Май у гэтым годзе выдаўся дажджлівым. Здаецца, проста на вачах расце трава, якая зараз надта сакавітая. Таму ў нашым раёне гаспадаркі пачалі ўборку кармоў. Адным з першых – ААТ “Кароцічы”, куды мы паехалі паглядзець, як ідуць работы.
– Надвор’е сапраўды падносіць нам сюрпрызы, – сустракае нас дырэктар Васіль Кудласевіч. – Калі ў красавіку пасля сяўбы ледзь не маліліся, каб дождж пайшоў, то зараз, наадварот, молімся, каб ён хоць некалькі дзён не ішоў. Пачалі ўбіраць 21 мая зранку, а потым такі лівень пачаўся, што за дзень толькі тры гадзіны папрацавалі. Палову наступнага дня чакалі, каб крыху падсохла. Карацей кажучы, ловім сухія не дні, а нават гадзіны, каб падабраць і вывезці. Добра, хлопцы працуюць тыя, што трэба. Самі сочаць за прагнозам надвор’я і выязджаюць, як толькі з’яўляецца магчымасць. За такі падыход да сваёй работы яны заслугоўваюць толькі словы ўдзячнасці.
Сапраўды, машыны і трактары раз-пораз едуць з поўнымі прычэпамі зялёнай травы. На адвозцы працуюць Аляксандр Кудласевіч, Аляксей Комар, Іван Клімовіч, Сяргей Леська, Васіль Леська, Віталь Леська і Рыгор Сямейка.
Падбіраюць траву на кармаўборачным камбайне Васіль Серадзін. А вось касьбой заняты Аляксандр Клімовіч, Іван Мельнік. Аляксей Талмачэвец працуе ў гаспадарцы з юнацтва, косіць на старэнькай касілцы КПР, якой ўжо 15 гадоў. Вось што значыць, калі залатыя рукі ў механізатараў.
Зялёны корм узважваюць і трамбуюць. Гэта работа Валерыя Леські і Віталя Талмачэўца. Кантралюе працэс Юрый Кавалец, які расказвае, што з такім непрадказальным надвор’ем увесь час даводзіцца то накрываць, то адкрываць утрамбаваную масу, каб не намокла.
Работы наперадзе яшчэ многа. Усяго запланавана нарыхтаваць 600 тон сена, 6500 сенажу і 12000 саломы. Ужо каторы год у гаспадарцы абыхо-дзяцца сваімі якаснымі кармамі. Вынік цудоўны: пры сярэднім надоі па раёне на адну карову ў 17,1 кілаграма, тут дояць 19,03 кілаграма.
– Скардзіцца не будзем, трава ў нас добрая. Спадзяёмся, што і ў гэтым годзе нарыхтуем кармоў пра запас. Але самае галоўнае, у нас цудоўныя работнікі, якія працуюць сумленна. Застаецца спадзявацца толькі, што надвор’е не падвядзе, – дадае Васіль Пятровіч.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота
аўтара