У гэтым годзе так супала, што ў адзін дзень, 1 верасня, мы адзначаем не толькі Дзень ведаў, але і Дзень беларускага пісьменства. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
З гэтай нагоды ў сярэдняй школе № 4 райцэнтра да святаў падрыхтавалі сувенірную кнігу «Беларуская мова», выкананую з дрэва.
– Ідэя належыць Рубельскай сельскай бібліятэцы, – рассказаў настаўнік працоўнага навучання школы Мікалай Яхнавец. – Да іх звярнуўся настаяцель мясцовай царквы айцец Уладзімір з просьбай зрабіць такую кнігу, якая ўвасабляе беларускасць. Мы зрабілі дзве такія кнігі і адна знаходзіцца ў бібліятэцы. У свяшчэннаслужыцеля ёсць знаёмыя людзі, якія таксама працуюць з дрэвам, яны і падказалі нам, як штучна састарыць дуб. Дуб для нас, славянаў, увасабляе мудрасць, даўгалецце, сілу. Таксама ў вырабе кнігі быў выкарыстаны мораны дуб. А ўнутранае ўбранства – фігуркі палешука і паляшучкі – вырабіла настаўніца пачатковых класаў Наталля Кондзер.
Ніка Цывіс, 8 «Б» клас:
– Вельмі рада, што зусім хутка пачнецца новы навучальны год. Засумавала па аднакласніках і настаўніках. Вельмі люблю вывучаць беларускую мову і літаратуру – гэта адны з любімых маіх прадметаў. У гэтым годзе давялося паўдзельнічаць у раённай прадметнай алімпіядзе па беларускай мове, дзе была ўдастоена дыплома 3 ступені. У бліжэйшым навучальным годзе таксама планую прыняць удзел у алімпіядзе і паспрабую палепшыць свой вынік.
Іван Вабішчэвіч, 7 «В» клас:
Некалькі гадоў я наведваю гурток «Тэхнічнае мадэляванне», які працуе пры школе. Тут мне падабаецца майстраваць з дрэва, метала. Дзякуючы настаўніку Мікалаю Антонавічу навучыўся многім «фішкам», якія, я думаю, спат-рэбяцца мне ў жыцці. Аднойчы я зайшоў у кабінет працоўнага навучання і заўважыў, што Мікалай Антонавіч разглядае нейкую паперу – на ёй быў намаляваны эскіз будучай кніжкі. Мне стала цікава і я прапанаваў сваю дапамогу. І рады, што мне не адмовілі.
Уладлена Савецкая,
7 «Б» клас:
Не магу дачакацца пачатку новага навучальнага года, калі сустрэнуся са сваімі сябрамі. З некаторымі мы бачымся амаль штодня, а некаторыя на час летніх канікулаў паехалі далёка ад Століна. Спадзяюся, что новы навучальны год прынясе таксама многа станоўчых эмоцый і дасць шмат цікавых ведаў.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара