Педагогі Столінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі вырашылі дапамагчы медыкам.
Дырэктар цэнтра Іна Шаламіцкая расказала «НП», што ва ўстанове прынялі рашэнне не бавіць дарма час ў перыяд дадатковых канікул, а прынесці карысць іншым.
- Мы заўжды ўдзячны тым добрасардэчным людзям, якія адклікаюцца на нашы просьбы і ахвяруюць грашовыя сродкі, аказваюць дапамогу, не проходзяць міма тых, каму патрэбна ўвага і пасільны ўдзел, — адзначае Іна Аляксееўна. – Вось і вырашылі не сядзець склаўшы рукі ў той час, калі нашы медыкі знаходзяцца, можна сказаць, на перадавой. Усе разумеюць, што зараз у іх вельмі складаны перыяд. Лічым сваім грамадзянскім абавязкам ім дапамагчы ў такі складаны момант. Маскі ім зараз вельмі патрэбны, таму спадзяёмся, што наша работа, арганізаваная ў рамках акцыі «Дзякуй медыкам», прыйдзецца якраз да месца.
На базе карэкцыйна-развіваючых класаў педагогі заняты пашывам медыцынскіх масак, якія будуць перададзены медыцынскім работнікам нашага раёна. Мы ўдзячны людзям, якія ўзялі на сябе адказнасць за наша жыццё і здароўе. А яшчэ пэўная іх колькасць будзе перададзена ў сацыяльна-педагагічны цэнтр Столінскага раёна.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара