НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Асабіста для мяне людзі, якія працуюць у медыцыне, святыя.

Яны даюць клятву і сваё жыццё цалкам прысвячаюць прафесіі. Яны не маюць права адмовіць у дапамозе, ратуюць самае дарагое, што ёсць у чалавека, – жыццё, беручы на сябе вялікую адказнасць. Годным прадстаўніком медыцынскай прафесіі з’яўляецца памочнік урача Альгомельскай амбулаторыі Валерый Дзеніскавец.
Сустракаю Валерыя Аляксеевіча на рабочым месцы. Хоць гэта для яго даўно не проста рабочае месца, а другі дом. На працягу больш за тры дзясяткі гадоў пераступае парог будынка, садзіцца за стол ў невялічкім кабінеце і прымае пацыентаў. Ён ведае ўсіх і яго ведаюць усе. І ў адзін голас гавораць: «Добры і спагадлівы доктар, чалавек на сваім месцы».
Медыцына з юнацтва прыцягвала Валерыя, асабліва неўралогія. Скончыўшы восем класаў Кароціцкай сярэдняй школы, юнак паступіў у Пінскае медыцынскае вучылішча.
Яго размеркавалі ў вёску Нач Ганцавіцкага раёна ўзначальваць фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўваў тры вёскі, дзе колькасць жыхароў была ўсяго 300 чалавек. Цёпла ўспамінае Валерый Аляксеевіч першае месца работы. Асабліва ўдзячны… службе санстанцыі, бо яна заўсёды наведвала ФАП і дапамагала.
Апошні з трох гадоў малады фельчар адпрацоўваў ужо ў Альгомельскай, тады яшчэ ўчастковай бальніцы. У параўнанні з ФАПам у Начы гэта была сур’ёзная медыцынская ўстанова. Бальніца абслугоўвала восем вёсак – Аздамічы, Цераблічы, Сямігосцічы, Вялікае Малешава, Альгомель, Талмачава, Кароцічы і Луткі, у якіх разам насельніцтва складала некалькі тысяч чалавек. Дзейнічаў стацыянар на 25 ложкаў, якія практычна заўсёды былі занятыя. Працаваць даводзілася з ранку да вечара. І нават… уначы. Мабільных тэлефонаў тады не было, а інтэрнэт быў фантастыкай. А калі баліць, што трываць нельга, а на вуліцы ноч, што рабіць? Шукаць урача. Да начных выклікаў хутка звык Валерый Аляксеевіч. Складаных аперацый у Альгомельскай бальніцы не рабілі, таму хворых накіроўвалі ў Давыд-Гарадок. Калі ў хворага не было магчымасці дабрацца, то машыну выдзяляў калгас. Сітуацыя змянілася толькі ў 1993 годзе, калі з’явіўся пост хуткай дапамогі. Цяпер атрымаць медыцынскую дапамогу стала магчымым, патэлефанаваўшы па нумары 103.
Дарэчы, менавіта Валерый Аляксеевіч нёс першае дзяжурства на пасту хуткай дапамогі. Але праблемы ўсё роўна існавалі. Па-першае, не ўсюды можна было даехаць, бо дарогі пакідалі жадаць лепшага. А па-другое, катастрафічна не хапала гаручага. На дзяжурства выдзялялі толькі 10 літраў бензіну, і трэба было моцна эканоміць.
Валерый Аляксеевіч успамінае смешны выпадак:
– Цяжарная жанчына, роды не першыя. Прыехалі па яе, а муж лямантуе, маўляў, карову трэба падаіць, тады і ў раддом можна ехаць. Да слова сказаць, у тыя гады ўсе цяжарныя жанчыны, якім падыходзіў тэрмін нараджаць, дома на ўсякі выпадак трымалі бензін. Таму на сваёй памяці прымаць роды не давялося.
Былі людзі, якія да апошняга цярпелі і не выклікалі ўрача. У маладой дзяўчыны здарыўся разрыў апендыкса і яна знаходзілася ў цяжкім стане.
Мы прывезлі яе ў Давыд-Гарадок у бальніцу, а хірург Рыгор Нічыпаравіч Разуванаў, царства яму нябеснае, крычыць на нас на чым свет стаіць: чаму да апошняга дацягнулі? Я спрабую растлумачыць, што маёй віны тут няма, а ён не сціхае. Урач павінен адказваць за сваіх пацыентаў і ўсё тут. Ведаеце, я столькі гадоў працую, маю вопыт, але заўсёды сто разоў падумаю, які дыягназ паставіць. Бывае нават з дому тэлефаную да пацыента, калі ўзнікаюць нейкія сумненні. На мой погляд, самае галоўнае – гэта выслухаць, не перапыняць. Чалавеку, асабліва калі ён хварэе, эмацыянальная падтрымка намнога больш дапамагае, чым лекі. Здароўе – вось самы дарагі скарб. За тыя гады, колькі я працую, неаднойчы даводзілася сустракацца са смерцю. Да яе ніколі нельга звыкнуць. На жаль, магу сказаць, што людзі сталі больш хварэць, у тым ліку анкалогіяй. Спецыялісты звязваюць гэта з наступствамі чарнобыльскай аварыі. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу заклікаць людзей своечасова звяртацца да ўрача і прыслухоўвацца да свайго арганізма. Складаная сітуацыя была ў час эпідэміі каронавірусу, нельга было прайсці – столькі людзей было на калідоры. Вось што толькі ні прыдумаў чалавек, але перад такой вераломнай хваробай ён аказаўся бяссільны.
Валерый Аляксеевіч і ў час размовы адказвае на тэлефонныя званкі. Маючы добры аўтарытэт сярод калег, як у Давыд-Гарадоцкай, так і ў Столінскай бальніцы, дапамагае сваім пацыентам трапіць да патрэбнага спецыяліста. Вельмі часта яго аднавяскоўцы просяць забраць аналізы з бальніцы.
– Ужо думаю зрабіць дома спецыяльную скрынку для аналізаў і павесіць на веснічках, каб людзі маглі забраць іх, калі мяне няма дома, – смяецца Валерый Аляксеевіч.
Самым лепшым падарункам лічыць сваю жонку Любоў Васільеўну, з якой у шлюбе 22 гады. Дачка Іна пайшла па бацькавай сцяжынцы і стала медыцынскай сястрой. Працуе ў гора-дзе Ціхвін Ленінградскай вобласці. Яе дачка Ліза і сын Саша вельмі любяць гасцяваць у Кароцічах у бабулі з дзядулем. Сын Ігар закончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і сёлета ўладкаваўся трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Давыд-Гарадоцкую ДЮСШ.
Калі пытаю пра любімы занятак, Валерый Аляксеевіч паказвае на тэлефоне свой улоў – даволі вялікіх шчупакоў. На рыбалку ездзіць з надзейнымі сябрамі Мікалаем і Васілём. На ўлонні прыроды ён адпачывае душой.
У час нашай сустрэчы мы паразмаўлялі і пра палітыку, і пра будаўніцтва новага памяшкання амбулаторыі, якое вельмі чакаюць жыхары, і пра многае іншае. У пачатку красавіка Валерый Аляксеевіч адзначыў свой 55-гадовы юбілей. Хоць і пазней, але віншую яго з гэтай датай. І няхай вернецца ўсё дабро, якое вы робіце людзям!
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости