• ru
  • by
  • 6 октября

    USD

    EUR

    Столин

    9C

    Аб усім можна дамовіцца

    22.03.2024

    467

    0

    5/5 - (1 голос)

    Заўсёды радуецца душа, калі бачу сапраўды моцныя сем’і, у якіх пануе каханне, узаемапавага і разуменне.
    І адна з такіх – сям’я Дзмітрыя і Ірыны Чынікайла з аграгарадка Альшаны.
    З Ірынай мы пазнаёміліся раней. Яна з’яўляецца агентам страхавым, і мы заключалі дагавор страхавання. Адразу выклікала прыхільнасць гэтая маладая жанчына – ветлівая, паважлівая, да таго ж прафесіянал сваёй справы. Потым яшчэ колькі разоў бачыла, як яна шпацыруе па вясковых вулачках і размаўляе з людзьмі, бы з добрымі знаёмымі. Таму зусім хутка ў вёсцы яе пачалі называць «наша Іра».
    – Я проста люблю людзей, – кажа яна. – Вось ад чыстага сэрца скажу, што атрымліваю асалоду ад зносін. Мне цікава слухаць, як уладкаваліся іх дзеці і ўнукі ў горадзе, якую бульбу будуць саджаць у гэтым годзе і якія прысмакі гатаваць да свята. Здаецца, гэта дробязі, але з іх і складаецца жыццё. Кажуць, працаваць з людзьмі няпроста. Не пагаджуся, бо ўпэўнена, як ты ставішся да чалавека, так і ён да цябе. Усё проста!
    А першы працоўны дзень Ірыны быў якраз на яе дзень нараджэння 23 лістапада ў 2021 годзе. Канешне, хвалявалася, адказнасць вялікая, а вопыту зусім не было, бо дагэтуль яе прафесіямі былі – маці чацвярых дзяцей, жонка і гаспадыня.
    – Я заўсёды хацела працаваць, мне было цікава. Выдатна вучылася ў школе, але адразу пасля яе заканчэння выйшла замуж. Мяркую, нікога не здзіўлю, бо ў Альшанах так заведзена: на першым месцы сям’я. Я сама была трэцяй з дзевяці дзяцей у сваіх бацькоў. Ды і мой каханы муж Дзмітрый быў і застаецца той каменнай сцяной, за якім спакойна.
    Мы займаліся, як і большасць маладых сем’яў, вырошчваннем і рэалізацыяй агародніны, трымалі 24 соткі парнікоў і палі. Будавалі дыхтоўны дом, укладаючы ў яго душу. Хутка наша сям’я пабольшала на дачушак Наталлю, Вікторыю, сыночкаў Івана і Аляксея. І вось некалькі гадоў таму мы, шчыра кажучы, «праляцелі» з памідорамі. Не, зберажэнні ў нас былі, але тады да мужа і да мяне адначасова прыйшло паняцце, што трэба мець запасныя крыніцы даходу. Ён уладкаваўся будаўніком, і зараз ім працуе. Я ж без адукацыі, без вопыту, разважала, дзе магу рэалізавацца. Аднойчы да мяне прыехала агент страхавы Наталля Семянюк, якая многа гадоў працуе ў Альшанах. Я пацікавілася, ці можна ўладкавацца на работу. І да майго вялікага і прыемнага здзіўлення, Наталля адказала: «Хочаш працаваць, калі ласка. Галоўнае, тваё жаданне і ўпэўненнасць, а ўсяму навучым!» Адразу пагадзілася, каб яна прапанавала маю кандыдатуру. Пакуль чакала, ці зацвердзяць, вучылася сама, у інтэрнэце, многа чытала, знаёмілася з неабходнымі дакументамі. Інтуіцыя падказвала, што спатрэбіцца. І мяне запрасілі на гутарку ў страхавую кампанію Белдзяржстарх, прадстаўніцтва якога знаходзіцца ў Століне.
    І ў Ірыны ўсё атрымалася. Яе ўчасткамі сталі вёскі Высокае, Сямігосцічы і частка Альшан. Хутка знайшла агульную мову з людзьмі. Паралельна скончыла курсы павышэння кваліфікацыі, які далі дадатковыя веды. І ўжо праз год імя Ірыны Чынікайла вісела на Дошцы гонару, як лепшага агента страхавога.
    – Ведаеце, зусім не імкнулася да звання лепшай і нават здзівілася, калі даведалася, – прызнаецца Ірына. – Проста адказна стаўлюся да сваіх абавязкаў, кампанія ж сур’ёзная, мы працуем не толькі з людзьмі, але і з грашыма.
    – Цікава, а як муж паставіўся да тваёй работы?
    – Выдатна, бо бачыць, што мне падабаецца. У нашай сям’і заўжды пануе правіла – лепш скажы, чым прамаўчы. Таму, паверце, я б дакладна ведала, калі ён быў бы супраць (смяецца). Мой графік дазваляе ўдзяляць увагу і дзеткам, у вачах якіх жыве маё шчасце. Яны ў мяне розныя па характары, але такія дружныя.
    Ірына і Дзмітрый – людзі веруючыя. І любоў да Бога прывіваюць сваім дзецям. А яшчэ такія якасці, як дабрыня, спагадлівасць, узаемадапамога.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика