Вясна, хоць і не надта цёплая, але ўжо гаспадарыць на двары. Прыйшоў час і нам, паважаныя жыхары, пагаспадарыць на зямлі. Пасля зімы яна мае патрэбу ў доглядзе. Але ніхто не прыбярэ і не дагледзець, калі не мы самі. Размова ідзе як пра раённыя арганізацыі, так і асабістыя падвор’і. Усё ж прыемна бачыць зямлю, упрыгожанную кветкамі і садамі, чым смеццем.
Як прыклад – пасадка маладога лесу ў Давыд-Гарадку. Больш за 600 саджанцаў рабіны, дуба, клёна і бярозы, якія гораду прадаставіў Палескі лясгас, пасаджаны па вуліцы Калініна ў раёне хлебазавода.
Гэтай добрай справай займаліся работнікі Давыд-Гарадоцкага ўчастка ўнітарнага прадпрыемства «Брэстаблгаз», камунальнай службы г. Давыд-Гарадка Столінскага ЖКГ, Давыд-Гарадоцкага хлебазавода філіяла “Берасцейскі пекар”. Таксама ў акцыі прынялі ўдзел вучні 9-10 класаў сярэдняй школы № 1 Давыд-Гарадка, члены пярвічнай арганізацыі “БРСМ”.
Лес — гэта наша нацыянальнае багацце. І вельмі цудоўны падарунак гораду. Праз гады зашумяць лістотай бярозы і клёны, радуючы вока новых пакаленняў гарадчукоў.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара