13 снежня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў ХХІІ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь-2024».
Конкурс праводзіцца Міністэрствам спорту і турызму сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме. Гісторыя конкурсу пачалася ў 2003 годзе ўсяго з 50 заявак.
А сёлета іх колькасць павялічылася да рэкордных 1 772.
Століншчына не засталася ўбаку. У намінацыі «Музей года» сярод раённых музеяў граматай узнагароджаны Цэнтр драўлянай скульптуры в. Цераблічы. Яго заснавальнікам і кіраўніком з’яўляецца Іван Піліпавіч Супрунчык – майстар сякеры і пэндзля.
Іван Піліпавіч Супрунчык – скульптар і мастак, які стварыў сваю школу разьбы па дрэве. Ён – адзіны майстар, хто выразае ўсе свае скульптуры выключна сякерай. Пра гэтага чалавека і яго майстэрства здымаюць фільмы, пішуць артыкулы. Але толькі калі асабіста зазірнеш у яго добрыя шэра-блакітныя вочы, паглядзіш яго глыбока філасофскія малюнкі, паслухаеш яго гісторыі пра жыццё старадаўняга Палесся, дакранешся рукамі да апрацаванага ім шурпатага дрэва, тады разумееш, наколькі гэты чалавек таленавіты, неабыякавы да гісторыі Палесся, хварэе душой за захаванне нашай гісторыі.
Аднак вядомы Іван Піліпавіч не толькі тым, што стварае скульптуры з дрэва сякерай і піша філасофскія карціны. Яго намаганнямі ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці быў створаны адзін з самых незвычайных музеяў – Музей народнага мастацтва і побыту, дзе за многія гады сабрана больш за паўтары тысячы прадметаў старога вясковага побыту Палесся. У 2001 годзе майстар быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».
У 2009 годзе за вялікі асабісты ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна». У 2014 годзе рашэннем аргкамітэта фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» яму прысвоена званне «Ганаровы паляшук».
А ўсё гэта так, бо АДДАНАСЦЬ РАДЗІМЕ – ГОНАР ДЛЯ ПАЛЕШУКА!
Калі вы яшчэ не былі ў Цэнтры драўлянай скульптуры, то вы не бачылі Століншчыну! Абавязкова наведайце музей, бо гэта патрэбна ўбачыць сваімі вачыма і пачуць асабіста.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара