Ёсць меркаванне, што кожны чалавек нараджаецца з пэўным талентам. А вось раскрыецца ён ці не, – залежыць ад многіх абставін. У выпадку з Ангелінай Батвінка – вучаніцай 8 «А» класа сярэдняй школы № 1 Давыд-Гарадка, як гаворыцца, усе зоркі сышліся.
Прыроджаныя здольнасці яна развівае на занятках у Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школе мастацтваў. І гэта не застаецца не заўважаным.
У канцы мінулага года стала вядома, што Ангеліна стала пераможцай абласнога агляду-конкурсу мастацкага плаката і малюнка «Небяспека – СНІД» у рамках Сусветнай кампаніі супраць СНІДу. Арганізатарамі з’яўляліся Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
І вось узнагарода знайшла свайго ўладальніка. Дыплом і падарунак Ангеліне ўручыў дырэктар установы Вадзім Козел. Павіншаваў яе таксама і з перамогай у раённым этапе конкурсу «Выратавальнікі вачамі дзяцей». Зараз яе работа прымае ўдзел у абласным этапе. Вядома, спадзяюцца на перамогу.
Ангеліна займаецца маляваннем з дзяцінства. Любімая тэхніка – кампазіцыя і жывапіс. Фарбы – гуаш.
– Я многа чытаю пра сусветна вядомых мастакоў і цяпер разумею, чаму яны патрабавалі абсалютнай цішыні ў час сваёй работы, – з усмешкай кажа Ангеліна. – Маляванне – не той занятак, якім можна займацца паралельна з іншым. Нават усе думкі адыходзяць на другі план. Гэта цудоўны спосаб рэлаксацыі.
– А хто табе падказвае ідэі малюнкаў?
– Свае ідэі я абмяркоўваю з настаўнікам Міхаілам Паўлавічам Сыса, мы разам вырашаем, як іх ажыццявіць на паперы.
– У цябе так цудоўна атрымліваецца маляваць. Будзеш і далей гэтым займацца?
– Не, хутчэй за ўсё маляванне застанецца маім хобі. А я хачу быць урачом, каб дапамагаць людзям. Лічу гэтую прафесію самай неабходнай, тым больш зараз, калі чалавецтва напаткала пандэмія.
– Стаць урачом – гэта твая мэта. А якая ў цябе мара?
– Я вельмі хачу ўбачыць на свае вочы знакамітую і маю любімую карціну Вінсэнта Ван Гога «Зорная ноч», а таксама пабываць ва ўсіх знакамітых мастацкіх музеях свету.
Акрамя малявання дзяўчына зай-маецца валейболам, а яшчэ вывучае на павышаным узроўні англійскую мову, веданне якой абавязкова спатрэбіцца ў час падарожжаў.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара