НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Час загойвае любыя раны. Так, загойвае, але яны не знікаюць назаўсёды. Ёсць свае раны і ў Васіля Андрэйчука з вёскі Сямігосцічы, які 18-гадовым юнаком трапіў у Афганістан.
Вясковы хлопец стаў салдатам, выконваючым інтэрнацыянальны абавязак. На яго пінжаку горда вісіць медаль «За баявыя заслугі». Але сам Васіль Васільевіч самай галоўнай узнагародай лічыць сваё вяртанне на радзіму.

Ашхабад. Кішынскі полк
– Пра Афганістан многа расказваў мой сябра Валодзя Пінчук, які праз некалькі месяцаў службы атрымаў раненне, лячыўся паўгода ў Маскве і быў камісаваны. Казаў: «Не, Вася, лепш туды не трапляць». А я трапіў, – узгадвае мужчына.
Служба для Васіля Андрэйчука пачалася 29 верасня 1982 года ў Мар’інай Горцы. Выдалі форму і з іншымі навабранцамі адправілі на самалёце ў Ашхабад Туркменскай ССР. Там знаходзіўся Кішынскі полк – вучэбнае падраздзяленне, якое рыхтавала салдат для службы ў Афганістане. Васіль трапіў у 13-ы гарадок, у якім навучанне насіла жорсткі характар, бо было накіравана на падрыхтоўку баявых сяржантаў для вядзення ваенных дзеянняў ва ўмовах высакагор’я. Асаблівая ўвага надавалася баявой вынослівасці і тактыцы.

Тэджэн
Далей быў Тэджэн – горад у паўднёвай частцы пустыні Каракум. Праз яго прайшлі тысячы савецкіх салдат, перш чым прыбыць у Афганістан. Там жа 26 снежня 1982 года Васіль Андрэйчук прыняў прысягу і трапіў у медсанітарны батальён. Пяць месяцаў працягвалася падрыхтоўка салдат, максімальна набліжаная да рэальных баявых дзеянняў, за што вучэбка атрымала сваю неафіцыйную назву «школа гладыятараў».
– Усім было цяжка – нас рыхтавалі да вайны. І я дакладна разумеў, што ад якасці падрыхтоўкі залежыць маё жыццё. У прамым сэнсе. Нас вучылі выжываць. Усе гэта разумелі, таму звыклі трэніравацца пры нязноснай спякоце, цярпець боль і не скардзіцца.
Са мной служылі Аляксандр Ярашэвіч з Верхняга Церабяжова і Мікалай Чынікайла з Альшан. Мы як браты былі, кавалкам хлеба дзяліліся. Сяброўства на вайне зусім іншае, такое нязломнае, бы жалеза. Так і трымаліся – жартавалі, падтрымлівалі адзін аднаго. І была ў нас адна мара – напіцца звычайнай халоднай вады з роднага калодзежа. Бо нам давалі толькі настой з вярблюджай калючкі. Па смаку ён падобны на чай, добра спаталяе смагу, здымае стомленнасць і лічыцца лекавай раслінай. Але мы сумавалі па вадзе.
Прыемным сюрпрызам для Васіля стаў прыезд бацькі ў вучэбку. Васіль Пятровіч сеў на самалёт і прыляцеў пабачыць свайго адзінага сына (у майго героя дзве сястры). Пяць сутак звальненне доўжылася, нават у гасцініцы жылі.
– Мы пра ўсё гаварылі, толькі не пра вайну. Мудры быў бацька, разумеў, што і так усё відавочна. Планы будавалі на будучыню, як вярнуся дадому, якую хату мне будзем ладзіць, калі ажанюся. Казаў, што маці кожны дзень за мяне моліцца. Таму ўсё будзе добра. І я верыў яму…
Бацька паехаў дадому. А Васіль Андрэйчук у Тэджэне затрымаўся на два месяцы больш, чым яго землякі. Будучы старшым сяржантам, камандзірам аддзялення, санінструктарам, вучыў навабранцаў, якія ўсё прыбывалі і прыбывалі з Расіі, Украіны, Грузіі, Малдовы і іншых рэспублік Савецкага Саюза.
У ліпені 1983 года прыйшла разнарадка: на працягу дзвюх гадзін сабраць свае рэчы і быць гатовым да адбыцця ў іншае месца дыслакацыі. Усе ведалі: ляцяць у Афганістан.
– Сядзелі моўчкі. Толькі гул самалёта чуваць было. Нас 80 салдатаў і афіцэры, што суправаджалі. Юнакі ў гэтым самалёце на вачах сталелі. Кожны думаў – вернецца ці не? І я пра гэта думаў, – у майго суразмоўцы задрыжэў голас …
Прызямліліся ў Кундузе. У рэгіёне праводзіліся маштабныя кундузскія аперацыі па забеспячэнні бяспекі і барацьбе з маджахедамі.
Патрэбна было пераначаваць у палатцы. Пачалася стральба. Васіль упаў на падлогу і вымавіў: «Гасподзь, засцеражы». Упершыню стала моцна страшна, але на досвітку ўсё заціхла. За салдатамі прыйшоў маёр і даў каманду садзіцца на МІ-6, які быў самым вялікім і грузапад’ёмным верталётам у свеце. Вясковы хлопец упершыню бачыў такую махіну. Потым звык да іх, як і да «чорных цюльпанаў», якія вярталі салдат на радзіму ў цынкавах дамавінах…

Пулі-Хумры
І вось нарэшце Васіль дабраўся да месца сваёй службы – лагістычнага вузла савецкіх войскаў Пулі-Хумры. Праз яго пралягаў маршрут «дарогі жыцця» Хайратон – Кабул, які звязваў СССР з Кабулам праз высакагорны перавал Саланг.
Штодзень праз Пулі-Хумры праходзіла 15-20 калон. Яго абавязкам было іх суправаджаць.
Калоны з палівам і грузамі часта падвяргаліся абстрэлам. Маджахеды імкнуліся трапіць у цыстэрны з палівам. Калі гэта здаралася, не было каго ратаваць. Адцягвалі згарэлую тэхніку, каб не было затораў, бо дарогі вузкія, нельга размінуцца. Неаднойчы Васіль Андрэйчук суправаджаў на БТР калону на адлегласці да 150 кіламетраў. І ў любы момант можна было сустрэць смерць.
– На вайне, як нідзе, усе пачынаюць верыць у Бога. Гэта шчырая праўда. Не магу вам расказаць усяго, што давялося мне бачыць. Не трэба. Але паверце, хапала жудасных відовішчаў, а былі і сапраўдныя цуды. Сваё вяртанне таксама лічу цудам. Таму заклікаю – не трэба войнаў, умейце дамаўляцца! І лепш вырашыць канфлікт за сталом перамоў, чым на полі бою. Бо няма нічога важнейшага за чалавечае жыццё.

Дом
22 снежня 1984 года Васіль Андрэйчук быў дэмабілізаваны. Амаль тыдзень дабіраўся дадому на цягніку разам з трыма рускімі хлопцамі. У Маскве на Беларускім вакзале развіталіся.
Дома маці не магла стрымаць слёз радасці, а бацька моцна паціснуў руку свайму так рана пасталеўшаму сыну.


З жонкай Валянцінай пазнаёміўся яшчэ да службы. Яна дасылала лісты, ён адказваў, па магчымасці. У 1986 годзе згулялі вяселле.
Васіль Васільевіч мае тры сыны, радуюць унукі. Дзмітрый працуе ў міліцыі, Аляксей – у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, малодшы Аляксандр – качагар у Доме культуры.
Тут зараз працуе і герой гэтага артыкула, а дагэтуль быў трактарыстам і слесарам у ААТ «Новая Прыпяць». Дарэчы, яму, як воіну-інтэрнацыяналісту, двойчы прапаноўвалі стаць міліцыянерам. Спачатку ў Сакольніках у Маскве, і нават давалі кватэру. А праз некаторы час – у Століне. Але не жадаў мужчына нікуды ехаць з роднай вёскі, якая так часта яму снілася падчас службы.
Асабліва халодная калодзежная вада.


Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 февраля

Гороскоп на 20 февраля

19 февраля, 2026
Социальный вычет по суммам, уплаченным за обучение
Дню роднай мовы

Дню роднай мовы

19 февраля, 2026
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости