ААТ «Кароцічы» лічыцца адной з лепшых гаспадарак у раёне. Тут заўсёды кіпіць работа. Працуюць на полі, на фермах і на будоўлі. З 2016 года тут пабудавалі тры цялятнікі, зараз узводзяць чавёрты.
– У нас на кожнай ферме свая вузкая спецыялізацыя. На малочна-таварным комплексе «Збішча» і малочна-таварнай ферме «Луткі» – дойныя каровы. А на астатніх – адкорм і гадоўля статка, з чым у нас узнікла праблема. Старыя цялятнікі сталі непрыгоднымі, паколькі служылі больш за трыццаць гадоў. Было вырашана пабудаваць з нуля новыя памяшканні. Сродкі ў нас з’явіліся, дзякуючы рэалізацыі прадукцыі малочна-таварнага комплексу. І мы не сталі марудзіць, – расказвае дырэктар ААТ «Кароцічы» Васіль Кудласевіч.
Першую ферму пабудавалі за шэсць месяцаў. Астатнія – за чатыры.
– У будаўнічай брыгадзе шэсць чалавек – старшы брыгадзір Генадзь Халімончык, Васіль Тарчыла, Данііл Бірук, Сяргей Вяргун, браты Іван і Валерый Кудласевічы, – далучаецца да размовы прараб Рыгор Сямейка. – Іларыён Мароз і Іван Савонаў займаюцца зварачнымі работамі. Пачынаем у шэсць гадзін раніцы, а ўдзень, калі моцная спёка, абед доўжыцца тры гадзіны. Далей працягваем працаваць зноў да сямі гадзін вечара. Мы павінны здаць будынак роўна ў тэрмін. Гэты плануем здаць у экплуатацыю праз месяц. Таму, калі патрэбна, працуем і па выхадных.
– Адначасова робім сцены і дах, зварваем дзверы. Спыняе ход работ толькі надвор’е, ды і то ненадоўга. З будаўнічымі матэрыяламі ў нас праблем няма. Калі чагосьці не хапае, то, каб не губляць часу, пазычаем у суседняй гаспадаркі ААТ «Палессе-АВМ». Потым, калі нам дастаўляюць, аддаём. Усе нашы хлопцы вопытныя, адказныя і працуюць сумленна.
І сапраўды, у час майго візіту будаўніцтва яшчэ аднаго цялятніка ішло поўным ходам. Праўда, каб яго занатаваць, давялося ўгаворваць работнікаў. Маўляў, яны не пры парадзе. Але ж ці гэта галоўнае, калі справы рухаюцца наперад?
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара