Галоўнае – каханне!
У гэтым упэўнена Святлана Лемяза з аграгарадка Альшаны – уладальніца ордэна Маці.
Разам з мужам Васілём гадуюць пяцярых дзяцей, а ў канцы лета чакаюць папаўнення. Святлана ззяе ад радасці, нездарма ж кажуць, што самая прыгожая жанчына тая, якая носіць дзіця пад сэрцам.
Святлана ўпэўнена, што толькі ў сям’і чалавек сябе можа адчуць па-сапраўднаму шчаслівым. Ніякія машыны, кватэры і бліскучая кар’ера не заменяць яе.
– Дзесьці прачытала, што калі ад дзіцячых цацак няма куды дзецца – вы шчаслівы чалавек, – разважае Святлана. – Я так зразумела гэта выказванне, бо ў маім доме менавіта так. Пакуль ёсць цацкі і дзіцячы смех – вы яшчэ маладыя. З гадамі вырастуць дзеці, створаць свае сем’і і дай Бог у іх дамах таксама будзе поўна розных лялек, машынак, самалёцікаў і размалёвак. Нават калі падкрадаецца нейкая туга, дзеці хуценька яе праганяюць. Глядзіш у іх вочы, такія цікаўныя, і ўсе дрэнныя думкі ідуць прэч. А яшчэ самае галоўнае, каб дзеці раслі ў атмасферы кахання і павагі, тады ў іх будзе правільная мадэль сям’і. Мы з мужам імкнёмся прывіць ім дабрыню, каб яны выраслі спагадлівымі і чулымі людзьмі. Каб адклікаліся на просьбу, каб не былі абыякавымі.
Мне вельмі пашанцавала ў жыцці, бо я сустрэла свайго чалавека. Безумоўна, у першыя гады сумеснага жыцця ў нас, як і ў многіх маладых сем’ях, ішла прыцірка. І гэта, лічу, цалкам нармальна. У жыцці не бывае, нібы ў казцы. І трэба гэта разумець. Але калі чуеш і разумееш адзін аднаго, усе перашкоды застануцца ў мінулым. Гэта мая парада ўсім маладым людзям, якія плануюць стварыць сваю сям’ю. І, канешне, не забывайце пра сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль. Іх парады часта на вагу золата. Бо ніхто ў свеце вас так не падтрымае, як вашы родныя. Міру у вашых сем’ях, здароўя і дабрабыту!
Ганна Мельнік
Фота аўтара