31 год працуе медыцынскай сястрой гінекалагічнага аддзялення Давыд-Гарадоцкай бальніцы Ганна Куст.
– Толькі словы падзякі і павагі заслугоўвае Ганна Яўгенаўна, бо яна не толькі прафесіянал сваёй справы, але і сэрца мае вялікае. Умее так узбадзёрыць і падтрымаць, што адразу ўсе трывогі знікаюць. Заўсёды ў добрым настроі, таму хочаш-не хочаш, а ўсміхнешся. А яшчэ ўколы і кропельніцы ставіць не балюча, рукі залатыя, – падзялілася сваім меркаваннем пацыентка гэтага аддзялення.
Менавіта тут пачала працаваць пасля заканчэння Слуцкага медыцынскага вучылішча, атрымаўшы спецыяльнасць фельчара-акушэра. Тое, што хоча дапамагаць людзям, зразумела яшчэ ў школе, таму без сумненняў выбрала медыцыну. Дачыненне да яе меў бацька Яўген Паддубны, які шмат гадоў працаваў вадзіцелем хуткай дапамогі. Дома часта расказваў пра рабочыя будні, асабліва адзначаў значную, хоць і складаную місію медыцынскіх работнікаў. Таму з вялікай радасцю прыняў рашэнне дачкі Ганны паступаць у медвучылішча. Дарэчы, яе сястра Яўгенія Бразоўская – таксама медыцынская сястра – працуе ў дзённым стацыянары.
Адданая сваёй рабоце Ганна Яўгенаўна, за што яе шануе кіраўніцтва бальніцы, калегі, урачы, з якімі пачынала і працуе зараз.
– Калі прыйшла, кіраваў аддзяленнем Валерый Васільевіч Саўчанчык, – расказвае Ганна Яўгенаўна. – Не памылюся, калі скажу, што яго ведае некалькі пакаленняў жанчын давыд-гарадоцкай зоны. Адным словам, урач ад Бога, і яго вопыту давяраюць. Памятаю, як ён сказаў, каб старэйшыя калегі мяне ўсяму навучылі, праявілі цярпенне. Вось так – па-бацькоўску ставіўся да ўсіх нас – маладых спецыялістаў. Разумеў, што трэба працаваць поруч, значыць, непаразуменняў быць не павінна.
Потым узначаліла аддзяленне Анжэла Мікалаеўна Тукіна, якая яшчэ больш з’яднала калектыў. Кожны выконваў сваю задачу, на першым месцы – дысцыпліна і адказнасць. Падхапіў высокую планку і дастойна яе трымае цяперашні загадчык гінекалагічнага аддзялення Пётр Мікалаевіч Тукін, для якога няма дробязяў як у лячэнні, так і ў арганізацыйных пытаннях. Зусім не змянілася з гадамі Аляксандра Мікалаеўна Марчук – таксама вопытнейшы ўрач, якая дапамагла многім жанчынам. У іх ёсць прыклад адданасці сваёй рабоце і прафесіяналізму – Тамара Зіноўеўна Кузьміч, якая ўзначальвае філіял, яшчэ вядзе пацыентаў і застаецца на дзяжурствы. Ёсць і перспектыўныя ўрачы новага пакалення – Анастасія Панько і Таццяна Кісель, а як вядома, будучыня за моладдзю. Увогуле, увесь калектыў гінекалагічнага аддзялення – адна вялікая і дружная сям’я, таму працаваць камфортна. У нас жа адна мэта – дапамагаць людзям. Бо здароўе жанчыны – здароўе нацыі.
Ганна Яўгенаўна прызнаецца, што самае прыемнае ў рабоце – бачыць радасць у вачах пацыентак. Асабліва, калі здараюцца цуды.
– Бываюць выпадкі, калі ў жанчыны не атрымліваецца зацяжарыць, таму трапляе да нас у аддзяленне на лячэнне. Адзін раз, другі, трэці… Канешне, яна пакутуе, бо нарадзіць дзіця – мара кожнай жанчыны. І вось праз восем гадоў жаданне здзяйсняецца! Было такое, што і праз 10 гадоў з’яўлялася дзіцятка ў сям’і. Вочы гэтых жанчын, якія нарэшце спазналі радасць мацярынства, нават выглядаюць інакш, яны свецяцца.
Са свайго вопыту магу сказаць, жанчыны – моцная палова чалавецтва, бо ў іх столькі сілы, асабліва што тычыцца дзяцей. Сама прырода паклапацілася, калі надала мацярынскі інстынкт.
Ганна Яўгенаўна – маці дачкі Анастасіі і ўжо бабуля ўнучкі Марыі. Дачка выбрала другую сферу – юрыспрудэнцыю, таму надзея, як жартуе мая суразмоўца, на Машу.
Галоўнай апорай лічыць свайго мужа, з якім стварыла сапраўдную сям’ю, дзе пануе каханне і ўзаемапавага. Ён – будаўнік, таму і дома парадак. Ёсць сабака пароды алабай па мянушцы Мілорд, які з’яўляецца паўнацэнным членам сям’і.
– Упэўнена, што трэба больш дзякаваць, чым скардзіцца на сваё жыццё. Ніколі не адчайвацца, бо гэта грэх. Працуючы ў медыцыне, разумею, што здароўе – самае галоўнае. А ўсё астатняе ўжо ў руках самога чалавека, – дадае Ганна Куст.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара