатунку, стаіць яшчэ ад 14 да 28 гадзін. Пры нізкай тэмпературы ў ім адбываецца натуральны працэс ферментацыі, яно спее, узбагачаецца смакам і пахам.
Далей пачынаецца дзяленне і фармоўка цеста. Менавіта на гэтай стадыі і вызначаецца вага будучага вырабу. Пасля таго як цеста падзялілі, яму трэба даць адляжацца. Цеста выкладваюць з форм на пасадчык або бляху, робяць надрэзы ці змазваюць і адпраўляюць у ратацыйную печ.
А адтуль свежаспечаны хлеб трапляе на кантэйнеры, едзе на склад, з якога яго грузяць у машыны на адвозку.
У другім цэху дзяўчаты кладуць на вялікія бляхі булачкі: з макам, з тварагом, з варэннем і іншымі начынкамі. А там пячэнне, якое даўно заваявала прызнанне пакупнікоў, вязуць ужо з печы. А вакол жанчыны, у тым ліку Таццяна, такія… стройныя. Не стрымалася і спытала:
– Ну адкажыце, як вам удаецца захоўваць такія фігуры, калі вакол столькі духмянай спакусы?
– А мы ўжо даўно звыклі да гэтага паху, для нас гэта проста мучныя вырабы, – усміхаецца Таццяна. – У пякарскай справе трэба строга прытрымлівацца рэцэптуры. Напрыклад, батон ці чорны хлеб мы пячэм ужо дзесяцігоддзямі, і рукі ўжо самі бяруць неабходныя інгрэдыенты. Але ж мы не стаім на месцы і пастаянна пашыраем асартымент. З’яўляюцца новыя гатункі хлеба і булачак. Сярод самых папулярных вырабаў булачкі “Смакавінка”, “Хвілінка”, “Вітая з цукрам”, хлеб “Гусляр”, “Манастырскі”, “Сударь”, “Самоцветик”, “Веселее вместе”, хала “Затейница” (Таццяна паказвае мне спіс). У нас абсалютна ўсе натуральныя інгрэдыенты, ніякай “хіміі”. Таму людзі задаволены якасцю нашай прадукцыі. Акрамя Столінскага раёна, наша кандытарская прадукцыя прадаецца ў магазінах Жыткавіцкага, Пінскага раёнаў і нават Гродна.
Дарэчы, у гэтым годзе мы сталі выпускаць мучныя саладосці з глазурай “Полесские вкусняшки”, “Карамболь”, “Жемчужное”, “Сладкая встреча”, для вырабу якога набылі сучаснае абсталяванне.
Аўтарытэт Таццяны Шэпка на заводзе..неаспрэчны. Яе вопыт і прафесіяналізм на вагу золата ў кіраўніцтва. У пацвярджэнне гэтага – Падзяка за ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
Дома Таццяна – цудоўная жонка і маці. Муж Іван працуе на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заво-дзе слесарам. У дзявяты клас ходзіць сын Арцём, якім не нарадуецца маці.
– Цікава, а дома булачкі ці іншыя мучныя прысмакі выпякаеце?
– Толькі хіба блінчыкі, маннік часам. А так у мяне мужчыны, больш мясныя стравы любяць, – усміхаецца мая субяседніца.
У вольны час ад работы Таццяна аддае перавагу… сну. І гэта не дзіўна, улічваючы яе графік. А яшчэ любіць паглядзець які-небудзь фільм мінулых гадоў. А потым зноў спяшаецца на работу, на якой займаецца вельмі важнай справай для ўсіх нас: пячэ яго вялікасць хлеб.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости