Загадчык сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталій Кавальскі, галоўны інжынер КСУП «Варані» Ігар Нікончык і інжынер па ахове працы КСУП «Варані» Ганна Шпак
На Століншчыне пытанне падрыхтоўкі тэхнікі, як і ў цэлым па краіне, знаходзіцца пад пільным кантролем.
Працаўнікі ніў і палёў упэўнены: дзякуючы своечасоваму фінансаванню закупак неабходных дэталяў і прафесіяналізму работнікаў з надыходам пасяўной уся тэхніка, нягледзячы на ўсе цяжкасці, будзе ў страі.
– Рыхтавацца да пасяўной пачалі яшчэ восенню, – паведаміў «НП» загадчык сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Столінскага райвыканкама Віталій Кавальскі. – Была праведзена старанная дыягностыка стану тэхнікі, вызначаны спіс запчастак, неабходных для прывядзення яе ў належны стан да пачатку сезона. Сёння ўсе гаспадаркі забяспечаны неабходнымі запчасткамі, вядзецца неабходны і планавы рамонт тэхнікі. Праблем мы не бачым: да 25 лютага ўвесь трактарны парк павінен прайсці тэхагляд – так і будзе. У рамонце – лічаныя адзінкі.
Усяго, як адзначыў Віталій Кавальскі, сёлета абавязковаму тэхагляду падлягае 574 трактары, у тым ліку энерганасычаных – 85, а таксама 122 пагрузчыкі, 211 прычэпаў у 15 сельгасарганізацыях раёна.
– Працэнт праходжання тэхагляду традыцыйна досыць высокі – не ніжэй за 95 працэнтаў, – адзначыў спецыяліст. – Астатнія пяць працэнтаў – гэта практычна ўсе тыя трактары, якія знаходзяцца на рамонце.
Каб азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй, накіраваўся на мехдвор КСУП «Варані».
Нягледзячы на тое, што частка парку сельгасмашын тут задзейнічана шмат гадоў, у перспектыве поўнай гатоўнасці да будучых палявых работ тут упэўненыя.
На момант нашага прыезду рамонтныя работы вяліся адначасова на некалькіх агрэгатах. Галоўны інжынер гаспадаркі Ігар Нікончык увёў у курс справы:
– Складанасцей у падрыхтоўцы да пасяўной кампаніі няма, калі за тэхнікай штодня даглядаць – своечасова рабіць дыягностыку, не адкладаць рамонт, своечасова заказваць запчасткі. Многія з іх ужо ўстаноўлены, частка захоўваецца на складзе.
У гаспадарцы 18 трактароў, у тым ліку адзін энерганасычаны, які быў набыты летась.
– Раней тут ужо быў адзін энерганасычаны трактар, але ў сувязі з тым, што ў нашай гаспадарцы ў асноўным малаконтурныя палі, то яго было вырашана перадаць у іншую гаспадарку, – адзначыў кіраўнік КСУП «Варані» Аляксандр Белавус. – Але апошнім часам стратэгія развіцця была змененая і нам стаў неабходны новы магутны трактар, каб засцерагчы сябе. У падрыхтоўцы глебы сёння без магутнай тэхнікі не абысціся.
– Аляксандр Мікалаевіч, а моладзь прыходзіць у гаспадарку?
– Жадаючых не так шмат, як хацелася б. Зараз мы працуем з двума выпускнікамі нашага аграрнага каледжа, каб яны ў далейшым прыйшлі да нас на працу. Дарэчы, жаданне ў іх ёсць. Таксама за кошт гаспадаркі перавучваем некаторых нашых работнікаў, каб у выпадку неабходнасці яны маглі працаваць на тэхніцы без праблем.
Што тычыцца падрыхтоўкі тэхнікі да будучага сезона ў раёне, то дзякуючы належнай дыягностыцы, праведзенай восенню, і своечасовай закупцы неабходных дэталяў праца ідзе ў планавым парадку. Нашы аграрыі паступаюць так: сеялка адпрацавала – значыць, ёй пара на абследаванне. Гэтак жа і з астатнімі агрэгатамі, трактарамі і аўтамабілямі.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
