Аляксей Шпакевіч – асоба ўнікальная ва ўсіх сэнсах. Ён з’яўляецца, напэўна, самым высокім жыхаром нашага раёна, паколькі яго рост складае 2 метры і 20 сантыметраў. Зараз працуе адказным спецыялістам па рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчай жывёлы ў ААТ «Палессе-АВМ».
Аздамічы
Аляксей нарадзіўся ў звычайнай вясковай сям’і. Маці працавала даяркай у мясцовым калгасе, а бацька быў вадзіцелем. Хлопец мае старэйшую сястру Марыю і малодшага брата Дзмітрыя. Толькі яны адметным ростам не вылучаюцца.
Вучыўся ў школе нядрэнна, разам з маці шмат часу праводзіў на ферме, а пасля школы зімой любіў хадзіць да бабулі і спяваць з ёй царкоўныя псалмы. У пачатковай школе асабліва нічым не вылучаўся сярод сваіх аднакласнікаў. Кампанейскі, вясёлы, таму заўсёды меў многа сяброў.
«Не магу ісці ў школу»
У пятым класе паехаў у санаторый на адпачынак. Аднойчы ў час гульні няўдала скочыў і моцна забалела нага. Крыху пакульгаўшы, праз некаторы час боль сціх. Пасля вяртання дадому, калі выходзіў з аўтобуса, адчуў, як штосьці стрэліла ўжо ў другой назе. Спачатку бацькам нічога не казаў, думаў, што пройдзе. Але ў адзін дзень проста не змог стаць на ногі. «Я не магу ісці ў школу», – сказаў ён маці, трымаючыся за сцяну. І пачалася чарада бальніц, абследаванняў і аналізаў. Бацькі шукалі рады ў лепшых дактароў. І вось, нарэшце, адзін з іх паставіў дыягназ: астэахандрапатыя абедзвюх пятачных касцей з абвостраным болем. Гэтая хвароба ўзнікае ў хлопчыкаў пасля дзевяці гадоў і дагэтуль невядома дакладная прычына такога парушэння.
Адзінаццацігадовы Аляксей не толькі не хадзіў, ён нават стаяць не мог – такі страшэнны быў боль. Калі нікога не было дома, хлопец поўзаў на каленях, якія сціраліся да крыві. Але ён ніколі не жаліўся і нават бацькам не паказваў сваёй роспачы. Давялося перайсці на дамашняе навучанне, але тым прагней ставіўся да навукі юнак. Асабліва з матэматыкай сябраваў. Толькі праз два гады, калі перайшоў у 7 клас, яму ўдалося стаць на свае ногі…
Самы высокі ў класе
За той час, пакуль Аляксей не мог хадзіць, адбыўся значны скачок у росце – амаль 30 сантыметраў. Пабачыўшы яго, здзівіліся не толькі аднакласнікі, але і настаўнікі. Алексей быў самым высокім вучнем у школе, але, самае галоўнае, ён мог самастойна хадзіць. А яшчэ ён стаў спартсменам і неаднаразова ў складзе валейбольнай і баскетбольнай каманд абараняў гонар школы на розных спаборніцтвах.
Гродна
Аднойчы Аляксей у складзе раённай каманды па валейболе выступаў у Брэсце, дзе таленавітага юнака заўважылі. Вярнуўшыся са спаборніцтваў, раздаўся званок. Аляксею патэлефанаваў трэнер з Гродна, які прадстаўляў баскетбольны клуб «Прынёманне», і прапанаваў яму паспрабаваць сябе ў прафесійным спорце. Юнак доўга раіўся, бо не ведаў, як зноў сябе павядзе арганізм. «Рабі, як адчуваеш сэрцам», – параіла маці. І Аляксей з вялікай надзеяй паехаў у Гродна.
У камандзе яго прынялі па-рознаму. Некаторыя аднаклубнікі ледзь не прамым тэкстам гаварылі, што яго ўзялі ў каманду толькі з-за высокага росту. Але ўжо на першых гульнях Аляксей паказаў, што валодае спартыўнымі здольнасцямі не горш за іншых. Нават тыя спартсмены, якія займаліся па два гады, хутка пачалі ўступаць у майстэрстве хлопцу з палескай вёскі.
Развітанне са спортам
Як цяпер памятае юнак, што ў той дзень была гульня з расійскай камандай. Трэнер выпусціў яго на пляцоўку. Аляксей зрабіў некалькі крокаў і адчуў знаёмы боль. Яшчэ некаторы час спрабаваў яго не заўважаць, але марна: ногі перастаюць слухацца…
Зноў паліклінікі, абследаванні, аналізы, здымкі. На прыём трапляе да аднаго з вядучых урачоў, кандыдата медыцынскіх навук, які прапануе юнаку зрабіць аперацыю. Кіраўніцтва клуба гатова ўзяць на сябе ўсе расходы. Толькі не вядома, колькі часу спатрэбіцца на рэабілітацыю. Аляксей са слязьмі на вачах тэлефануе маці і пытае парады. «Як табе сэрца падказвае», – зноў раіць маці, разумеючы, што не можа рабіць такі сур’ёзны выбар за сына. Юнак вяртаецца ў Аздамічы.
ААТ «Палессе-АВМ»
У школу ён прыйшоў у 11-ы клас у другім паўгоддзі. Пасля заканчэння школы паступіў у Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, дзе атрымаў прафесію эканаміста. Па мэтавым накіраванні прыйшоў працаваць у ААТ «Палессе-АВМ». Праўда, уладкаваўся не па спецыяльнасці, паколькі яму даручылі быць адказным спецыялістам па рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчай жывёлы. Аляксей запаўняе пашпарты на кожную жывёліну, якіх усяго ў гаспадарцы 3400 галоў.
Работа Аляксея вельмі адказная і права на памылку няма. Юнак, які заўсёды адрозніваўся адказнасцю, бездакорна спраўляецца. Раней жыў з бацькамі і кожны дзень пешшу пераадольваў 28 кіламетраў. Зараз здымае кватэру ў Вялікім Малешаве.
На жаль, у мінулым годзе Аляксей атрымаў траўму спіны, таму зараз больш імкнецца адпачываць. Але ён ніколі не засмучаецца, наадварот, знаходзіць сябе ў іншым і з гумарам ставіцца да многіх сітуацый.
Калі ж адзенне яшчэ не праблема, то вось пра абутак даводзіцца паклапаціцца, бо Аляксей мае 52-і памер нагі. Заказвае яго праз інтэрнэт у Расіі.
А яшчэ юнак – цудоўны артыст. Калі вучыўся ў каледжы, заўсёды з задавальненнем прымаў удзел у карпаратывах у якасці Дзеда Мароза.
– Я зразумеў, што самае галоўнае, каб было здароўе, а ўсё астатняе абвязкова здзейсніцца, – кажа на развітанне палескі велікан.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара