НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Менавіта такое яно ў Валянціны Сыса – кандытара 5-га разраду ўніверсама «Родны кут» Альшанскага філіяла Столінскага раённага спажыўтаварыства. 

Амаль 36 гадоў яна ўдыхае водар хлеба і за сваю прафесійную дзейнасць выпекла не адну сотню боханаў хлеба, тысячы булачак, дзясяткі тартоў і іншых салодкіх прысмакаў.

Цікава, што Валянціна выбрала сваю прафесію па… парадзе сяброўкі. Тая якраз паступала ў Баранавіцкае тэхналагічнае прафесійнае вучылішча Белкаапсаюза. І пра тое, што тады паслухала яе, жанчына ніколі не пашкадавала.

Пасля заканчэння вучобы ў 1984 го-дзе яе накіравалі ў родны раён. Першым рабочым месцам стала Давыд-Гарадоцкае кафэ «Палессе». Адтуль Валянціну, тады яшчэ з дзявочым прозвішчам Сляпцова, перавялі ў родныя Альшаны ў кафэ «Каласок», дзе яна ўзначаліла кандытарскі цэх. Даверылі, бо бачылі, наколькі заўзята дзяўчына ўзялася за сваю справу. Звыклая быць першай ва ўсім, кандытар імкнулася і прадукцыю свайго цэха зрабіць самай лепшай. Падтрымаў у гэтым імкненні калектыў, і праз некаторы час па булачкі і хлеб у кафэ «Каласок» прыязджалі не толькі з Альшан, а і суседніх вёсак.

Самая першая ўзнагарода Валянціны Анатольеўны датуецца 20-ым сакавіка 1987 года, калі яна заняла першае месца ў раённым конкурсе «Лепшы па прафесіі». За актыўны ўдзел і творчае стаўленне да работы атрымала дыплом, падпісаны тагачасным старшынёй праўлення Столінскага райспажыўсаюза Рыгорам Гоманам. Ашчадна захоўвае сваю ўзнагароду жанчына і ўспамінае, што вельмі хвалявалася тады. Але разам з тым яна была ўпэўнена ў сваіх сілах, бо зрабіла ўсё, што ад яе залежыць. Літаральна з маладога ўзросту дзяўчына зарэкамендавала сябе як высакакласны спецыяліст, і нават больш вопытныя калегі звярталіся да яе па парады.

Пакуль працавала ў «Каласку», кандытар атрымала многа ўзнагарод, сярод якіх грамата за актыўную і плённую работу, вялікі асабісты ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі раёна. А апошнюю Ганаровую грамату атрымала ў 2017 годзе за шматгадовую добрасумленную работу, вялікі асабісты ўклад у развіццё спажывецкай кааперацыі вобласці і ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя ўтварэння Белкаапсаюза і Днём кааперацыі.

Але самая галоўная ўзнагарода для Валянціны Анатольеўны – гэта давер і выбар пакупнікоў, якія прыходзяць у «Родны кут». Зараз тут выпякаюць 13-14 відаў мучной прадукцыі. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца здоба «Сюрпрыз», булачкі са згушчоным малаком «Віцьба», здобы «Кураж», «Шокко», пірог з макам, рулет «Макавая спакуса», а таксама хлеб «Сваяк», «Польскі». Цеснае супрацоўніцтва наладжана з кампаніяй «Барса», якая больш за 20 гадоў працуе ў сферы хлебапякарнай і кандытарскай вытворчасці і спецыялізуецца на пастаўцы прафесійнага абсталявання і сыравіны для вытворчасці. А таксама супрацоўнічаюць з кампаніяй «Модекор Бел», якая займаецца аптовымі пастаўкамі сыравіны, упрыгожванняў і кампанентаў для вырабу кандытарскай і хлебабулачнай прадукцыі.

У цэху працуюць кандытары Валянціна Акостка, Марыя Казак, Паліна Крупкевіч, а зараз прыйшла малады спецыяліст Крысціна Дарошка. Усіх без выключэння хваліць мая суразмоўца. Яна ўпэўнена, што самае галоўнае – гэта зладжаны калектыў, які працуе сумленна і аддана. Нават зараз, калі ў цэху вельмі горача.

А летам у Альшанах пачынаецца «агурочны сезон», таму і выпечкі прадаецца прыкладна на трэцюю частку больш, чым у зімовы перыяд. Валянціна Анатольеўна расказвае, што давялося пахвалявацца, калі ў аграгарадку адчыніўся магазін «Санта». Ён стаў канкурэнтам, паколькі таксама выпякаў хлеб і іншыя мучныя вырабы. Але пастаянныя пакупнікі засталіся, і зараз нават бывае чарга зранку за свежымі і духмянымі булачкамі.

Валянціна Анатольеўна мае мужа і сына Івана, які пакуль нежанаты і дапамагае па гаспадарцы. Жанчына ўпэўнена, што галоўнае ў жыцці – цярпенне. Яна ніколі не прымала рашэнняў з гарачкі, а заўсёды давала сабе час падумаць і астыць. Сама заўсёды пазітыўная, нягледзячы на тое, што праблем, як і ў любога чалавека, хапае. Але заўсёды спадзяецца на лепшае і іншым жадае ніколі не губляць веры. У нядзелю наведвае Дом малітвы, а любімым заняткам называе чытанне, у тым ліку раённай газеты «Навіны Палесся».

– Ніколі не забываю выпісаць раёнку. Бывае, прыйду стомленая, напрацуюся і дома, але пакуль не пачытаю свежы нумар, не кладуся спаць, – кажа жанчына.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

 

Оставить комментарий

Похожие новости