…мае вучань 8-га класа Сямігосціцкай сярэдняй школы Данііл Акостка.
Ён заўсёды чымсьці заняты, і яго дзень распісаны літаральна па хвілінах. Бо, акрамя ўрокаў, у яго многа захапленняў, якія прыносяць не толькі задавальненне самому Даніілу, але і прызавыя месцы шматлікіх конкурсаў.
Сярод апошніх – перамога на раённым этапе XXVIII рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Калядная зорка», першае месца – на раённым этапе конкурсу «Усе дзеці таленавітыя» ў намінацыі «Жывёльны свет Беларусі», другое месца – на раённым этапе рэспубліканскага дыстанцыйнага конкурсу па інтэр’ерным дызайне і фларыстыцы «Зялёны дом», першае месца – на раённым этапе і трэцяе – на абласным – конкурсу «Духоўная спадчына», для ўдзелу ў якім рабіў макет мемарыяльнага комплексу «Стасіна».
Таксама Данііл прымаў удзел у конкурсе навагодняй цацкі з прыроднага матэрыялу ў стылі «Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі», і за сваю работу «Рысяня-вогнік» атрымаў Дыплом I ступені. Сярод заслуг хлопца – другое месца ў алімпіядзе па працоўным навучанні. І гэта толькі за мінулы год. У чым сакрэт такога поспеху, спытаем у самога Данііла.
– Калі ў цябе з’явілася жаданне займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю?
– Упэўнена скажу, што з самага дзяцінства, бо ў мяне быў прыклад – маці Ніна. За што б яна не ўзялася – атрымліваўся шэдэўр. Мне стала цікава, і зараз ужо маці падглядае ў мяне ідэі (смяецца). Асабліва мне падабаецца працаваць з дрэвам, якое навучыўся выпальваць. Дарэчы, станок для гэтай справы мне падарылі бацькі. Увогуле, я люблю працаваць з прыродным матэрыялам, ствараць не толькі прыгожыя, але і патрэбныя рэчы. У мінулым годзе паспрабаваў самастойна зрабіць крэсла кентукі і хачу яшчэ некалькі.
– А як ты ўсяму навучыўся?
– Зараз гэта не праблема, бо ёсць інтэрнэт, у якім можна знайсці безліч відэаўрокаў, тэхнік і так далей. Тут галоўнае – жаданне, а яно ў мяне ёсць. Зараз зацікавіўся радыётэхнікай, канструкцыяй розных прыбораў. Бацькі спецыяльна набылі для мяне лабараторны блок сілкавання і паяльны набор з мульцімерам, таму ўсе прыборы ў доме, якія былі зламаныя, імкнуся адрамантаваць. Нават бацька здзіўляецца, калі бачыць, як у мяне гэта атрымліваецца (смяецца). Нядаўна захапіўся карцінамі па нумарах. Праўда, займаюся гэтым толькі на выхадных, бо працэс патрабуе шмат часу і канцэнтрацыі. А я люблю даводзіць справу да канца, таму загаддзя выбіраю неабходныя ўмовы.
– Адкуль чэрпаеш ідэі?
– У асноўным прыдумляю сам, бо не люблю капіраваць. Канешне, саму тэхніку выканання вывучаю ў інтэрнэце, асабліва, калі раблю што ўпершыню. А далей ужо сам спраўляюся. Што тычыцца розных прыладаў, то набыць іх не складае цяжкасцяў – для гэтага існуе «Wildberries». Там ёсць усё для творчасці, толькі грошы давай.
– Што яшчэ ты хацеў бы асвоіць?
– Хачу дасканала навучыцца іграць на гітары. Гэта мая наступная мэта, якую я ўжо пакрысе пачаў дасягаць. Набыў гітару, пра якую марыў, і, дзякуючы відэаўрокам, магу выканаць некалькі любімых мелодый. Але, прызнаюся, да ідэалу мне яшчэ далёка.
– У цябе столькі рознабаковых захапленняў. Ты ўжо выбраў, чым бы хацеў займацца прафесіянальна?
– Пакуль аддаю перавагу прафесіі інжынера. Таму ўзмоцнена вывучаю дакладныя навукі, разумею, што без іх нікуды. Зменіцца мой выбар ці не – пакажа час. Бо вакол столькі цікавага, якое хочацца вывучаць!
Яшчэ Данііл – аматар спорту і нават з’яўляецца ўдзельнікам спаборніцтваў па дваровым футболе. А вось тут заслуга бацькі Уладзіміра – настаўніка фізічнага выхавання. Дарэчы, маці таксама настаўніца, працуе педагогам-арганізатарам у школе. Разам яны ўжо трэці год запар удзельнічаюць у сямейным фестывалі «Тата, мама, я – футбольная сям’я» і двойчы прадстаўлялі наш раён на рэспубліканскім этапе ў Мінску. Разам з сям’ёй Данііл часта вандруе па цікавых месцах краіны, вывучае гісторыю роднага краю. Прызнаецца, што кожнае лета чакае чарговае падарожжа.
Жадаем новых поспехаў гэтаму таленавітаму хлопцу і геніяльных ідэй!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара