НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Ёсць выказванне: нішто так не ўпрыгожвае жанчыну, як мацярынства. І ў гэтым можна ўпэўніцца, гледзячы на гэтую прывабную жанчыну. Марыя Крупкевіч з вёскі Цераблічы – маці пяцярых дзяцей і ўладальніца ордэна Маці.
Маладая сям’я Крупкевіч з’явілася ў 2007 годзе. З мужам Васілём іх пазнаёміў… дождж. Марыя ішла з сяброўкамі дадому і трапіла пад лівень. Хлопец якраз міма праязджаў на сваёй машыне і прапанаваў падвезці дзяўчат. Так і пачалася гісторыя іх кахання. Пасля шлюбу вырашылі застацца ў роднай для Марыі вёсцы Цераблічы. І пачалі будаваць свой дом.
– Я веру, што родная зямля валодае гаючай сілай, – кажа жанчына. – Ды і хто застанецца жыць у вёсцы, калі моладзь будзе.з’язджаць? У нас ёсць добрыя ўмовы, праведзены прыродны газ, адчынена новая школа, якую наведваюць мае дзеці. Але самае галоўнае тое, што побач бацькі, родныя, знаёмыя. У чужым месцы, тым больш у вялікім горадзе, пакуль абжывешся – палова жыцця пройдзе. А яно хутка бяжыць. Я не паспела азірнуцца, як ужо 13 гадоў прайшло з дня вяселля. На мой погляд, ніякая кар’ера не каштуе таго, каб дзеля яе ахвяраваць часам, які праводзіш з блізкімі. Урэшце, нідзе мы так не патрэбны, як у сямейным коле.
Сваіх дзяцей Марыя лічыць самым дарагім падарункам. Хоць і не адмаўляе, што быць мнага-дзетнай маці – гэта як сумяшчаць адразу некалькі прафесій. Бо трэба быць не толькі поварам, прыбіральшчыцай, але яшчэ і педагогам, псіхолагам, аніматарам і гэтак далей. А яшчэ патрэбна на поле паспець, каб капусту прапалоць, агуркі падвязаць і яшчэ шмат рознай іншай работы зрабіць. Дзеці бачаць, што працаваць – гэта адзін спосаб зарабіць грошы, таму дапамагаюць без лішніх напамінаў.
Старэйшаму Івану 12 гадоў. Адказны і не па гадах дарослы. Удзельнічае ў сямейных нарадах. На два гады меншы Міхаіл. Гэты больш гарэзлівы, мае многа сяброў і, як толькі зробіць сваю работу, куляй імчыць на двор. Далей у сям’і нарадзіліся тры дзяўчынкі. Аляксандры – дзевяць гадоў. Маленькая модніца, таму сукенкі выбірае выключна сама. На кухні гаспадарыць нараўне з маці. Самым меншым дачушкам – Танюшы і Кацярыне – чытары і два гады адпаведна.
– Марыя, адкажы, якую будучыню ты хацела б сваім дзецям?
– Галоўнае, каб яны сталі шчаслівымі людзьмі. Захочуць застацца тут ці паехаць у іншае месца – выбар будзе толькі за імі. Я супраць, калі бацькі вырашаюць за сваіх дзяцей. На мой погляд, чым раней дзеці пачнуць разумець сваю самастойнасць, тым хутчэй навучацца несці адказнасць за свае ўчынкі.
Сям’я трымае сваю гаспадарку, а хутка паедзе гандляваць на кірмаш, якія традыцыйна ла-дзяцца восенню. А пакуль мнагадзетная маці занята зборамі старэйшых дзяцей у школу. Хлопцы за лета выраслі, таму.давя-дзецца цалкам абнавіць гардэроб.
Планаў на будучыню ў Марыі многа. Зрабіць рамонт у доме, які, дарэчы, пабудавалі на свае сродкі. А яшчэ хацела б усёй сям’ёй здзейсніць падарожжа ў Нідэрланды. Тым больш ехаць ёсць да каго.
– Я многа разоў была ў гэтай краіне. Спачатку ездзіла ад школы і вельмі пасябравала з Хейкай і Янам – гаспадарамі, у якіх жыла. Апошні раз наведвала іх, калі ўжо была замужам. Вельмі добрыя і спагадлівыя людзі. Зараз падтрымліваем сувязь праз сацыяльныя сеткі і размаўляем па відэазванку. Заўсёды цікавяцца справамі ў маёй сям’і. Калісьці яны прапаноўвалі мне заставацца ў Нідэрландах і абяцалі дапамагчы з працаўладкаваннем, мая прафесія – прадавец. Не буду хлусіць, вёска там і тут значна адрозніваюцца. У іх прэстыжна жыць менавіта за горадам і мець свой дом – вялікая раскоша. Вялікі плюс тое, што там няма праблем з рабочымі месцамі, чаго не скажаш пра наш раён. Таксама заработная плата там на парадак большая.
Толькі я ўпэўнена, што трэба жыць там, дзе патрабуе сэрца. А маё сэрца ў Цераблічах. А вось пагасцяваць, дасць Бог, абавязкова паедзем.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости