НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Як іграе на фартэпіяна Лізавета Ярошык, я чула падчас семінара ў Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школе мастацтваў.
Дзяўчына была ўдзельніцай многіх нумароў і здзіўляла выкананнем. Нездарма яна стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені трэцяга абласнога конкурсу юных піяністаў «Новыя гарызонты». І гэта не адзіная ўзнагарода. У мінулым годзе Ліза была дыпламанткай ІІІ ступені раённага конкурсу юных выканаўцаў фартэпіяннай музыкі.
Цяга да музыкі перадалася Лізавеце ад яе старэйшай сястры Надзеі, якая, дарэчы, была прызнана пераможцай раённага конкурсу «Малады чалавек года». Зараз сястра вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце на стаматолага.
– Адкажы, калі ласка, а ты якую прафесію выбрала для сябе? – пытаю ў Лізы.
– Пакуль дакладна не ведаю, але мне падабаецца прыкладная матэматыка. І не трэба здзіўляцца, музыка ж таксама дакладная навука. Без ведання нотнай граматы ніколі не станеш выканаўцам. Школу я скончу толькі праз два гады. Думаю, за гэты час вызначуся, – адказвае дзяўчына.
– Значыць, музыка для цябе таксама застанецца толькі хобі?
– Мне ж ніхто не забароніць займацца, калі я захачу. У нас дома стаіць піяніна і калі Надзя прыязджае, то абавязкова садзіцца за яго. Музыка – гэта тое, што заўсёды побач. Яна ўпрыгожвае душу. Згадзіцеся, ніколі не будзе лішнім пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы, – разважае дзяўчына.
Акрамя піяніна Лізавета іграе на гітары. Прычым вучылася яна самастойна. А гэта гаворыць пра яе як пра таленавітую і мэтанакіраваную асобу. Калі што задумала, абавязкова здзейсніць.
– Заўважыла, што ты амаль не хвалявалася, калі выступала. Цудоўна трымаешся на сцэне! – хвалю сваю суразмоўцу.
– Дзякуй, але хваляванне ў мяне ўсё ж такі прысутнічала. Праўда, яно «ходзіць» за мной, пакуль я рыхтуюся. А ў час выступлення знікае, і мы з піяніна застаёмся сам-насам. Заўсёды захаплялася вялікімі музыкантамі ў час іх выступлення. Яны ніколі не глядзяць на гледача, чакаючы нейкага адабрэння. Яны проста іграюць. Асабліва мне імпануе Дзяніс Мацуеў, які прысвяціў сваё жыццё музыцы. Удзячна і сваёй настаўніцы Аліне Уладзіміраўне Тукінай, якая любіць тое, чым займаецца, – кажа піяністка.
Дзяўчына ўсюды паспявае, з’яўляючыся выдатніцай СШ № 1 г. Давыд-Гарадка.
– Мне падабаецца быць занятай, спяшацца па справах. Такі рытм мне падыходзіць, таму я не стану наракаць пра няхватку часу. А яшчэ я стаўлю перад сабой задачы і імкнуся іх дасягаць. Калі не атрымліваецца з першага разу, абавязкова атрымаецца з другога, трэцяга. Ніколі не трэба апускаць рукі. Зараз мая галоўная мэта – стаць студэнткай, таму не баўлю дарэмна час, не сяджу ў сацыяльных сетках, многа займаюся. Яшчэ вельмі хачу пабываць у Швейцарыі, – дзеліцца дзяўчына.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости