НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вось і надышоў час выпускных вечароў. Зусім хутка вучні назаўсёды пакінуць сцены роднай школы і раз’едуцца ў пошуках шчаслівай будучыні. Гэта чакае і цяперашняга выпускніка Аляксея Леську з аграгарадка Кароцічы, з якім і адбылася наша размова.
– Зараз у цябе вельмі цудоўны, але разам з тым адказны перыяд. Хвалюешся ці ўпэўнены ў сабе? – пытаю юнака.
– Хутчэй упэўнены ў сабе, –адказвае Аляксей. — Не разумею, навошта загадзя нервавацца: што будзе, то будзе. Ад таго, наколькі ты хвалюешся, нічога не зменіцца. Канешне, я рыхтаваўся да іспытаў і тэсціравання, таму думаю, што ўсё будзе добра. Урэшце, трэба заўсёды верыць у сябе.
– А ўжо выбраў навучальную ўстанову, куды збіраешся паступаць?
– З гэтым пытаннем вызначыўся даўно: буду падаваць дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна. Хачу стаць фізікам-інфарматыкам. Да таго ж у гэтым універсітэце ў магістратуры вучыцца мой старэйшы брат Дзмітрый, які займаецца веб-праграмаваннем. Ён мяне ва ўсім падтрымлівае, я часта з ім раюся. А вось у школе любоў да гэтых прадметаў мне прывілі настаўнік фізікі Святлана Кудласевіч, настаўнік матэматыкі Фёдар Гананайка і настаўнік інфарматыкі Аляксандр Савонаў. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім педагогам школы, у якой вучыўся. Я і сам хачу вучыць іншых. Мне па душы тлумачыць, дзяліцца ведамі.
– Зараз моладзь імкнецца ў горад. А ты хочаш застацца ў горадзе?
– Наадварот, я жадаю вярнуцца ў Столінскі раён, бліжэй да дома. Нездарма ёсць прымаўка: дзе нарадзіўся, там спатрэбіўся. Я вельмі люблю сваю малую радзіму і буду сумаваць па ёй. Кароцічы хоць і знаходзяцца далёка ад райцэнтра, але маюць свой непаўторны каларыт. Мне хочацца, каб яны развіваліся і квітнелі.
– Аляксей, што цябе звязвае з музыкай?
– Музыка – гэта занятак для душы. У гэтым годзе я скончыў Альшанскую дзіцячую музычную школу, у якой вучыўся па класе баяна. Яшчэ іграю на акардэоне і фартэпіяна. Самастойна пасябраваў з гітарай. Зноў жа, па прыкладзе свайго старэйшага брата. З задавальненнем выступаю на канцэртах ці калі збіраемся з сябрамі. З музыкай я адпачываю, а для жыцця выбраў інфарматыку.
– Раблю выснову, што ў цябе многа сяброў. А якія якасці ў характары чалавека выклікаюць прыхільнасць?
– Па-першае, сумленнасць і адкрытасць. Я сам заўсёды гавару, што думаю, бо так лягчэй зразумець адзін аднаго. А па-другое, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Бывае, чалавек многа гаворыць, а як даходзіць да справы, то яе няма. Асабіста я, калі даю абяцанне, то заўсёды імкнуся выканаць яго.
– А на што траціш вольны час?
– Яго ў мяне зараз не так многа, паколькі рыхтуюся да паступлення. Дапамагаю бацькам па гаспадарцы. А яшчэ рамантую тэлефоны, у якіх нядрэнна разбіраюся. Цікаўлюся навінкамі музыкі і кіно, таму часта сяджу ў інтэрнэце. А вось аддаю перавагу адносінам ўжывую, калі відаць эмоцыі чалавека. Пакуль яшчэ не раз’ехаліся, па вечарах збіраемся з аднакласнікамі. Дарэчы, па іх таксама буду сумаваць. Яшчэ хачу ім пажадаць, каб усе жаданні збыліся.
– А якое ў цябе запаветнае жаданне?
– Як ні банальна гэта гучыць, але хачу добра ўладкавацца ў жыцці. Каб прыносіла задавальненне работа, каб сям’я была, якая ў маіх бацькоў, каб былі сапраўдныя сябры. На мой погляд, гэта і ёсць шчасце.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Окончание отопительного сезона
Белавиа рейсы

Белавиа рейсы

15 апреля, 2025
Блюда на Пасху 2025

Блюда на Пасху 2025

15 апреля, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости