НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Общество
26

Перамаглі!

3 сентября, 2024
0
Перамаглі!
5/5 - (1 голос)
…«Май. Сонечная раніца. Мне чатыры. Мама заплятае мне косы. Па тэлевізары паказваюць парад ваеннай тэхнікі. «Кацюшы» такія вялікія. Іх ракеты, напэўна,
далёка ляцяць. Дзядуля дастаў свой кіцель з вялікай колькасцю медалёў. Стаў уважліва іх разглядаць. Дзіўна. Ён бачыў іх столькі, няўжо забыўся, як яны
выглядаюць? Дзед шмат разоў распавядаў, за што яго ўзнагароджвалі. Але я не запомніла, за што кожны з іх. Дакладна ведаю, што вось гэты, круглы з салдатам у цэнтры і чорна-аранжавымі палоскамі – за перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. А знізу
медаля, калі прыгледзецца, можна прачытаць надпіс «Мы перамаглі». Гучыць ганарова. І я ганаруся, што мой дзед перамог. А дзядуля зусім стаў маркотны. Надзеў свой кіцель, і так цяжка яму стала. Нават абапёрся аб свой кій, хоць дома, звычайна, хадзіў без яго. Тады я не задумвалася пра гэта… »
Гэтыя кранальныя радкі з эсэ навучэнкі 11 класа Столінскай дзяржаўнай гімназіі Ганны Вярэніч, якая стала пераможцай раённага этапу патрыятычнага праекта «Цягнік памяці» і ўдзельніцай абласнога. У сваёй рабоце Ганна распавяла пра яркія ўспаміны свайго дзяцінства: як дзядуля расказваў пра ваеннае ліхалецце; як разам з бацькамі збіраліся і ішлі ў гарадскі парк дзявятага мая; як дзед глядзеў на яснае і чыстае неба ў Дзень Перамогі і змахваў скупыя слёзы з вачэй, а разам з тым ціха радаваўся і сцвярджальна ківаў: «Так, сёння Дзень вялікай Перамогі…» У тыя хвіліны яна, чатырохгадовая дзяўчынка, глядзела на гэта са здзіўленнем, дзіцячай шчырасцю і ўспрымала асабліва.
Цяпер Ганне 16. Але дзяўчына не забывае дзедавых аповедаў, павучанняў і трапных парадаў. Часта ўзгадвае свайго прадзеда Міхаіла Піліпавіча Вярэніча, пра якога напісала конкурсную работу. Ён быў артылерыстам, прымаў удзел у штурме Берліна. Падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі Міхаіл Піліпавіч атрымаў раненне ў правую руку. Нейкі час знаходзіўся ў шпіталі ў г. Лодзь на тэрыторыі Польшчы.
– А яшчэ ён казаў: «Беражы медалі. Гэта жывая памяць і гонар», – дзеліцца навучэнка. – І сапраўды, час ад часу дастаю іх і разважаю аб цане міру і спакою. Насамрэч, адно з маіх любімых святаў – Дзень Перамогі. Равеснікі здзіўляюцца і пытаюць, а як жа дзень нараджэння, Новы год? І яны, безумоўна, важныя, але штогод 9 мая пакідае непаўторны след у душы. Напярэдадні слухаю песні і гляджу фільмы на адпаведную тэматыку. Адзін з самых любімых твораў –  «Лёс чалавека» Міхаіла Шолахава.
– З аднакласнікамі, сябрамі абмяркоўваеце гэтыя тэмы і падзеі, якія зараз адбываюцца ў свеце?
–Так, дзелімся думкамі, мер-каваннямі. Але сыходзімся ў адным: вайна – гэта жахліва, гэта боль, пакуты, безліч мацярынскіх слёз, тысячы загубленых жыццяў. І як важна цаніць мір! Памятаць подзвіг землякоў, якія самааддана, смела і адважна прыбліжалі Перамогу. Я веру, што наша пакаленне зможа захаваць мір і спакой, і што жудасныя падзеі не паўторацца. Зараз узгадваецца выказванне знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае, той асуджаны зноў перажыць яго. Мноства разоў». Гэта сапраўды так.
Да слова, яшчэ адна запа-мінальная падзея не так даўно адбылася ў жыцці Ганны Вярэніч, пра якую яна расказвае з небывалай цеплынёй. Навучэнка гімназіі заняла першае месца ў намінацыі «Прэзентацыя» конкурсу лічбавага мастацтва «Сімфонія космасу» на рэспубліканскім узроўні. Яна была запрошана на цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў у г. Віцебск.
– Мерапрыемства пакінула незабыўныя ўражанні! Я пазнаё-мілася з касманаўтамі Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай, – дзеліцца Ганна. – Іх выступленні вельмі спадабаліся і запалі глыбока ў душу. Вельмі прыемна было слухаць знакамітых беларусаў.
Ганна актыўна ўдзельнічае ў конкурсах і разнастайных мерапрыемствах, мае добрую паспяховасць у гімназіі.
– Як удаецца ўсё ўдала спалучаць?
– Мне падабаецца тое, што я раблю. Ёсць зацікаўленасць, азарт. Напэўна, таму і паспяваю многае зрабіць. Думкамі адпачываю на танцах. Імі я займаюся з чатырох гадоў. З’яўляюся ўдзельніцай народнага ансамбля танца «Рэха». А ўвогуле, лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо маю сям’ю, сяброў, мары. Усяго ў жыцці можна дасягнуць. Толькі б сонца ярка свяціла над роднай краінай і неба над галавой заўсёды было бязвоблачным і блакітным!
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости