Хатынь, Ола, Забалоцце, Варані… Назвы населеных пунктаў, раёны, вобласці розныя. Але што іх аб’ядноўвае? Так, трагічны лёс у гады Вялікай Айчыннай вайны. З 9 200 населеных пунктаў, разбураных і спаленых у ходзе карніцкіх аперацый фашыстаў, паліцыянтаў і іх саўдзельнікаў на тэрыторыі Беларусі, звыш 5 295 былі знішчаны разам з усім або з часткай насельніцтва. 186 вёсак не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі – уключаючы жанчын, немаўлятаў, дзяцей, нямоглых старых і інвалідаў. Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду і «выпаленай зямлі» ў Беларусі сталі забітымі 2 230 000 мірных жыхароў, знішчаных за тры гады акупацыі. Загінуў кожны трэці беларус.
14 лютага ў Варанях прайшоў мітынг-рэквіем з нагоды трагедыі вёскі, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, навучэнцы. Да прысутных звярнуліся пракурор раёна Аляксандр Федаровіч, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Анатоль Максімовіч і навучэнка Варанёўскай СШ Валерыя Карымава – прадстаўнікі трох пакаленняў, якія адзначылі, што тыя жахлівыя падзеі ў нашай гісторыі перадаюцца ад дзядоў і прадзедаў сваім дзецям, унукам і праўнукам. І памяць будзе жыць у народзе да тых часоў, пакуль гэты ланцуг адзіны. І трываласць гэтага ланцуга залежыць ад нас – нашчадкаў Вялікай Перамогі.
У лютым 1943-га гітлераўцы правялі карную аперацыю ў Варанях – спалілі вёску разам з жыхарамі, якія знаходзіліся ў дамах. У электроннай базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Беларускага Фонду міру «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны» прыво-дзяцца наступныя даныя: 138 чалавек загінуўшых, 97 дамоў спалена. Але ў самой вёсцы лічаць, што колькасць ахвяр карнікаў невядома.
Альманы, Белавуша, Беражное, Фядоры – пацярпелых у агні ў гады Вялікай Айчыннай вайны населеных пунктаў у цяперашніх межах Століншчыны налічваецца больш за чатыры дзясяткі. Некаторыя так і не аднавіліся. Але галоўнае, што аб’ядноўвае іх – тут жыве памяць. У сэрцах людзей і ў музеях, а за воінскімі пахаваннямі забяспечаны догляд.
Аляксадр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
