НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Цёплая сустрэча праз 30 гадоў
У мінулую суботу, 2 лютага ў Гараднянскай школе адбыўся вечар сустрэчы з выпускнікамі. Наш выпуск святкаваў 30-годдзе пасля заканчэння школы. Сустрэча атрымалася незвычайна цёплай і душэўнай.
Кожны раз з хваляваннем і радасцю пераступаю парог роднай школы: тут прайшлі цікавыя і насычаныя гады жыцця, тут працавалі настаўнікамі бацькі, якія зараз на заслужаным адпачынку. Памятаюцца піянерскія зборы і камсамольскія сходы, паходы, экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць і Мінск. Адной з іх наш клас узнагародзілі за першае месца ў зборы металалома, другой – за перамогу ў зборы шышак: такім чынам дапамагалі лясніцтву. Прыходзілі на дапамогу калгасу “Зара”, наведвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, выпускалі сценгазеты. Наш 10 “А” быў актыўным, дружным і згуртаваным. Немалаважная заслуга ў гэтым класнага кіраўніка Адама Аляксеевіча Дарошкі, майго бацькі, які выкладаў спевы і музыку, а мая мама Ала Паўлаўна вяла ў нас урокі рускай мовы і літаратуры. Зараз яны, як і я, жывём у Жабінцы. На жаль, па стане здароўя не змаглі прысутнічаць на сустрэчы.
Тое, што наш клас вылучаўся сярод іншых, адзначалі на вечарыне і былыя настаўнікі, якія памятаюць нас вучнямі-пачаткоўцамі і старшакласнікамі.
Мы радыя былі ўбачыць Алімпіяду Дзмітрыеўну Леанавец, Івана Іванавіча Кісяля, Галіну Піліпаўну Вячорка, Васіля Андрэевіча Казачка. На жаль, ужо няма нашай першай настаўніцы Паліны Якаўлеўны Літвінчык, дырэктара школы Георгія Паўлавіча Захарэвіча і Кацярыны Васільеўны Літвінчык, сямейнай педагагічнай пары Рыгора Паўлавіча і Марыі Іванаўны Літвіновічаў, Галіны Пятроўны Шкрэбень і Фёдара Юльянавіча Пешкі. Адышлі ў іншы свет і чацвёра маіх аднакласнікаў – іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.
Спецыяльна для выпускнікоў была зроблена насценгазета. На ёй фотаздымкі нагадалі, якімі вучнямі мы былі. Успомніць школьныя гады дазволіла ўрачыстая частка мерапрыемства, якую падрыхтавалі дзесяцікласнікі разам з класным кіраўніком Нінай Іванаўнай Філюк. Быццам на машыне часу з дапамогай цікавай прэзентацыі мы зноў апынуліся ў класных пакоях, на стадыёне і ў сталоўцы, прайшліся па знаёмых калідорах і з задавальненнем на імгненне зазірнулі ў наша юнацтва. Быў момант і для гульняў, і для вясёлай віктарыны.
З нашага 10 “А” на сустрэчу прыехалі 14 чалавек. Кожны расказаў пра сябе, сваю сям’ю, поспехі і дасягненні. Многія ўжо маюць унукаў. Ганаруся тым, што мае аднакласнікі сталі годнымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці, выбралі прафесію па душы. Так, сярод нас ёсць настаўнікі і медыкі, ветэрынары і фармацэўты, швачкі і повары, бухгалтары і святары, журналісты і супрацоўнікі міліцыі. Мае аднакласнікі пусцілі карані на Брэстчыне, Гродзеншчыне і Міншчыне, а таксама ў Расіі, Італіі і Ізраілі. Хтосьці застаўся верным свайму раёну і малой радзіме – жыве і працуе ў Століне ці Гарадной.
Памяць аб сустрэчы будуць захоўваць шматлікія фотаздымкі. Ад усіх выпускнікоў хачу выказаць праз газету словы ўдзячнасці адміністрацыі школы ў асобе дырэктара Фёдара Мікалаевіча Гміра, настаўнікам і вучням за цёплы прыём.
Алёна ДАРОШКА,
(зараз НІКАНЧУК), выпускніца Гараднянскай
школы 1989 года

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости