НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У наш час сучасных тэхналогій, калі дзяцей з ранніх гадоў акружаюць усемагчымыя гаджэты, інтэрактыўныя цацкі, асабліва важна захаваць сувязь пакаленняў і памяць аб мінулым. Прычым выклікаць цікавасць неабходна яшчэ ў дашкольным узросце. У Вялікамалешаўскім дзіцячым садку № 1 да вырашэння гэтай задачы падыйшлі творча і нетыпічна: тут стварылі сапраўдны міні-музей народнага быту «Водгук мінулага». Карэспадэнт «НП» пабываў у гэтым утульным куточку
даўніны і даведаўся, як ён дапамагае ў выхаванні дашкалят.

Міні-музей быў створаны амаль 10 гадоў таму і, можна сказаць, арганізоўваўся крок за крокам. Гэта была агульная ініцыятыва калектыву, якую падтрымалі бацькі выхаванцаў.
– Наш міні-музей дазваляе выхаванцам наглядна ўявіць жыццё сваіх продкаў, – гаворыць загадчык садка Іна Кузьміч. – Хто, калі не мы, пакіне гэтую памяць для нашых дзетак? Таму мы і надалі такую ўвагу гэтаму кірунку ў рабоце. Хацелася арганізаваць жывую прастору, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маглі б дакрануцца да гісторыі рукамі. Для дзяцей такая абстаноўка, дзе ўсё можна патрымаць у руках, 90 працэнтаў поспеху ў пазнанні навакольнага свету.

Галоўнымі мэтамі міні-музея стала патрыятычнае выхаванне і знаёмства з выто-камі роднай культуры. Перад работнікамі дзіцячага сада стаяла няпростая задача: дзе ўзяць экспанаты? На дапамогу прыйшлі і бацькі, і аднавяскоўцы, і доўгажыхары населенага пункта. Менавіта яны падзяліліся тымі самымі «скарбамі»: расшытымі руш-нікамі, наметкамі, драўлянымі лыжкамі, гліняным посудам і нават сапраўднымі вілкамі, чапялой, якімі даставалі чыгункі з печы.
У невялікім памяшканні створана «карцінка» мінулага, сабраны прадметы быту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: засланы ложак, бабулін куфар, яркі вытканы дыван на сцяне. Тут можна пазнаёміцца з такімі экспанатамі, як маслабойка, начоўкі, лапці, дзяруга, гарлач, збан, вугальны прас, керасінавая лямпа, дзежка, качалка, таўкач і многае іншае. Нават ручны ткацкі станок з неабходнымі прыладамі, якія раней былі амаль што ў кожным доме, у міні-музеі знайшоў сваё месца.

– Гэта – часалка для льну, а вось гэта – верацяно, – знаёміць з экспанатамі Іна Вітальеўна. – Ёсць яшчэ і мялка – прылада для змягчэння матэрыялу. Здзіўляешся, калі ўяўляеш колькі працы ўкладвалася ў стварэнне гэтых рэчаў. У будучыні плануем навучыцца ткацкай справе.
У гэтым куточку ёсць рушнікі, якія зроблены ў 1954 годзе, вышытыя карціны – у 1918-1920 гадах, народныя касцюмы прыкладна гэтага ж часу. Кожная рэч захоўвае сваю гісторыю.
– А што такое рубель, ведаеце? – пытаецца Іна Кузьміч.
– Напэўна, гэта грашовая адзінка, – спрабую адказаць на пытанне.

– Не зусім так. Рубель – гэта драўляны брусок з папярэчнымі жолабамі для прасавання бялізны. Ім карысталіся ў 60-ых гадах мінулага стагоддзя, – тлумачыць суразмоўца.
Па словах Іны Кузьміч, выхаванцы садка праяўляюць інтарэс да прадметаў мінулага, а найбольшую цікавасць у дзетвары выклікае калыска з немаўляткам. У музеі дзецям прадастаўляецца магчымасць выступіць у якасці эксурсавода і правесці невялікі агляд па экспазіцыі. У працэсе такой дзейнасці ў выхаванцаў удасканальваецца маўленне, папаўняецца слоўнікавы запас, фарміруецца каштоўнаснае стаўленне да роднай мовы і жаданне размаўляць на ёй.
– Усе музейныя заняткі работнікі ўстановы імкнуцца зрабіць займальнымі, – дадае Іна Вітальеўна. – Першапачаткова дзеці знаёмяцца з прадметамі быту, іх назвамі і прызначэннем, потым – з гісторыяй прадмета і яго ўзнікненнем. Пры гэтым ўвагу дзяцей акцэнтуем на тагачасным ладзе жыцця. Выхаванцы атрымліваюць практычныя навыкі і ўяўленне аб хатняй працы.
А што думаюць самі дзеці аб творчым куточку? Выхаванцы садка Васілій Андрэйкавец, Вікторыя Олех, Аліна Карпава, Яна Васюхневіч і Цімафей Дземка шчыра падзяліліся, што ў музей яны заўсёды прыходзяць з здавальненнем, бо «тут вельмі цікава і можна усё разгледзець». Тут праходзяць і гульні, і тэматычныя заняткі, і экскурсіі. Маленькія наведвальнікі, як і мае быць, задаюць безліч пытанняў: «А як гэта называецца? Для чаго яно прымянялася?» – і атрымліваюць ад старэйшых вычарпальныя адказы.

– Безумоўна, вывучэнне народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, звычаяў і традыцый свайго народа – працэс няпросты і працяглы, які можа доўжыцца ўсё жыццё, – кажа Іна Кузьміч. – Але сродкі музейнай педагогікі ў дашкольнай установе дапамагаюць зрабіць яго яркім, радасным, захапляючым, вучаць дзяцей быту мінулых часоў, мастацтву, любові да роднай мовы і культурнай спадчыны роднай краіны.
Дарэчы, міні-музей «Водгук мінулага» не аднойчы станавіўся пераможцам раённага конкурсу сярод міні-музеяў. На гэтым тыдні, які прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, кожны дзень праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы з выхаванцамі. Гэта яскравы прыклад таго, як невялічкая ініцыятыва можа ператварыцца ў важную справу па захаванні традыцый нашых бабуль і дзядуль. Што й казаць: пакуль юнае пакаленне будзе шанаваць, берагчы, ставіцца з павагай да мінулага, наша гісторыя будзе мець працяг. Ці можа быць інакш?..

Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 23 февраля 
100-летний юбилей

100-летний юбилей

22 февраля, 2026
Учитель, оставивший след в сердцах учеников
Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости