На юбілейную сустрэчу грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» былі запрошаны самыя актыўныя, крэатыўныя, мудрыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.
Мерапрыемства ў рамках дыялогавай пляцоўкі «30 гадоў разам з краінай» прайшло ў райцэнтры напачатку гэтага тыдня.
Уся ўвага, у першую чаргу, ім – жанчынам з актыўнай грамадскай пазіцыяй, што стала неад’емнай часткай іх жыцця. Кісель Людміла Пятроўна, Мірановіч Валянціна Васільеўна, Вабішчэвіч Вольга Сямёнаўна, Багуцкая Любоў Пятроўна, Семянюк Ганна Арсенцьеўна, Вергеенка Ніна Мікалаеўна, Саўчук Марыя Пракопаўна, Лукашэвіч Алена Аляксееўна і многія іншыя, хто ў свой час быў завадатарам добрых спраў, якія і ляжаць у аснове дзейнасці Беларускага саюза жанчын.
Падзякаваць нашым актывісткам за работу прыйшлі старшыні прафсаюзных камітэтаў арганізацый раёна.
Старшыня Столінскай раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Таццяна Лабадзінская распавяла пра работу грамадскага аб’яднання па ўсіх кірунках дзейнасці, а таксама падзякавала ўсім жанчынам за неабыякавасць да праблем, патрыятызм, актыўнасць у правядзенні шматлікіх мерапрыемстваў.
Акцэнт на ўдзеле жанчын у патрыятычным выхаванні насельніцтва, у выбарчых кампаніях, добраўпарадкаванні, шматлікіх мерапрыемствах, што праходзяць пад эгідай Года народнага адзінства, маючым адбыцца рэферэндуме па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, зрабіла старшыня раённай арганізацыі «Беларускі фонд міру», начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Святлана Піва.
Зразумела, падчас гэтай сустрэчы нельга было абысціся без успамінаў, меркаванняў і поглядаў на падзеі сённяшняга дня з вуснаў тых, хто мае за плячыма не проста жыццёвыя гады, а карысны і каштоўны вопыт.
Трыццаць пяць гадоў. Такі стаж работы ў Глінкаўскай школе ў Марыі Пракопаўны Саўчук. Менавіта яе словы я вынесла ў загаловак да гэтага артыкулу.
– Я такая, як і ўсе! – кажа Марыя Пракопаўна. – Я звычайная жанчына. Але кожная з нас адначасова – шэдэўр. Шэдэўр ва ўсім – і ў штодзённым жыцці, сямейных пытаннях, на працоўным месцы.
Да крыніц, з якіх выйшаў сучасны Саюз жанчын вярнула прысутных Валянціна Васільеўна Мірановіч. Гэтага чалавека добра ведаюць на Століншчыне. Менавіта дзякуючы яе творчаму таленту са старонак «Навін Палесся» раён даведваўся пра простых працаўнікоў, герояў свайго часу. Не пакінула яна сваёй прагі да журналістыкі і ў час, калі ўзначаліла раённы Савет ветэранаў.
– Яшчэ пры райкаме партыі ў пяцідзясятых гадах быў створаны жаночы савет раёна, які ўзначальвала Вера Мацвееўна Очкіна. Жанчыны былі, можна сказаць, на першым фланзе. Ім была справа да ўсяго, і адказвалі яны таксама за ўсё – і за стварэнне калгасаў, і за нарыхтоўку кармоў, і за выхаванне дзяцей у праблемных сем’ях, — узгадвае Валянціна Васільеўна.
– Мы ішлі навобмацак, спрабавалі – атрымаецца ці не, як кажуць, вучыліся на сваіх памылках. Але гэты багаж вельмі дапамог у далейшым. Жанчыны заўсёды былі першай скрыпкай. Мы шмат чаго рабілі для іншых, прычым бескарысна. На жаль, цяперашняя моладзь здзіўляецца гэтаму і задае адразу пытанне: «А колькі вам плацілі?» Нельга ўсё вымяраць грашыма. Таму зараз складаная задача – давесці да свядомасці людзей, што штучна стварыць патрыятызм нельга, яго трэба выхоўваць паступова, мэтанакіравана, – адзначыла Валянціна Мірановіч.
Да жнівеньскіх падзей 2020 года звярнулася ў сваіх успамінах Алена Аляксееўна Лукашэвіч, былая загадчыца аддзела ЗАГС г. Століна.
– Да болю кранае тое, што адбываецца з нашымі дзецьмі. Мне давялося асабіста сутыкнуцца з тымі, хто хацеў нейкіх незразумелых пераменаў, – гаворыць Алена Аляксееўна. – У мяне для іх быў просты прыклад з жыцця маёй бабулі. Ёй давялося на сабе паспытаць жыцця і пад Польшчай, і пад фашысцкімі акупантамі. Яна заўсёды гаварыла: «Нікому не зайздросьце! Папрацуеце больш – будзе жыць лепш, менш – горш…»
Алена Аляксееўна зрабіла акцэнт на тым, што, перажыўшы тыя гады ваеннага ліхалецця, перажыўшы голад і холад, разруху, зрабілі неверагоднае – аднавілі нашу краіну, стварылі сучасную квітнеючую Беларусь. Хіба можам мы – беларусы, ісці адзін на аднаго?! Гэта не наш шлях!
Мы хочам жыць у міры і згодзе!
У кожнай з жанчын ёсць у сэрцы свой агеньчык, які і трэба несці людзям, дзяліцца сваёй цеплынёй і спагадай. У гэтым наша сіла! Такім своеасаблівым дэвізам завяршылі сустрэчу гераіні нашага часу – такія, як усе, і адначасова кожная – шэдэўр!
Алена КЛІМУШКА
Фота аўтара