НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
4.9/5 - (14 голосов)

Вельмі люблю сваю работу за сустрэчы з цікавымі і таленавітымі людзьмі. Адна з такіх здарылася з Евай Ільінічнай Дзямко – жыхаркай аграгарадка Вялікае Малешава. Зайшоўшы ў дом, позірк адразу ўпаў на вышытыя карціны, якія ўпрыгожваюць сцены. Разгаварыліся.

Аказалася, майстрыха – ветэран педагагічнай працы, былы настаўнік матэматыкі мясцовай школы. Яшчэ ў дзяцінстве захапілася вышываннем, але толькі пасля выхаду на заслужаны адпачынак з’явілася больш часу для любімага занятку.

– Родам з Церабліч і яшчэ застала той час, калі хадзілі на вячоркі адзін да аднаго, – успамінае Ева Ільінічна. – Доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны збіраліся ў адным доме і займаліся рукадзеллем. Хто вязаў, хто шыў, хто вышываў, а яшчэ нават ткалі. І, будучы дзіцём, вельмі чакала, калі маці ўправіцца з гаспадаркай, і мы пойдзем у госці. Стрыечная сястра матулі Марыя Пыталь навучыла мяне вязаць кручком. Там жа, на вячорках, упершыню ўзяла ў рукі пяльцы. Тканіну рыхтавалі самі з палатна, і ва ўмелых руках майстрых яна ператваралася ў ручнікі, наміткі, фартухі, фіранкі, навалачкі і многае іншае. Гэта зараз усё можна купіць у магазіне альбо праз інтэрнэт. А раней амаль усё адзенне шылі самі, і, што цікава, яно было настолькі трывалым, што служыла дзесяцігоддзямі.
Старанная, працавітая і ўседлівая дзяўчынка добра вучылася ў школе. Таму пасля васьмі класаў пешшу за тры кіламетры разам з іншымі вучнямі хадзіла ў Аздаміцкую школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю.

– Мы так хацелі вучыцца, што пры любым надвор’і крочылі да ведаў, – прыгадвае жанчына. – Дарогі ж тады не было. Гумавыя боты служылі надзейным абуткам. Але мы былі шчаслівыя ад таго, што атрымліваем адукацыю. Без уважлівай прычыны ніколі не прапускалі заняткі.
Пасля заканчэння школы ў 1969 годзе Ева Ільінічна вырашыла пайсці па педагагічнай сцежцы. Найбольш падабалася матэматыка, якую ведала на зубок, таму з выбарам доўга не вагалася. І паехала паступаць у Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут (зараз – Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова).

– Ведаеце, было не так страшна трымаць экзамены, як адправіцца ў далёкі шлях. Я ж далей Давыд-Гарадка нідзе не была, куды разам з бацькамі да ўрача некалькі разоў ездзіла. Гэта ж зараз з любога кутка свету можна даць пра сябе ведаць, а тады нават не было стацыянарных тэлефонаў. Бацька мяне завёз на цягнік і благаславіў: «Не хвалюйся моцна, усё будзе добра». І сапраўды, мне шанцавала. Трэба было здаваць тры экзамены – сачыненне, матэматыку і фізіку. На першы я спазнілася, але камісія пайшла насустрач і дапусціла да астатніх двух, якія здала добра. А далей ужо і першы мне дазволілі напісаць. Вось так я стала студэнткай дзённага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта гэтага інстытута. Дадому вярталася на крылах ад радасці!
Пяць гадоў вучылася Ева Ільінічна і толькі зрэдку даставала свае любімыя пяльцы, бо студэнцкае жыццё было вельмі насычаным. Усё адкладала гэты занятак на пасля. А пакуль былі цікавыя паездкі са студатрадам, карысная практыка, новыя сяброўствы і многае іншае. Неўзабаве вучоба скончылася, і маладую настаўніцу накіравалі ў Слаўгарадскі раён. Маці засмуцілася, бо хацела, каб адзіная дачка была бліжэй.

– Са старэйшым братам Іванам паехалі на месца размеркавання. З якой жа радасцю нас сустрэлі! Жыллё давалі, заработную плату вялікую абяцалі. Не дзіўна, дыпламаваных настаўнікаў тады не хапала. І як жа потым абурыліся, калі паведаміла, што адмацаванне хачу. Ніяк не згаджаліся адпускаць, маўляў, хіба едзьце ў Міністэрства адукацыі. Ну, мы і паехалі, другога выйсця не было. І, на наша шчасце, трапілі на прыём да самога міністра Міхаіла Мінкевіча. Уважліва нас выслухаўшы, ён даў згоду ехаць на малую радзіму, але абавязкова ўладкавацца па спецыяльнасці. Задаволеныя, паспяшаліся на цягнік, і з верасня 1974 года пачала настаўнічаць у Вялікім Малешаве.


З вялікай удзячнасцю мая субяседніца прыгадвае і тагачаснага дырэктара школы Сяргея Рыгоравіча Гушчу, заслужанага настаўніка БССР, які ўмеў спалучаць у сваім кіраўніцтве строгасць і спагадлівасць. Ён патрабаваў толькі аднаго – працаваць адказна і сумленна.
– Я нават да вучняў старэйшых класаў на «вы» звярталася. І нас, настаўнікаў, вельмі шанавалі і паважалі, – кажа Ева Ільінічна. – Заўсёды імкнулася спачатку зразумець вучня, пагутарыць, пабачыць, што яму цікава. Толькі тады, калі з’яўляюцца даверлівыя адносіны, дзеці пачынаюць раскрывацца. І абавязкова хваліць, нават за дробязі, нават самых непаседлівых. Зразумела, што матэматыка не кожнаму даецца. Калі бачыла, што не атрымліваецца, даручала больш лёгкія заданні, каб вучань справіўся і адчуў упэўненасць. На мой погляд, настаўнік у першую чаргу павінен быць добрым, бо ён не проста дае веды, але і выхоўвае чалавека, грамадзяніна. Заўсёды прытрымлівалася такога меркавання, таму за ўсе амаль 35 гадоў дзейнасці ў мяне не было канфліктаў з вучнямі. І зараз яны, пасталеўшыя і ўжо маючы ўнукаў, заўсёды вітаюцца пры сустрэчы і з ахвотай дзеляцца сваім жыццём.

Успамінаюць добрым словам чулага педагога не толькі вучні, але і калегі. Настаўнік матэматыкі Альшанскай сярэдняй школы № 1 Марыя Андрэйчук, якой пашанцавала пачынаць свой шлях у прафесію ў Вялікім Малешаве, так згадала маю суразмоўцу.
– Ева Ільінічна мне дала больш практычных ведаў, чым усе гады вучобы. Яна валодала сваёй непаўторнай методыкай, якую я потым запазычыла. Заўсёды дапамагала нам, маладым спецыялістам, падказвала, вучыла, раіла. Часта ўспамінаю яе з вялікай удзячнасцю і зычу толькі самага лепшага.
У Вялікім Малешаве мая суразмоўца адбылася не толькі прафесійна, але і знайшла жаночае шчасце. З Васілём Дзямко стварылі сям’ю, нарадзілася дачка Наталля. Трымалі гаспадарку, будавалі дом, работы хапала. Таму вышыванне працягвала чакаць сваёй чаргі. З мужам жылі душа ў душу. Ён разумеў занятасць жонкі, яе важную ролю і імкнуўся не адцягваць увагу. На жаль, каранавірус забраў яго шэсць гадоў таму. А так марылі падарожнічаць, наведваць сяброў, выдаваць замуж унучак, чакаць праўнукаў… Слёзы з’яўляюцца на вачах жанчыны, калі расказвае пра свайго Васіля. Сумуе…

У 2008 годзе скончыўся апошні працоўны дзень Евы Ільінічны.
Па дарозе дадому сустрэла паштальёна і пацікавілася, якія ёсць выданні пра рукадзелле. І з таго часу дома ў асобным пакоі пасяліліся ўсе прылады для вышывання крыжыкам.
Спачатку ідэі брала ў часопісах «Ксюша» і «Вышываю крыжыкам». Потым з’явіліся гатовыя наборы ў крамах. А зараз, вядома, інтэрнэт падказвае.
Работы настолькі філігранныя, што здзіўляюць сваёй рэалістычнасцю. Некаторыя з іх дорыць, а разам з імі часцінку свайго добрага сэрца.

– Я адпачываю, калі вышываю. Люблю цішыню, нават тэлевізар не ўключаю. Думкі, мроі, успаміны лунаюць у галаве і быццам становяцца на свае месцы. Вось разам з братамі на рэчцы ва ўрочышчы Бурчак купаемся, а вось дачушка ў першы клас ідзе, а які быў цудоўны дзень, калі нарадзілася ўнучка Евачка. Дарэчы, яна ў нас такая спартсменка, у восьмы клас ходзіць. Трэба яшчэ яе вучыцца адправіць, а потым замуж выдаць. Таму імкнуся сачыць за здароўем, своечасова звяртаюся да ўрачоў. А душу мне лечыць вышыванне.
Шчыра прызнаюся, пасля нашай размовы з Евай Ільнічнай я адчула цеплыню і супакаенне, быццам хтосьці агарнуў нябачнай коўдрай.

Зычу шчасця гэтай жанчыне, і няхай жыццё толькі радуе!

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 февраля

Гороскоп на 20 февраля

19 февраля, 2026
Социальный вычет по суммам, уплаченным за обучение
Дню роднай мовы

Дню роднай мовы

19 февраля, 2026

Оставить комментарий

Похожие новости