На вуліцы жнівень – пара адпачынку і водпускаў. І часцей за ўсё менавіта летам у свае родныя вёскі прыязджаюць людзі, якія даўно жывуць і працуюць у іншых месцах, але не забываюць родны куточак.
І адзін з такіх Іван Адамавіч Тарасевіч – ураджэнец вёскі Сямігосцічы, які завітаў сюды літаральна на некалькі дзён з Брэста. Там у яго сваё жыццё і сям’я, работа і захапленні. «А вось сэрца маё тут», – прызнаецца ён.
Іван Адамавіч – асоба цікавая. Больш за 37 гадоў выкладае фізічнае выхаванне ў навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў. А яшчэ ён з’яўляецца майстрам спорту СССР па лёгкай атлетыцы ў кіданні кап’я і за сваю спартыўную кар’еру аб’ездзіў увесь былы Савецкі Саюз. Быў неаднаразовым прызёрам спаборніцтваў і турніраў, з алімпійскімі чэмпіёнамі сустракаўся, як з добрымі знаёмымі і выдатна памятае той час, калі спорт аб’ядноўваў мільёны людзей з усёй планеты. Да таго ж з’яўляецца суддзёй нацыянальнай катэгорыі па лёгкай атлетыцы. Але давайце аб усім па парадку.
Мы ўсе марылі стаць спартсменамі
Свае школьныя гады Іван Адамавіч называе залатой парой жыцця. За партамі кіпела жыццё – дзяўчаты і хлопцы набывалі веды, ну і, канечне, абмяркоўвалі апошнія навіны. Асоблівая ўвага надавалася спартыўным, а пра дасягненні суайчыннікаў ведалі абсалютна ўсё. Спорт быў неад’емнай складаючай часткай патрыятызму, які быў галоўным метадам выхавання. Ужо ў старэйшых класах вызначыўся са сваёй будучай прафесіяй і Іван Адамавіч: пойдзе па спартыўнай сцяжынцы.
– Вялікая заслуга ў тым, што ўсе мы марылі быць спартсменамі, належыць настаўніку фізічнай культуры Васілю Адамавічу Драпею, дай бог яму моцнага здароўя. Ён быў маладым амбіцыёзным спецыялістам, толькі пасля арміі, таму мы за ім натоўпам хадзілі, кожнае слова лавілі. А на занятках выконвалі нарматывы з такой самааддачай, быццам заўтра на алімпіяду едзем. Маё кароннае практыкаванне – кіданне кап’я. З ім і пайшоў па жыцці, – расказвае Іван Адамавіч.
Пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ордэна працоўнага Чырвонага сцяга інстытут фізічнай культуры, цяперашні Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, які паспяхова скончыў у 1976 годзе і вярнуўся працаваць на Століншчыну у Атвержыцкую васьмігадовую школу.
Вызначыла лёс… граната
Пэўна б і працягнуў настаўнічаць Іван Адамавіч на своёй радзіме, але лёс дапамагла вызначыць… граната. У складзе каманды настаўнікаў Столінскага раёна ён адправіўся ў Брэст, дзе праходзіла традыцыйнае першынство вобласці па ГПА, якое расшыфроўваецца як «Гатовы да працы і абароны». Не сумняваюся ў тым, што старэйшае пакаленне чытачоў абавязкова ўспомніць гэты спецыяльны фізкультурны комплекс, які з’яўляўся асновай фізічнага выхавання насельніцтва ўсёй вялікай краіны. Настаўнік з палескай вёсачкі Іван Тарасевіч кінуў гранату далей за ўсіх, што дапамагло заняць камандзе прызавое месца. Тады яго і запрыкмеціў трэнер добраахвотнага спартыўнага таварыства «Чырвоны Сцяг» Міхаіл Міхайлавіч Тур, які прапанаваў трэніравацца пад яго кіраўніцтвам. А каб не ўзнікла складанасцяў на рабоце, адправіў у Столінскі раённы аддзел адукацыі пісьмо. У ім ён прасіў вызваліць Тарасевіча І. А. ад работы для трэніровачнага працэсу ў кіданні кап’я і падрыхтоўкі да алімпійскіх гульняў. Наступныя гульні павінны былі адбыцца ў Маскве, і аддзел адукацыі з вялікай надзеяй адпусціў маладога настаўніка заваёўваць спартыўныя вяршыні. У 1977 годзе Іван Адамавіч пераязджае ў Брэст і… ўладковаецца грузчыкам на мясакамбінаце – так патрабавалі абставіны. І пачынае старанна трэніравацца.
Вайсковае спартыўнае брацтва
У лістападзе таго ж года Івана Тарасевіча прызываюць у армію ў пагранічныя войскі, і ён застаецца ў Брэсце, каб мог працягваць трэніроўкі. Ужо вясной ў складзе Чырвонасцяжнай заходняй пагранічнай акругі ён накіроўваецца ва ўкраінскі горад Чарнаўцы, дзе праходзілі спаборніцтвы па ваеннаму трохбор’ю. Гранату «лімонку» ён кінуў больш 70-ці метраў, паказаўшы лепшы вынік. Другое каманднае месца забяспечыла перавод у вайсковую часць у Адэсу. Там працягваў рыхтавацца да ўсесаюзнага турніру ў г. Алмата, у якім прымалі ўдзел каманды пагранічных акруг з усяго СССР. І зноў каманда Івана Тарасевіча паказала другое месца, уступіўшы толькі камандзе Ленінградскай пагранічнай акругі.
– Мы былі адным вайсковым спартыўным брацтвам, хоць і сапернікамі, але самымі надзейнымі таварышамі.
Майстар спорту
Гэтае званне ён атрымаў у 1980 годзе на Кубку СССР, акурат напярэдадні Алімпіяды ў Маскве. Яго асабісты рэкорд складае 77.06 метра.
Пасля службы ў арміі вярнуўся ў Брэст, працаваў трэнерам у спартыўным таварыстве «Дынама», а потым восем гадоў – трэнерам па лёгкай атлетыцы ДЮСШ пры прафкаме Брэсцкай фабрыкі верхняга трыкатажу. У каледж прыйшоў у 1988 годзе, і працягвае праваць дагэтуль.
– Шчыра скажу спорту дзякуй. Ён многа мне даў у жыцці. Быў на зборах у многіх гарадах былога СССР: і пакуль сам спаборнічаў, і потым, калі вазіў сваіх выхаванцаў. Добра быў знаёмы з савецкім кідальнікам кап’я, ураджэнцам Рыгі Янісам Лусісам – алімпійскім чэмпіёнам 1968-га года ў Мехіка. Прымаў удзел у спаборніцтвах, які ладзіў Дайніса Кула – чэмпіён Алімпіяды 1980 года ў Маскве. У мяне многа таварышаў сярод трэнераў з усяго СССР. Спорт быў і застаецца для мяне святасцю, і, канешне, засмучае тое, як з ім абыходзяцца зараз. Санкцыі, якія зруйнавалі прынцыпы сумленнасці і справядлівасці, калі дзясяткі спартсменаў з нашай краіны і Расіі не дапушчаны, а тыя, што паехалі, вымушаны выступаць без гімна і сцяга. Алімпіяду ў Парыжы ўвогуле адмаўляюся каменціраваць, бо больш бязглуздага дзейства не бачыў за свае амаль 70 гадоў. Спадзяюся, што ў будучыні алімпійскія традыцыі вернуцца, і мы будзем зноў атрымліваць асалоду ад спаборніцтваў.
Сям’я – галоўная перамога
Нават пасля самага вялікага трыумфу чалавек вяртаецца дадому. І важна, што яго там чакаюць! Бо асірацелыя сцены наўрад ці змогуць шчыра парадавацца за цябе. Іван Адамавіч прызнаецца, што сваім значным дасягненнем лічыць сям’ю. З жонкай Людмілай, таксама настаўніцай, у пары 45 гадоў! Выхавалі траіх дзяцей. Старэйшы сын Сяргей – начальнік раённага ўпраўлення камунальнай гаспадаркі ў Баранавічах. Дачка Вольга і сын Паша – жывуць і працуюць у Брэсце. А з якой цеплынёй мой суразмоўца расказвае пра сваіх унукаў!
– Я многа размаўляю са сваімі дзецьмі, цяпер і з унукамі. Здаецца, гэта лёгка – проста размаўляць. А насамрэч, самая важная частка выхавання – разумець, чым жывуць твае дзеці, якія ў іх мэты, падказваць, не камандаваць, а раіць. У нас з жонкай атрымалася выгадаваць іх адказнымі, працавітымі, якія ведаюць, што дабрабыт зарабляецца працай, а не падае з неба. Мы часта сустракаемся, і кожны раз імкнуся занатаваць у памяці гэтыя моманты, бо яны непаўторныя.
– Цікава, а сярод Вашых унукаў ёсць такія ж аматары спорту, як Вы?
– Канешне, ёсць! Таму работы ў мяне хопіць да глыбокай старасці, – з усмешкай кажа Іван Адамавіч.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара