НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Работа настаўніка ніяк не абмяжоўваецца 45 мінутамі ўрока. Яна не праходзіць толькі ў сценах школы. Быць педагогам – гэта быць настаўнікам па жыцці.
У гэтым пераканана маладая настаўніца замежнай мовы Стружскай СШ Наталля Пашкевіч. Чацвёрты год работы ў сістэме адукацыі, а ў скарбонцы педагога ўжо значныя напрацоўкі, дасягненні і перамогі. Сярод апошніх – званне «Малады чалавек года ў галіне адукацыі і навукі».

– Калі мне паведамілі гэтую навіну, я зразумела, што мне патрэбна працаваць яшчэ лепш, з большай аддачай, удасканальвацца, ісці да новых вяршыняў і перамог, – гаворыць маладая настаўніца.
Наталля мясцовая. Нарадзілася ў Струзе. Вучылася ў гэтай жа школе і з дзяцінства ведала, што будзе настаўніцай. Свой уплыў на выбар будучай прафесіі дачкі пакінула мама – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Іванаўна Мароз. Толькі не магла вызначыцца: настаўнікам якога прадмета стаць. І дзяўчынка прыглядалася да сваіх педагогаў, як яны вядуць урокі і на месцы каго яна б хацела быць. Наталля Уладзіміраўна Казуля адыграла таксама сваю ролю ў выбары прафесіі. Па яе прыкладзе Наталля стала настаўніцай англійскай мовы.
І пасля заканчэння школы стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Факультэт замежных моў і даў магчымасць глыбока вывучыць не толькі англійскую, а і нямецкую мовы.
Ужо будучы практыканткай, на апошнім курсе ўніверсітэта яна выкладала замежную мову ў Варанёўскай школе, дзе на той час педагог пайшла ў дэкрэтны водпуск. Прыехала па размеркаванні на Століншчыну і пайшла працаваць зноў у Варанёўскую школу. Праз два гады вызвалілася месца ў роднай школе і яна перайшла туды. Зараз зноў працуе на дзве школы – у Стружскай і Варанёўскай, выкладаючы англійскую і нямецкую мовы.
Яна любіць сваю справу. Пераканана, што нават праз дзесяцігоддзі не здрадзіць ёй.
– Праз пяць гадоў я бачу сябе на гэтым жа месцы, але больш вопытным педагогам, які мае не другую, а ўжо першую катэгорыю, удасканальвае свае навыкі і веды, займаецца самаадукацыяй, любіць дзяцей, а выпускнікі ад шчырага сэрца дзякуюць за веды, атрыманыя на маіх уроках, – зазірае ў будучыню Наталля Дзмітрыеўна.
Працуючы ў роднай школе, з вялікай цеплынёй гаворыць пра сваіх настаўнікаў. У першую чаргу гэта яе класны кіраўнік Людміла Фёдараўна Наскевіч, якая не толькі вучыла па школьнай праграме, а і выхоўвала, дапамагала ў станаўленні.
Да кожнага ўрока Наталля Дзмітрыеўна старанна рыхтуецца, каб ён быў не проста перадачай ведаў, а цікавым, захапляльным, які прымусіць дзяцей хацець пашыраць свае веды па-за межамі праграмы. І яна дапамагае вучням па-за ўрокам. Другі год вядзе свой блог на пляцоўцы гугл-блогер, дзе збірае карысныя матэрыялы па англійскай мове. Там знаходзяцца мультымедыйныя падручнікі, якія дапаўняюць школьную праграму, лекцыі, канспекты. Вучань, прапусціўшы заняткі, можа зайсці туды і самастойна ўзяць патрэбную дадатковую інфармацыю. Яе група вучняў 8 «Б» класа працуе з блогам без выключэння. Таму там настаўнік выкладвае, напрыклад, відэа. Яго патрэбна паглядзець, а на ўроку ўжо ўся група будзе працаваць на яго аснове. Кліпы, спасылкі на інтэрнэт-трэнажоры, цікавыя відэасюжэты і многае іншае па пэўнай тэме размяшчаецца ў блогу.
Урокі яна праводзіць абавязкова з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Вучні могуць чуць гаворку носьбітаў мовы, песні ў іх выкананні, робяць аўдзіраванне на аснове аўдыяфайлаў. Але разам з тым Наталля Пашкевіч пераканана, што ніякія сучасныя тэхналогіі не заменяць жывога слова настаўніка.
– Ацэньваю работу настаўніка, сваю работу: што я зраблю сёння, што дам дзецям зараз – такім будзе і наша будучыня, – кажа Наталля.
З узнагарод Наталлі Пашкевіч – перамога ў конкурсе «Малады педагог года», дыплом І ступені ў конкурсе метадычных напрацовак «Усё сэрцу міла на малой радзіме», дыпломы за тэатральныя пастаноўкі на англійскай мове, выступленні на канферэнцыях, перадача вопыту работы і іншае.
Вольнага часу ў педагога даволі мала. Бо яна з галавой акунулася ў настаўніцкую работу – праверка сшыткаў, падрыхтоўка да ўрокаў, вядзенне блога, а ў дадатак – конкурсы, канферэнцыі, даследаванні…
Але калі выдаецца вольная хвілінка, любіць займацца хенд мейдам. Сярод захапленняў скрапбукінг.
Любіць чытаць. У апошні час захапляецца творчасцю Джоджо Мойес. Яе «Да сустрэчы з табою» моцна ўсхвалявала Наталллю. З любімых кніг – «У вайны не жаночы твар» Святланы Алексіевіч. Навогул, яна любіць чытаць творы ваеннай тэматыкі, а таксама глядзець фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне. Асаблівая роля адводзіцца гістарычным фільмам аб Вялікабрытаніі.
Па жыцці яна ідзе з дэвізам «Удасканальвай сябе – і ўсё, што ты будзеш рабіць, будзе дасканалым». І імкнецца цалкам адпавядаць яму.
Таццяна СЕГЕН

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости