НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Так называецца фотавыстаўка, якая адкрылася 16 сакавіка ў УК “Столінскі раённы краязнаўчы музей”. Яе аўтар — фотааматар Васіль Вярэніч з Рэчыцы. На выставе прадстаўлена больш за 60 работ фотамайстра.

Прапануем увазе чытачоў невялікую гутарку з аўтарам выстаўкі.

— Васіль Дзмітрыевіч, з чаго і як пачалося Ваша захапленне фатаграфіяй?

— Калі я вучыўся ў школе, вельмі любіў фізіку, падоўгу праседжваў у бібліятэцы над часопісамі «Знание — сила», «Юный техник», «Наука и жизнь», наведваў гурток радыётэхнікі і фотагурток. Пасля школы, хоць і цяжка было, бо выхоўваўся без бацькоў, купіў сабе просты, танны і папулярны ў той час фотаапарат «Змена-2». Але да ідэальных сэнсавых фатаграфій было яшчэ далёка. У асноўным гэта былі здымкі сяброў, будынкаў. Часам змазаныя, засвечаны або наогул празрыстыя плёнкі атрымліваліся. З часам набываўся вопыт, вучыцца не было ў каго, тады на некалькі вёсак быў адзін фатограф, ды і літаратуры па фатаграфіі мала было ў продажы. Не кінуў займацца фатаграфіяй і ў арміі, калегі сабраліся і купілі фотаапарат, каб я здымаў іх для дэмбельскія фотаальбомаў.

Пасля службы ў арміі працягваў займацца любімым захапленнем. У маім арсенале ўжо з’явілася больш сур’ёзная фотаапаратура, здымаў не толькі для сябе і сяброў, а спрабаваў паказаць цікавыя здымкі людзям, прыносіў іх у нашы “Навiны Палесся”. Да гэтага часу ў мяне захоўваюцца старыя газеты з маімі здымкамі, якія час ад часу пераглядаю. Каб павысіць узровень сваіх ведаў, паступіў на завочнае аддзяленне ЗНУМ (завочны народны ўніверсітэт мастацтваў) у Маскве, паспяхова скончыў тры курсы. Мае здымкі публікавалі ў рэспубліканскіх і нават у цэнтральных выданнях.

— Дзе яшчэ можна ўбачыць Вашы работы, ці прымаеце ўдзел у фотаконкурсах?

— Мае работы па-ранейшаму часам публікуюцца ў нашай газеце і ў рэспубліканскіх выданнях, але асноўная частка маіх здымкаў размешчана ў сацыяльных сетках, там больш шырокая аўдыторыя. Часам прымаю ўдзел у фотаконкурсах, але за прызавымі месцамі не імкнуся, для мяне дастаткова ўдзелу. Галоўная ўзнагарода для мяне, гэта водгукі наведвальнікаў на мае працы. У мінулым годзе экспазіцыя маіх работ была выстаўлена ў выставачнай зале, але з-за пандэміі нешматлікія яе наведалі. Я ўдзячны шчасліўчыкам, якія пабылі на маёй выставе і якія пакінулі пахвальныя водгукі на мае працы. Зараз супрацоўнікі нашага краязнаўчага музея прапанавалі выставіць маю экспазіцыю ў зале музея для прагляду наведвальнікамі. Я пайшоў ім насустрач, дапоўніў выставу некалькімі апошнімі працамі, і вось — вынік.

— Цяпер многія займаюцца фатаграфіяй, напэўна, у Вас шмат аднадумцаў, з кім маеце зносіны, дзеліцеся вопытам?

— У любым захапленні заўсёды ёсць аднадумцы. Падтрымліваю сувязь з Ільёй Вакулічам, Паўлам Куніцкім, Віталіем Чынікайла, дапамагаем адзін аднаму, абменьваемся вопытам. Шмат сяброў і аднадумцаў у сацыяльных сетках. Там збіраюцца людзі з усяго свету, я прымаю ўдзел у некалькіх групах аматараў фатаграфіі. Набыў шмат новых сяброў, з якімі маю зносіны і абменьваюся здымкамі па электроннай пошце. Для мяне фатаграфія гэта як паэзія, без натхнення добрага здымка не атрымаецца.

— Вашы пажаданні і планы на будучыню?

— Пажадаю ўсім людзям моцнага здароўя ў гэта няпросты час. Каб людзі былі добрыя і спагадлівыя адзін да аднаго.

Яшчэ хацелася б, каб у нашага горада быў свой фотаальбом, у якім была б адлюстравана гісторыя, людзі і прыгажосць прыроды нашага краю.

У гэтым годзе планую акунуцца ў макрасвет нашага краю – паздымаць розных казявак і казюлек. Хочацца пафатаграфаваць людзей працы – камбайнераў, даярак, будаўнікоў, паляводаў, працаўнікоў заводаў і прадпрыемстваў.

— Дзякуй за інтэрв’ю і творчых поспехаў Вам!

Фотавыставу можна наведаць з аўторка па нядзелю з 09.00 да 17.00 гадзін.

Фота Юліі МАЦУКЕВІЧ

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости