У перыяд з 16 па 21 лютага ва ўстановах адукацыі раёна прайшлі мерапрыемствы ў рамках Тыдня роднай мовы. Яны спрыялі фарміраванню станоўчай матывацыі да вывучэння роднай мовы.
У рамках Тыдня ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі з вучнямі 8-9 класаў, законнымі прадстаўнікамі вучняў, педагагічнымі работнікамі, тэхнічнымі работнікамі, супрацоўнікамі Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета 20 лютага была праведзена Купалаўская дыктоўка па тэксце «Свет матулі», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, напісанне якой ужо стала традыцыйным. Асноўная думка тэксту дыктоўкі заключаецца ў тым, што родная мова – гэта матуліна мова, і кожны гук ідзе з вуснаў маці.
Тыдзень быў насычаны цікавымі, пазнавальнымі, змястоўнымі мерапрыемствамі. У кожнай установе адукацыі Тыдзень праходзіў пад сваёй назвай. У рамках Тыдня праводзіліся аўкцыёны, моўныя квілты, інтэлектуальныя, лінгвістычныя гульні, забаўляльныя праграмы, гульні, конкурсы, турніры знаўцаў роднай мовы, круглыя сталы, хвілінкі-перапынкі беларускай мультыплікацыі, чэленджы, панарамы, віктарыны, прэзентацыі, выставы, музычныя марафоны, завочныя падарожжы, брэйн-рынгі, гадзіны інфармацыі, былі арганізаваны выпускі газет, навучэнцы стваралі калажы, аформлены фотазоны, святочна ўпрыгожаны калідоры і лесвіцы. Навучэнцы, настаўнікі і бацькі частаваліся беларускімі стравамі.
Нельга не адзначыць некаторыя з праведзеных мерапрыемстваў. Для навучэнцаў і гасцей Столінскай дзяржаўнай гімназіі была падрыхтавана маляўнічая выстава «Роднай мовы пералівы», якая дазволіла кожнаму яшчэ раз упэўніцца ў багацці і мілагучнасці нашай мовы. Сапраўдную актыўнасць выклікала інтэрактыўная акцыя «Мове рускай дай разгрузку, размаўляй па-беларуску». Гімназісты і настаўнікі з задавальненнем далучаліся да ініцыятывы, перакладалі словы і атрымлівалі падарункі.
У СШ № 2 г. Століна імя С. П. Каплуна была праведзена гульня-падарожжа «Скарбы роднай мовы», дзе навучэнцы перакладалі словы на беларускую мову, пісалі пажаданні роднай мове, адгадвалі загадкі, называлі рэчы па-беларуску, рыхтавалі выказванні про родную мову.
СШ № 3 г. Століна сумесна з гарадской бібліятэкай арганізавалі гульнёва-інтэлектуальнае мерапрыемства «Гавары са мной на роднай мове». Навучэнцы Варанёўскай СШ прынялі актыўны ўдзел у гульні-падарожжы «Гучыць беларускае слова», падчас якой праявілі сябе не толькі добрымі знаўцамі традыцый беларускага народа, але і паказалі свае артыстычныя здольнасці.
У СШ № 1 г. Давыд-Гарадка прайшла квэст-гульня «У пошуках літары «у нескладовае».
У Альшанскай СШ № 1 – акцыя «Мяняем цукеркі на веды», чэлендж «Чытанне вершаў на беларускай мове беларускіх паэтаў».
У Сямігосціцкай СШ адбылося мерпапрыемства «Шануйце родную мову», на якім вучні, удзельнікі гуртка «Мастацкае слова», чыталі вершы на роднай мове ўласнага аўтарства, знаёмілі навучэнцаў малодшых класаў з цікавымі звесткамі аб роднай мове, праводзілі інтэрактыўную гульню «Мова наша ў нацыянальным арнаменце».
У Фядорскай СШ адбылася сустрэча з Васілём Казачком, паэтам, мастаком, членам беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, Саюза пісьменнікаў Беларусі. Васіль Андрэевіч расказаў дзецям пра сваё жыццё, пра літаратурную дзейнасць, пра ганчарства. Паэт чытаў свае творы на розныя тэмы, але асаблівую ўвагу надаваў вершам пра родную мову і прызываў вучняў не забываць родную мову, не саромецца яе.
У Кароціцкай СШ з навучэнцамі была праведзена гульня «Моўны калейдаскоп» у форме ток-шоу «Свая гульня». Навучэнцы пісалі малюнкавы дыктант, выбіралі адну з рубрык гульні і адказвалі на пытанні да іх.
У Церабяжоўскай СШ вучні выраблялі паштоўкі «Пажаданні роднай мове», удзельнічалі ў гульні «Мова родная – мова модная». Пад гэтай жа назвай прайшоў творчы марафон у Асаўской СШ, у якім навучэнцы праявілі свае вакальныя таленты і цікавасць да нацыянальнай культуры. Цікава прайшла ў школе і «Слоўная перастрэлка», дзе вучні збіралі пазлы з малюнкамі і супастаўлялі іх са словамі на беларускай і рускай мовах.
Навучэнцы Гараднянскай СШ удзельнічалі ў гульні-падарожжы «Ці ведаеш ты родную мову?».
У Альманскай СШ прайшло мерапрыемства «З гісторыі беларускай кухні».
З навучэнцамі Відзіборскай СШ праведзены вусны часопіс «Культурны код Беларусі: галерэя жаночых імён», які даў магчымасць адчуць гонар за сваіх землякоў-беларусаў, за сваю Радзіму.
Усе школьныя бібліятэкі арганізавалі выставы да Тыдня роднай мовы. Напрыклад, у школьнай бібліятэцы СШ № 2 р. п. Рэчыца арганізавана выстава «Багата, родная ты мова…», фотазона з прызнаннем у любові да роднай мовы, у Альгомельскай СШ – выстава-прэзентацыя «Жаночы след у гісторыі Беларусі», «Слаўлю цябе, родная мова».
Такія мерапрыемствы – выдатны спосаб пашырыць слоўнікавы запас, павысіць матывацыю да вывучэння роднай мовы, літаратуры і свайго краю. Вучні праявілі сябе, выпрабавалі ўласныя сілы ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах, прадэманстравалі свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці і дасягненні.
У сваю чаргу, хочацца выказаць словы падзякі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, якія арганізавалі гэтыя цікавыя, пазнавальныя мерапрымствы, вучням – за актыўны ўдзел у іх, бацькам, якія далучыліся да такой цікавай работы.
Несумненна, гэты Тыдзень запомніцца дзецям, іх бацькам, педагогам. І, магчыма, родная беларуская мова будзе значна часцей гучаць не толькі ва ўстановах адукацыі, але і ў сем’ях беларусаў, на вуліцах гарадоў і вёсак, у грамадскіх месцах.
Гучы, родная мова!
Ніна ПРУС,
метадыст
Столінскага РУМК
