НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вадзім Кудравец – студэнт чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Юнак вучыцца на факультэце ваеннай медыцыны, таму пасля заканчэння ўстановы стане ваенным урачом.
– Можна сказаць, што мой выбар – гэта ўвасабленне мар маіх бацькоў. Маці – урач-педыятр, намеснік галоўнага ўрача Столінскай ЦРБ па медыцынскім абслугоўванні. Бацька хацеў стаць ваенным, але не атрымалася. Зараз ён працуе загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання Столінскага ТЦСАН. Таму яны вельмі абрадаваліся, калі я паступіў. А самае галоўнае, што гэта была і мая мара, таму я ніводнага разу не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Мне па-сапраўднаму прыносіць задавальненне вучоба, хоць, прызнаюся, першы час было цяжка прызвычаіцца.
– А што было самым складаным для цябе?
– Хутчэй за ўсё строгая дысцыпліна. Трэба было вучыцца жыць па статуце, як у арміі. Гэта сур’ёзная трансфармацыя асобы, паколькі плануеш свой дзень да хвіліны. Хоць я і да гэтага імкнуўся правільна карыстацца сваім часам, але ва ўніверсітэце гэтае імкненне выпрацавалася да дасканаласці. У мяне ніколі не было праблем з самаарганізацыяй і вучобай, і школу я закончыў з залатым медалём. Але пасля паступлення ў мяне зусім не было часу на «разгойдванне». І сваё 17-годдзе я сустрэў, калі праходзіў курс маладога байца. Як гаворыцца, з карабля на баль.
– У чым жа галоўнае адрозненне грамадзянскага ўрача ад ваеннага?
– Адрозненні істотныя. Першае – праграма навучання. Праграмы падрыхтоўкі грамадзянскіх лекараў прыкладна аднолькавыя і грунтуюцца на ўсебаковай, але выключна медыка-прафесійнай адукацыі. А вось у ваенных гэты спектр пашыраецца ўзмоцненай фізічнай падрыхтоўкай, робіцца сур’ёзны ўпор на арганізацыю і тактыку медыцынскай службы. Зразумела для чаго: ваенны ўрач, перш за ўсё, – гэта ўрач ваеннага часу.
Гэтак жа вялікая ўвага надаецца пытанням ваенна-палявой тэрапіі і хірургіі, таксікалогіі, медыцыне катастроф і эпідэміялогіі. Усё гэта дапамагае ў ваенны час і ў час арганізацыі медыцынскай дапамогі пацярпелым ад баявых дзеянняў і разгортвання баявых адзінак.
Другое і значнае адрозненне – размеркаванне. Ваенныя ўрачы рэдка застаюцца працаваць у той арганізацыі, у якой яны вучыліся. Такое шчасце свеціць толькі тым, хто паказаў выдатныя поспехі ў навучанні і ў навуковай дзейнасці. Усіх астатніх чакае размеркаванне – тэрытарыяльнае і прафесійнае. Спецыяльнасць можна будзе атрымаць толькі тую, якая неабходна міністэрству абароны.
А самае галоўнае, на мой погляд, што ў ваеннага ўрача павінны быць сталёвыя нервы, паколькі яму даводзіцца працаваць у гарачых кропках і ў ваенны час. Грамадзянскія лекары рэдка калі ўбачаць звычайнае кулявое раненне, у той час, як яго ваеннаму калегу даводзіцца бачыць усю эвалюцыю ваеннай зброі: мінна-выбуховыя траўмы, раненні ад гранат, а таксама пашкоджвальных элементаў, размажджэранне канечнасцяў і іншыя выпадкі, уласцівыя ваенным дзеянням. Калі ваенны ўрач працуе ў баявых умовах, яго першачарговай задачай з’яўляецца не поўнае выздараўленне хворага, а больш хуткае аднаўленне баявой адзінкі і вяртанне яе на поле бою.
– Значыць, ты загадзя выбраў небяспечную прафесію?
– Так, я разумею гэта. Але для меня абараняць Радзіму – пачэсная задача. Мужчыну трэба браць адказнасць на сябе. У гэтым я ўпэўнены і гатовы заўсёды аказаць дапамогу.
– А дзе вы праходзіце практычныя заняткі?
– Мы прымаем удзел у ваенна-медыцынскіх вучэннях. Апошнія былі ў канцы ліпеня на базе Барысаўскага шпіталя. Вельмі карыснымі былі вучэнні сумесна з будучымі ваеннымі ўрачамі з Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава, што ў Санкт-Пецярбургу. Мы дзейнічалі, як у час баявых дзенняў: разгортвалі палявы шпіталь, забіралі параненых з поля і гэтак далей. Гэта патрэбна нам.
– Вадзім, а ці застаецца ў цябе вольны час?
– Застаецца, і большасць яго аддаю спорту. Яшчэ ў школе займаўся футболам і рукапашным боем. У нас сур’ёзная медыцынская падрыхтоўка, таму мне пашанцавала – сумяшчаю прыемнае з патрэбным. А яшчэ ўжо тры гады з задавальненнем прымаю ўдзел ва ўсіх Мінскіх паўмарафонах і лёгкаатлетычных стартах «Забег сапраўдных мужчын». Гэта такі адрэналін! Да таго ж пасля трэцяга курса мы атрымліваем сутачнае звальненне, дзякуючы якому можна сустрэцца з сябрамі ці схадзіць куды-небудзь, так мовіць, для асабістага развіцця. А яшчэ вельмі люблю чытаць. Апошняя кніга «Бывай, зброя» Эрнэста Хемінгуэя, а так захапляе творчасць нямецкага пісьменніка Эрых Марыі Рэмарк. Бывае калі гляджу кіно, вельмі спадабаўся серыял «Папяровы дом».
– Пэўна, за гэты час ты звык да сталічнага жыцця?
– Я не так часта бываю ў самім горадзе, таму не магу сказаць, што горад мяне зачапіў. Але я хацеў бы тут застацца працаваць у 432-м ордэна Чырвонай Зоркі галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Час пакажа, куды мяне накіруюць. У любым выпадку я буду выконваць свой абавязак і буду адданым выбранай прафесіі.
Мне заўсёды імпануюць маладыя людзі, якія ведаюць, чаго хочуць ад жыцця. Таму жадаю юнаку, каб у яго жыцці ўсё атрымалася, а мы ганарыліся нашым земляком.
Ганна
МЕЛЬНІК

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Столинский район на ВНС 2025
Гороскоп на 22 декабря

Гороскоп на 22 декабря

17 декабря, 2025
Гороскоп на 21 декабря

Гороскоп на 21 декабря

17 декабря, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости