НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Іван Мікітавіч і Софія Уладзіміраўна Мазоль з Хотамля пражылі разам 60 гадоў.

У размове з карэспандэнтам «НП» расказалі, што аб’яднала два лёсы ў адзін, якія якасці важныя ў сумесным жыцці і што з’яўляецца найбольшай радасцю ў жыцці.
Іван і Софія – аднавяскоўцы. Успаміны пра дзяцінства, на жаль, не самыя радасныя. Яно было абпалена вайной. Давялося перажыць многа горкіх падзей у час ваеннага ліхалецця. Іван у шматдзетнай сям’і – самы старэйшы. Бацька з фронту вярнуўся хворы і слабы. Рана пайшоў з жыцця. Софія свайго бацьку не памятае, таксама загінуў у гады вайны.
Іван пачаў працаваць рана. З 16-ці гадоў хадзіў у леспрамгас, бо трэба было дапамагаць маці. Акрамя яго, у сям’і гадавалася яшчэ сем дзяцей.
Софія таксама з юнацтва не цуралася ніякай работы. Была нянькай дзецям дырэктара школы. Потым узялі тэхработнікам у школу. Неабходна было накалоць дроў і натапіць вучэбныя класы. Дзяўчына спраўлялася.
Іван і Софія не хаваюць, што было цяжка. Фізічная праца патрабуе многа сіл, вынослівасці, загартоўкі.
Яны пазнаёміліся ў вёсцы, калі былі зусім юнымі: Софіі – 16, Івану на год больш. Аб узаемнай сімпатыі і сяброўстве, якое ўзнікла паміж маладымі сэрцамі, усміхаюцца і сціпла заўважаюць: «Відаць, гэта лёс».
Неўзабаве Івана забралі служыць. Софія і ў армію праводзіла, і лісты пісала. Ён трапіў служыць у Казахстан, потым у Ленінград і зноў у Казахстан. Калі звольніўся, быў узнагароджаны медалём «За асваенне цалінных земляў». Гэтым ганарыцца Іван Мікітавіч.
Больш за тры з паловай гады чакала яго дзяўчына, якая стала вернай спадарожніцай па жыцці. Калі юнак адслужыў, маладая пара ўзяла шлюб. У канцы студзеня зарэгістравалі, а вяселле сыгралі ў другой палове лютага.
Працавалі Мазалі многа. Іван Мікітавіч ездзіў на заробкі, працаваў у калгасе, леспрамгасе. Софія Уладзіміраўна ў калгасе была паляводам, даяркай.
Нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей – Ганну, Валерыя і Юрыя. Што цікава: усе яны звязалі сваё жыццё з медыцынай, і некаторыя ўнукі пайшлі па ўрачэбнай сцежцы.
Дачка Ганна – фельчар-акушэр у Рэчыцкай амбулаторыі Гомельскай вобласці. Валерый – кардыёлаг у Столінскай ЦРБ. Малодшы Юрый працуе на станцыі хуткай дапамогі ў бальніцы ў Мінску.
Сваіх дзяцей стараліся выхоўваць на простых чалавечых правілах: чужога на бярыце, калі бачыце, што трэба дапамога, – дапамажыце, старэйшых – паважайце. Прывівалі працавітасць. А яшчэ бацькі хацелі, каб дзеці абавязкова атрымалі добрую адукацыю.
У сям’і Мазоль пяць унукаў. Сярод іх – і банкаўскі работнік, і дальнабойшчык, і траўматолаг, і неўролаг. Маюць ужо двое праўнукаў. Самы малодшы нарадзіўся ў першыя дні сакавіка.
Цікаўлюся ў сямейнай пары, як захоўваць цёплыя адносіны паміж мужам і жонкай доўгія гады.
– Сітуацыі бываюць розныя, – кажа Іван Мазоль. – Але важна дапамагаць, любіць і шкадаваць адзін аднаго. Не абысціся без узаемнай падтрымкі і дабрыні.
Зараз Іван Мікітавіч – інвалід па зроку. Прызнаецца, што вельмі любіць чытаць раённую газету. Усё жыццё выпісвалі, знаёміліся з навінамі. І цяпер «НП» як добры сябар прыходзіць у іх дом. Зараз, калі падводзіць зрок, раёнку яму чытае Софія Уладзіміраўна. Так ён даведваецца, дзе і што адбываецца.
Дапамагае сям’і Мазоль мясцовая жыхарка Марыя Мамайка. Купляе і прыносіць прадукты і лекі, прыбірае, гатуе ежу. Жанчына кажа, што Іван Мікітавіч вельмі добры па характары і зараз перажывае за Софію Уладзіміраўну: як яе самаадчуванне, ці нічога не баліць.
Дзеці з гарадоў час ад часу прыязджаюць. Часцей за ўсё Валерый, бо жыве бліжэй.
Сустрэчы з карэспандэнтам Іван Мікітавіч быў вельмі рады і гэтага не хаваў. Шчыра скажу: гэта і мне было прыемна.
Жадаю Івану і Софіі Мазоль моцнага здароўя, жыць яшчэ доўга-доўга і радаваць адзін аднаго.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости