НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Чалавек шчаслівы тады, калі па жыцці ідзе з выдатным настроем, добра ставіцца да людзей і адданы любімай справе. Такога меркавання прытрымліваецца наш зямляк – мастак Аляксандр Бяліцкі з г. Століна.

Творчая натура майго суразмоў-цы з дзяцінства цягнулася да фарбаў і пэндзліка, каб адлюстраваць усю прыгажосць наваколля, перадаць думкі, перажыванні і спыніць на імгненне час не для сябе, для іншых і гісторыі.
Сям’я і вайна
Нарадзіўся Аляксандр ў мнагадзетнай сям’і вядомага на Століншчыне чалавека – Мікалая Бяліцкага. Бяліцкія жылі ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці, дзе бацька настаўнічаў. Пасля пераехалі на Палессе.
На лёс сям’і Бяліцкіх значны ўплыў аказаў перыяд ваенных ліхалеццяў. Мой суразмоўца ўспамінае, як у сакавіку 1943 года бацька добраахвотна пай-шоў у партызаны ў атрад імя Куйбышава, а затым – імя Гуляева. Дарэчы, разам з дзедам Аляксандра Мікалаевіча.
У маі-ліпені 1944 года атрад апынуўся ў блакадзе, якая працягвалася аж да пачатку баёў за Мінск. Бацька майго суразмоўцы, Мікалай Андрэевіч, удзельнічаў у баявых дзеяннях, адказваў за выпуск партызанскай газеты. Гэта паўплывала на яго лёс, бо пасля вызвалення Мінска вучыўся на журналісцкіх курсах і быў накіраваны ў распараджэнне Пінскага абкама ВКП(б) – на пасаду адказнага сакратара раённай газеты «Ленінскі шлях» Столінскага раёна. Ён шмат зрабіў для станаўлення нашай раёнкі.
Пра дзеда Аляксандр Міка-лаевіч гаворыць, што Андрэй Эраставіч пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў на будаўніцтве ў г. Мінску, паднімаў з руінаў горад, быў ударнікам сацспаборніцтваў, меў адпаведныя ўзнагароды.
У 1950 годзе сям’я пераехала ў Слуцкі раён, а ў 1955-м вярнулася ў Столінскі раён. Мікалай Андрэевіч працаваў у Беражноўскай школе, захапляўся гісторыяй, краязнаўствам і фатаграфіяй. Ён стаў стваральнікам музея гісторыі в. Беражное і музея гісторыі школы. Гэты населены пункт стаў для Бяліцкіх другім домам.
Юнацтва на Століншчыне
– З ранняга дзяцінства ў мяне было імкненне маляваць, – расказвае Аляксандр Бяліцкі. – Браў алоўкі, пэндзлік з фарбамі, аркуш – і наперад. Усе заўважалі, что ў мяне атрымліваецца.
Пасля заканчэння Бераж-ноўскай школы паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Неяк адзін з выкладчыкаў адзначыў, што Аляксандр Бяліцкі – сапраўдны самародак.
Крокі ў прафесію
Некаторы час малады чалавек працаваў у аддзеле культуры мастаком-афарміцелем. Тады не было дастатковай матэрыяльна-тэхнічнай базы, таму ў рабоце ўзнікалі складанасці. Якраз у Беражным у мясцовай гаспадарцы адкрылі мастацкія майстэрні. Аляксандр Мікалаевіч уладкаваўся туды. Працаваць давялося разам з мастаком Паўлам Сысам.
З сельскагаспадарчых арга-нізацый паступалі замовы на выраб плакатаў і іншай нагляднай агітацыі. Бывала, што выязджалі на месца, каб на свае вочы ўбачыць і зразумець, чым можна напоўніць такі «чырвоны куток».
У хуткім часе Аляксандра Мікалаевіча прызвалі на вайсковую службу, якая праходзіла ў Эстоніі ў г. Таліне. Армейскае жыццё нельга назваць лёгкім у той савецкі час, таму да ўсяго патрэбна было прызвычаіцца. Тым не менш мой субяседнік вылучаўся сярод іншых сваёй дысцыплінаванасцю, адказнасцю, добрасумленнасцю, за што атрымаў заахвочванні: дадатковыя дні да водпуску, падзяку бацькам.
Без Радзімы нікуды
У хуткім часе вярнуўся ў бацькоўскі дом. Давялося Аляксандру Мікалаевічу працаваць за межамі краіны, у абласным цэнтры. І дзе б не знаходзіўся Аляксандр Бяліцкі, яго цягнула ў Беражное, таму і вярнуўся на Століншчыну, каб быць побач з бацькамі. Цяпер ён жыве ў Століне, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, далучаецца да выставак, пленэраў, якія ладзяцца ў райцэнтры. Мае ўзнагароды за сваю творчую дзейнасць. Па магчымасці праводзіць мастар-класы, дае парады пачынаючым мастакам.
– Такія мерапрыемствы даюць магчымасць параўнаць сябе з іншымі, – разважае Аляксандр Бяліцкі. – Зразумела, што ў кожнага з нас свой погляд на рэчаіснасць, але такія фэсты дапамагаюць нам паглядзець на сябе з іншага боку. Мы вучымся адзін у аднаго, можам пераняць вопыт, падзяліцца сваімі перажываннямі, заручыцца падтрымкай.
Творчасць –
аснова ўсіх асноў
Больш за ўсё Аляксандру Бяліцкаму блізкая такая плынь у мастацтве, як экспрэсіянізм. Яго прадстаўнікі лічылі сваёй асноўнай задачай паказ унутранага свету мастака, суб’ектыўных творчых перажыванняў. Мой суразмоўца і сам імкнецца спыніць імгненне. Даволі часта ў вольны час бярэ свой эцюднік і адпраўляецца на ўлонне прыроды, каб «пагаварыць» з ёю, узняць сабе настрой.
Ён любіць такіх французкіх мастакоў-пейзажыстаў, як Клод Манэ, П’ер Агюст Рэнуар, Франсіска Пісара, нашых – Канстанцін Каровін, Валянцін Сяроў, Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Сярод яго работ нямала копій карцін вялікіх творцаў. Важнае значэнне ў творчасці мастака займае ваенная тэматыка.
– Бацька нямала расказваў пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны, – працягнуў Аляксандр Мікалаевіч. – Пад уплывам ягоных аповедаў я так усхваляваўся, што ўсе мае перажыванні знайшлі адлюстраванне ў творчасці. У мяне ёсць цэлая серыя карцін ваеннай тэматыкі. Карціна «Партызаны» адлюстроўвае той момант, калі майго бацьку разам з ягонай спадарожніцай перапраўлялі ў атрад.
Вось, для прыкладу, «Партызаны» – момант, які ўвайшоў у гісторыю. Ёсць сярод маіх работ партрэты родных, якія ваявалі, – дзядулі, дзядзькі, бацькі… Занатаваў я і прыроду, наваколле, што прыціхла ў чаканні вызвалення ад варожай навалы. Зчарнелыя ад здзекаў вёскі, апусцелыя дамы, вясковыя дарогі і пачуццё болю і трывогі за ўвесь народ.
Я б параіў сучаснай моладзі больш чытаць літаратуру пра гісторыю, ваенныя ліхалецці. На такіх творах можна многаму навучыцца, пераасэнсаваць сваё жыццё, каб імкнуцца жыць у міры і згодзе з іншымі.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости