Па традыцыі немаўлятам, якія нарадзіліся ў Дзень міру – 21 верасня, прысвойваецца сімвалічны ганаровы статус «Дзіця міру», а сем’ям нованароджаных грамадская арганізацыя «Беларускі фонд міру» выдае памятныя сертыфікаты і аказвае грашовую падтрымку.
Пашанцавала нарадзіцца ў гэты дзень маленькаму цуду – Святланцы – у сям’і Галіны і Вадзіма Каляды з аг. Рамель. Дзяўчынка – адзінае дзіця на ўвесь раён, якое ў гэтым годзе з’явілася на свет у такі цудоўны дзень.
У аграгарадок Рамель, дзе жыве сям’я Каляда, павіншаваць бацькоў дзяўчынкі, уручыць сертыфікат «Дзіця міру» з аднаразовай грашовай выплатай прыехалі старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Віталь Яхнавец і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Людміла Мароз.
Маленькай Святлане Віталь Іванавіч пажадаў расці здаровай і шчаслівай і ў будучыні здзейсніць нямала спраў на карысць міру, а бацькам – здароўя, цярпення і дабрабыту.
– Імя для сваёй дачушкі выбралі задоўга да яе нара-джэння, – сказала Галіна. – Яе назвалі ў гонар бабулі Святланы Пятроўны, якая нарадзіла і выхавала сямёра дзяцей.
Святлана ў перакладзе азначае «светлая», «чыстая душой». Спадзяюся, што гэтая дзяўчынка вырасце добрым чалавекам і стане гонарам для сваіх бацькоў і прыкладам для іншых.
***
У гэты ж дзень старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў – Віталь Яхнавец і Людміла Мароз – наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр Столінскага раёна. Дзецям, якія там знаходзяцца, яны прывезлі гародніну, фрукты, салодкія прысмакі.
Выхаванцы цэнтра, як заўсёды, былі рады гасцям, іх клопату і ўвазе. Яны ахвотна расказвалі вершы, адказвалі на пытанні. Дзеці падзяліліся, як скончылі чвэрць, які план склалі на асеннія канікулы, што любяць займацца спортам…
Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» выказвае словы падзякі ўсім, хто аказваў дапамогу: пярвічным агранізацыям аддзела па адукацыі, ТЦСОНа, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Столінскай ПМК-62, індывідуальнаму прадпрымальніку Любові Стрыга.
Вольга СЕГЕН
Святлана МАРОЗ
Фота
аўтараў