Уладальніца ордэна Маці Людміла Баган з аграгарадка Альшаны – прывабная жанчына, якая з’яўляецца маці пяцярых дзяцей: трох дзяўчынак і двух хлопчыкаў.
– Нават і не верыцца, што так хутка час праляцеў. Здаецца, толькі нядаўна вяселле згулялі, а ўжо старэйшыя дочкі амаль падлеткі. Вельмі імкліва бягуць дні, – крыху сумна заўважае жанчына.
Людміла, як і многія жыхаркі Альшан, хатняя гаспадыня. Але гэта не значыць, што ў яе многа вольнага часу. Наадварот, дзень распісаны па хвілінах. Акрамя клопатаў пра дзяцей, безліч іншых спраў. Вялікая гаспадарка, дагледзець зямлю, з якой жывуць. І гэта не лічачы звычайных хатніх спраў: прыгатаваць есці, навесці парадак у доме.
– Людміла, вы выйшлі замуж ужо ўсё ўмеючы ці давялося многаму вучыцца?
– Першы варыянт, – з усмешкай адказвае яна. – Самі ж ведаеце, у Альшанах мнагадзетныя сем’і не рэдкасць. Вось я таксама вырасла ў такой і была шостай з дзявяцярых дзяцей. З дзяцінства дапамагалі бацькам. Маці і бацька працавалі ў мясцовым калгасе. І пакуль яны вернуцца з работы, у нас ужо ўсюды парадак. Кожны з нас ведаў свой абавязак і слоў «не буду» альбо «не хочу» не існавала. Зразумела, мы ўсе сталелі, пераходны ўзрост і ўсё такое. Але бацькі для кожнага з нас заставаліся самымі лепшымі дарадчыкамі. Так яно і дагэтуль. І гэта я лічу правільным, бо толькі яны жадаюць сваім дзецям самага лепшага.
– Вы згодны з меркаваннем, што трэба кантраляваць кожны крок дзіцяці, каб ухіліць ад памылак?
– Абсалютна не згодна, бо такія бацькоўскія паводзіны пазбаўляюць дзяцей самастойнасці. Важна, каб дзіця давярала і раілася, а не прасіла дазволу. Гэта прынцыповая розніца. Тым больш так можа выхавацца звычка перакладваць адказнасць за свае дзеянні на іншых. Сваіх дзяцей вучу адказваць за учынкі. Атрымаў дрэнную адзнаку, значыць, сам вінаваты, а не настаўніца альбо недахоп часу. Дзякаваць Богу, мне з маімі дзяўчатамі пашанцавала, у школу ідуць з ахвотай.
– Людміла, не сакрэт, што ў Альшанах бацькі ставяць у прыярытэт работу, а не вучобу. Маўляў, намнога значней грошы зарабіць, чым добрую адзнаку атрымаць. Якое ваша меркаванне наконт гэтага пытання?
– Асабіста для мяне ніколі не паўставала гэтае пытанне: вучоба адзначна на першым месцы. Нават, калі і ёсць нейкая работа, я ніколі не адцягну ўвагу дзяцей ад навучальнага працэсу. Безумоўна, трэба, каб яны дапамагалі, але ні ў якім разе не на шкоду ўрокам. Мне хочацца, каб дзеці атрымалі адукацыю і працавалі. А вось захочуць яны застацца ў Альшанах ці паехаць у горад – гэта цалкам іх рашэнне. Проста ў нас востра стаіць пытанне з рабочымі месцамі, бо раён густанаселены і нават спецыялісты з вышэйшай адукацыяй часта сутыкаюцца з тым, што не могуць знайсці рабочае месца. І гэта хвалюе не толькі мяне. Хочацца, каб наш аграгарадок не пакідала моладзь.
– Вы шыкоўна выглядаеце. Хапае часу на сябе?
– Канешне. Жанчына павінна заставацца жанчынай, у якой свае сакрэты. І ў мяне яны ёсць таксама, але я пра іх не раскажу.
Муж Людмілы – індывідуальны прадпрымальнік, сям’я жыве ў дастаку. Пабудавалі свой дом, у якім часта збіраюцца родныя. Самыя любімыя святы – Новы год і Ражджаство. Дзеці чакаюць не дачакаюцца, калі будуць зноў упрыгожваць ёлку. А маці спячэ свой фірмены торт.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара