НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вось як думаеце, ці магчыма займацца бізнесам у дэкрэце, маючы пяцярых дзяцей? Як паказвае прыклад Алены Тарасевіч – уладальніцы ордэна Маці з Альшан, то магчыма.
І бізнес у яе прыгожы – кветкавы. У гэтым годзе жанчына вырашыла пасадзіць сем гатункаў гваздзікоў, якія павінны зацвісці якраз перад 8 Сакавіка. Справа гэта клапотная, паколькі размова ідзе пра восем тысяч саджанцаў, кожны з якіх патрабуе догляду. Да таго ж Алена была першапраходцам у вырошчванні хрызантэм, якіх у яе зараз аж 30 гатункаў. Як жанчына сумяшчае клопат пра дзяцей і кветкі, даведалася ў час размовы.
– Як гаворыцца, хочаш добра жыць – умей круціцца, – адказвае Алена. – Ды і не магу сядзець без справы, хоць дзеці ў мяне пагодкі. Самай старэйшай Галіне – восем гадоў, а меншаму Даніілу – два. З мужам у нас ужо былі гектары зямлі, парнікі. А мне заўсёды хацелася займацца кветкамі. Таму вырашыла паспрабаваць і пачала з хрэзантэм. Некалькі кустоў купіла, а потым самастойна пасынкавала, гэта значыць, што вялікіх сродкаў не ўкладала. Што прадалі людзям, што рэалізавалі ў аптовых гандлёвых кропках. Галоўны памочнік – інтэрнэт, праз які можна гандляваць не выходзячы з дому. Фотаздымкі і неабходную інфармацыю я размяшчаю адразу ў некалькіх групах, што вельмі зручна. Гэта дазваляе даведацца пра попыт, які нараджае прапанову. Дарэчы, многа кустоў прадалі на кірмашах, гарадскія жыхары адразу па некалькі кустоў забіралі. Яшчэ вырошчваю петуніі і іншыя дэкаратыўныя кветкі.
– Чаму ў вашым прайс-лісце няма любімых многімі жанчынамі цюльпанаў?
– З імі вельмі многа марокі, і часу трэба патраціць шмат. З цюльпанамі трэба рызыкаваць, бо яны вельмі капрызныя. Як паказвае практыка, на іх можна як выйграць, так і канкрэтна прайграць. Таму ў мяне сяброўства з цюльпанамі не задалося. Можа, гэта проста не мае кветкі, – разважае Алена.
– Значыць, усё ж кветкавы бізнес вы лічыце найбольш перспектыўным і прыбытковым?
– Пакуль так, але, самі ведаеце, што ў Альшанах сітуацыя кожны год можа змяніцца. Калі раней ніхто не займаўся кветкамі, то зараз многія пачалі. У нас таксама ёсць 30 сотак парніка, дык вось, каб іх запусціць, трэба каля 20 тысяч рублёў. І добра, калі вернеш, а бывае і такое, што тыя агуркі нікому не трэба. А вось з капустай, якой мы штогод вырошчвалі на трох гектарах, у гэтым годзе не ўгадалі і не пасадзілі. Так мовіць, інтуіцыя падвяла. Зараз на яе касмічная цана – 1,20. Даю гарантыю, што ў наступным годзе яе пасадзяць усе. Тое ж самае з кукурузай. Хто першы – той малайчына. Людзі ў нашай мясцовасці без работы, таму і шукаюць сваю нішу.
– Я так разумею, вы з мужам многа працуеце. На каго ж пакідаеце дзяцей?
– Старэйшыя дочкі – васьмігадовая Галіна і сямігадовая Аляксандра ўжо нам дапамагаюць. Малодшых Васіля і Данііла, якім пяць і два гады адпаведна, дапамагаюць глядзець бабулі. Яшчэ адзін сыночак Рыгор знаходзіцца ў спецыялізаванай школе-інтэрнаце ў Пінску. Так сталася, што пасля хваробы ён страціў слых. Толькі Богу вядома, што мне давялося перажыць. Безліч абследаванняў і дыягностык, але зараз больш-менш нармальна. Умее чытаць і, дзякуючы апаратам, нават шэпт чуе. Усім маці, якія сутыкнуліся з хваробамі дзяцей, хачу сказаць: ніколі не падайце духам. Такім дзецям патрэбна падтрымка і ваша ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. Хоць цяжка на сэрцы, што ён не побач – маленькі ж яшчэ, толькі шэсць гадоў. Але тут у мяне не атрымалася б даць яму неабходныя навыкі і веды. У такія моманты і шкадуеш, што жывеш не ў вялікім горадзе, дзе многа магчымасцяў. А самі Альшаны вельмі люблю, бо тут мой род. Сама я не атрымала ніякай адукацыі, але сваіх дзяцей накіроўваю на вучобу. Адна праблема – няма рабочых месцаў для моладзі, якая вяртаецца. Не кожны ж здольны разбагацець з зямлі, тут таксама талент трэба і здольнасці. І, само сабой, жаданне.
А ў Алены і яе мужа Міхаіла ёсць і тое, і другое. На Новы год плануецца значная падзея – наваселле. Дом у два паверхі пачалі будаваць самі. Як мнагадзетная сям’я, скарысталіся дзяржаўнай дапамогай. Таму пакрысе складаюць чамаданы. А вось кветкі каля дома ўжо растуць, пасаджаныя дбайнымі рукамі гаспадыні.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости